• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Аляксандр Класкоўскі: Спрэчкі пра Дарэнку. Не трэба займацца эстэтызацыяй зла!

    Сергей Доренко

    У адказ на заявы, што Дарэнка быў не журналістам, а цынічным прапагандыстам, тэлекілерам, хтосьці зазначаў: а дзе вы бачылі сапраўдную журналістыку, яе даўно няма! Іншы ўдзельнік дыскусіі “дасціпна” згадваў у гэтым кантэксце “другую найстаражытнейшую”.

    І паколькі тут ужо спрэчка пра рамяство, то ўстаўлю свае тры грашы.

    І зноў пра “другую найстаражытнейшую”

    Хтосьці ў гэтым халівары зазначыў: усіх журналістаў так ці іначай арандуюць. Моцна сказана! Але давайце разбярэмся.

    Сапраўды, нават фрылансер мусіць падпарадкоўвацца патрабаванням таго выдання, якому прапануе свой твор. Штатны журналіст абавязаны трымацца рэдакцыйнай палітыкі, выконваць заданні рэдактараў. Поўнай свабоды ў журналіста, безумоўна, няма.

    Але ці падстава гэта, каб называць журналістыку “другой найстаражытнейшай”? Вы сапраўды не разумееце, што гэта абраза?

    Гэта тое самае, што прадпрымальніка апрыёры называць махляром, спекулянтам, крывапіўцам. Ён жа дзеля прыбытку працуе, значыць — нічога святога. Ну, а той, хто лепіць ярлыкі, мусіць, жыве святым духам і мае на лапатках акуратныя белыя крылцы.

    А цяпер па сутнасці. Па-першае, журналістыка — адносна маладое рамяство. Першыя газеты з’явіліся ў ХVII стагоддзі, калі даўно ўжо квітнелі хлусы ды прадажныя шкуры ў многіх іншых, значна болей старажытных прафесіях.

    Па-другое, калі журналіст трымаецца рэдакцыйнай палітыкі, выконвае заданні рэдактара, гэта не азначае апрыёры, што журналіст прадажны.

    У шмат якіх выпадках ён — цалкам у гармоніі з рэдакцыйнай палітыкай. Ён і выбірае канкрэтную рэдакцыю менавіта таму, што яе лінія даспадобы, дае магчымасць раскрыцца.

    На выпадак жа, калі ўзнікае калізія, ёсць этычныя кодэксы і права адмовіцца ад задання, што не адпавядае тваім прынцыпам.

    Мне скажуць: ну-ну, ідэаліст які знайшоўся! Паспрабуй адмоўся — вылеціш са свістам.

    Гэта цалкам імаверна. Але вось у такіх калізіях акурат і выяўляецца, хто ты — журналіст са сваім маральным стрыжнем ці цынічны найміт.

    У беларускіх умовах ужо сам сыход у недзяржаўныя медыі, на маю думку, ёсць маральным выбарам.

    Так, самі гэтыя медыі вельмі розныя, але па вялікім рахунку яны даюць непараўнальна большую ступень унутранай свабоды.

     

    Ад рамантызму да цынізму

    Давайце высветлім і яшчэ адзін прынцыповы момант. Некаторыя зазначаюць: калі ты суб’ектыўны, выказваеш сваю пазіцыю, то ты ўжо не журналіст. Гэта не так. Журналістыка розная. Здаўна яна дзеліцца на журналістыку фактаў і журналістыку меркаванняў.

    Але пры гэтым, зноў жа, застаюцца этычныя межы. Так, і этыка — рэч рухомая, ёсць дыскусійныя моманты. Аднак па вялікім рахунку просты ўнутраны камертон падказвае: вось гэта ўжо відавочна не камільфо. Не па-людску.

    Падкрэслю і такі момант: журналіст можа перажываць унутраную эвалюцыю і мяняць погляды. Маё журналісцкае пакаленне, прайшоўшы праз гарбачоўскую перабудову, увогуле перажыло злом светапогляду.

    Зрэшты, хтосьці як быў рупарам начальства, так і застаўся. Але ў многіх адбылася пакутлівая ўнутраная ломка. На нас абрынулася лавіна раней недаступнай інфармацыі пра бальшавізм увогуле і сталінізм у прыватнасці, мы асэнсавалі ўсю ступень злачыннасці таталітарнай сістэмы, у тым ліку імперскай русіфікацыі. Палітыка галоснасці дала магчымасць пісаць пра тое, што раней было ідэалагічным табу. Так нараджалася журналістыка, якую назвалі перабудовачнай, дэмакратычнай.

    Яны была шмат у чым наіўнай, занадта эмацыйнай. Але была шчырай. У ёй не было цынізму.

    На жаль, цэлы шэраг расійскіх медыйных зорак прайшлі прыкладна такую сумную эвалюцыю: рамантызм дэмакратычнай журналістыкі канца 80‑х — пачатку 90‑х, потым — добра аплочанае мачылава на замову алігархаў і нарэшце — поўная адмарожанасць ландскнехтаў інфармацыйнай вайны ў міжнародным маштабе.

    Тое, чым яны ў выніку сталі займацца, — гэта, кажучы строгай тэрміналогіяй, прапаганда імперскіх поглядаў мовай варожасці. І журналістыкай там ужо не патыхае — патыхае гніллю і крывёю.

     

    “Здавалася б, пры чым тут Лужкоў?”

    Да Яўгена Прымакова, Юрыя Лужкова ды некаторых іншых персанажаў, якіх Дарэнка мачыў пры канцы 90‑х, расчышчаючы дарогу да перамогі на выбарах Уладзіміру Пуціну, асабіста ў мяне не было сімпатый. Але сам працэс — метадычнае знішчэнне палітычных канкурэнтаў у інтарэсах Крамля на замову магутнага на той час алігарха Барыса Беразоўскага — выклікаў агіду.

    Ні Прымакоў, ні Лужкоў не былі анёламі, але супраць іх запрацаваў канвеер, як сказалі б цяпер, фэйкаў. Кансерватыўнага прасавецкага Прымакова Дарэнка ўмудрыўся намаляваць марыянеткай НАТО. Красамоўна распавядаў на ўсю краіну падрабязнасці яго хірургічнай аперацыі з падтэкстам: няўжо можна даверыць краіну старому калеку? Прымакоў, дарэчы, дажыў да 2015 года. А тады, у 1999‑м, яму была прыпісана яшчэ і спроба… забіць тагачаснага прэзідэнта Грузіі Эдуарда Шэварднадзе.

    Ну, а выраз “Здавалася б, пры чым тут Лужкоў?” стаў мемам. Ён гучаў, калі нейкі закід прышываўся зусім ужо грубымі белымі ніткамі. Карацей, у вуснах Дарэнкі гэта была не крытыка, гэта было руйнаванне рэпутацый прыёмамі, амаральнасць якіх зашкальвала. Тады і замацавалася за ім мянушка “тэлекілер”.

    У 2014‑м жа ён набыў другое дыханне.“Нам нужен Киев, а не Луганск”, — без эківокаў абвяшчаў Дарэнка. Абразы ж на адрас цэлага суседняга народа я тут пераказваць не буду.

    “Эпитеты из ряда “сложный и неоднозначный” — неловкая и лишняя в случае с Доренко попытка эвфемизма: сложные и неоднозначные мы тут все, — напісаў у фэйсбуку расійскі публіцыст і сатырык Віктар Шандаровіч. Но не все выволакивали в федеральный эфир чужие медицинские тайны, не все разжигали национальную рознь и славили войны, не все глумились над мертвыми. Не все превращали журналистику в политические руины и гордились этим”.

    А цяпер вернемся ў нашы палесціны. Згадайма, як некаторыя “таленты” з тутэйшых казённых СМІ пазалетась малявалі страшнымі злачынцамі фігурантаў справы “Белага легіёна” — справы, што ў выніку развалілася. Згадайма, як выціралі ногі аб тых, хто трапіў пад замес у высмактанай з пальца “справе БелТА”.

    Пастаўце сябе на месца тых, каго палівалі брудам. Хіба не ўсё адно, наколькі таленавіта, з якімі мадуляцыямі голасу лілі бруд аўтары пасквіляў, калі гэта ў прынцыпе па-за межамі прафесійнай этыкі ды элементарнай прыстойнасці? Зрэшты, вытанчаны паклёп — гэта, бадай, яшчэ горай.

    Няма ідэальных, бязгрэшных журналістаў, як і ўвогуле бязгрэшных людзей. Але адзін адчувае сорам за памылкі ці кампрамісы з сумленнем (што азначае як мінімум наяўнасць сумлення) і стараецца ўдасканаліць сябе. А вось іншы — нават казырае сваім цынізмам, поўнай адсутнасцю сумлення, гатоўнасцю за грошы таленавіта замачыць у эфіры, на паласе ці сайце любога, на каго пакажа гаспадар.

    Гэта, калі хочаце, такое паняцце аб прафесіяналізме. Толькі прафесія фактычна ўжо іншая.

     

    Яны гатовы руйнаваць і нашу незалежнасць

    Зрэшты, і я аддам належнае: расійская прапаганда прадэманстравала шалёную моц у вайне супраць Украіны. Здолела адурманіць “крымнашызмам” дзясяткі мільёнаў суайчыннікаў ды і ладную частку беларусаў.

    Але асабіста я не магу захапляцца д’ябальскім талентам тых, на кім у выніку — людская кроў. І тут ужо не істотна, толькі за грошы распальваў нянавісць той прапагандыст ці ён шчыры імперац і рабіў усё ад душы.

    І вось што важна яшчэ разумець. Учора тыя людзі даводзілі, што Украіна — гэта гістарычнае непаразуменне, заўтра, калі будзе адмашка, яны пачнуць (а хто-кольвек ужо цяпер спрабуе) гэтаксама руйнаваць нашу незалежнасць.

    Будуць казаць: нам патрэбны не толькі Магілёў і Віцебск, але і Мінск з Гародняй. Магчыма, хтосьці будзе гаварыць пра гэта сапраўды натхнёна, добра пастаўленым барытонам. Будзе спрытна пудрыць мазгі, па-майстэрску ўзнімаць градус варожасці. Будзе наклікаць бяду на нашу зямлю, нашых дзяцей.

    Я не гатовы штучна аддзяляць нейкі абстрактны талент ад месэджаў, якія ён нясе. Не гатовы захапляцца тэмпераментам, тэмбрам голасу, калі гэта голас зла, разбурэння, вайны.

    Спрэчка, справакаваная смерцю Дарэнкі, — гэта па сутнасці спрэчка пра мараль нашай прафесіі. Захапляцца (хай сабе і з агаворкамі) таленавітым медыйным кілерам, песняром імперскай экспансіі азначае дэ-факта скочвацца ў эстэтызацыю зла, перакрэсліваць нашу прафесійную мараль.

    Вы як хочаце, а я не згодны.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці