Аляксандр Івулін: «Гісторыі, якія са мной адбываюцца, прымушаюць верыць у беларусаў»
Журналіст і спартсмен Аляксандр Івулін упэўнены, што найлепшыя якасці беларусаў нікуды не падзеліся і яшчэ праявяцца ў будучыні.
Журналіст і блогер Аляксандр Івулін знаходзіўся за кратамі 1 год 8 месяцаў і 14 дзён за «арганізацыю дзеянняў, якія парушаюць грамадскі парадак». Праваабаронцы прызналі Івуліна палітвязнем. Пасля выхаду на волю ў лютым 2023-га ён з’ехаў з Беларусі, жыве ў Варшаве, працягвае развіваць YouTube-канал «ЧестнОК», на якім цяпер расказвае не толькі пра спорт.
Фільм Івуліна «Разарваная Беларусь» — пра тых, «хто вымушана з’ехаў з краіны, але гатовы вярнуцца назад пры першай магчымасці» — стаў найлепшым відэа 2023 года ў беларускім сегменце YouTube. Ці лёгка вярнуцца да нармальнага жыцця пасля турмы? Як святкуюць Новы год за кратамі? І чаму Аляксандр Івулін працягвае верыць у беларусаў? На гэтыя і іншыя пытанні журналіст адказаў у інтэрв’ю «Deutsche Welle».
— Ці ўдалося аднавіцца пасля зняволення?
— Сваё жыццё ў калоніі я стараўся максімальна чымсьці заняць, але калі ты выходзіш, дні вельмі хутка ляцяць, адчуванне, што ты не ўсё паспяваеш. Трохі хацелася б, каб запаволіўся (час. — Заўв. рэд.), выдыхнуць. Але пры гэтым усё класна.
— Што табе дапамагае пасля турмы?
— Праца, сябры, падарожжы, нейкія эмоцыі. Я проста не ўяўляю сябе без працы, я і так два гады страціў і хачу як мага хутчэй нешта нагнаць. Было разуменне, што і як рабіць. Усіх маіх герояў я вельмі паважаю, зараджаюся нейкай мудрасцю, досведам, сілай, у іх ёсць чаму павучыцца. Я шмат аддаю на здымках, але пры гэтым і шмат атрымліваю.
«Я быў упэўнены, што 2023-ці для мяне будзе крутым годам»
— Былыя палітвязні кажуць, што навагоднія святы — самы складаны час за кратамі.
— Мне здаецца, усё залежыць ад чалавека. Зразумела, тое, што адбываецца, не дадае пазітыву, але як і чалавекам трэба заставацца ўнутры, так і свабода ўнутры цябе. Самае галоўнае — як ты гэта адчуваеш, ці памятаюць пра цябе, ці падтрымліваюць цябе. У мяне ёсць навагодняя традыцыя: кожны год самым блізкім сябрам я пішу лісты. Не паверыш, у мяне была магчымасць, я з СІЗА ўсё роўна неяк перадаў хлопцам навагоднія віншаванні. Кажуць, яны ўсе чыталі і плакалі.
Новы год на «Валадарцы» — гісторыя, якая застанецца ў памяці. Увечары сабралі, хто чым багаты (мандарыны, цукеркі), чай папілі, павіншавалі адно аднаго з надыходзячым Новым годам. Такая вось камерная атмасфера ў камеры. А дзясятай гадзіне леглі спаць, я і сабе напісаў ліст, які калі-небудзь перачытаю.
У 23:34 былі чутны салюты, нейкія хлопцы вырашылі павіншаваць нас каля «Валадаркі».
На «зоне» трохі іншая атмасфера, людзі там сядзяць доўга, няма нейкага яднання. З кімсьці на два-тры чалавекі вы робіце торт. Паелі ў навагоднюю ноч — і ўсё. Па-мойму, можна было легчы спаць у гадзіну ці ў дзве, пад’ём а восьмай раніцы, і не было зарадкі — што дазваляе табе адміністрацыя ў гонар Новага года. Я зноў сабе напісаў ліст, было важна зафіксаваць настрой, атмасферу. Я быў упэўнены, што 2023-ці для мяне будзе крутым годам, было добрае прадчуванне, так яно і выйшла.
«Гісторыі, якія са мной адбываюцца, прымушаюць верыць у беларусаў»
— Ты выйшаў на волю, многае зрабіў у прафесійным сэнсе, у тым ліку запусціў уласны вялікі праект. Што яшчэ добрага і важнага здарылася ў цябе ў 2023 годзе?
— Я вельмі рады быў усіх убачыць: бацькоў, сяброў. Я меркаваў, што шмат людзей мяне чакаюць, шмат людзей мяне падтрымлівалі, але я не ўяўляў маштабаў. Гэта ўсё было вельмі крута. Зразумела, шмат што змянілася ў параўнанні з 2021 годам, калі мяне затрымалі.
Для мяне важна было зразумець, што адбываецца, куды мы ідзём і куды я рухаюся ў прафесійным плане. Мне вельмі хочацца зрабіць нешта значнае і карыснае для беларусаў, неабавязкова зацыклівацца на спорце.
Цяпер такі час, калі доўга нічога не адбываецца, гэта цяжка для людзей. Незразумела, чаго яны хочуць, пра што ім расказваць. Цяпер вельмі важна знайсці нейкі нерв, патрапіць у яго. Мой вялікі фільм «Разарваная Беларусь» … Я разумею, што можна было зрабіць яшчэ круцей, але цяпер у YouTube людзі прагаласавалі за «Відэа года» (фільм Івуліна перамог у гэтым галасаванні. — Заўв. рэд.), мне гэта дадало матывацыі.
У прафесійным плане ёсць куды расці, але было вельмі прыемна, што людзі так рэагуюць, падтрымліваюць. Я не вельмі разумею, як так адбываецца, што шмат класных людзей гатовы мне дапамагаць, уключацца ў нейкія праблемы. Я цяпер публікую ў Instagram шмат гісторый, якія са мной адбываюцца і прымушаюць верыць у Беларусь і беларусаў, што добрых людзей усё-ткі больш.
«Хачу, каб людзі рабілі сябе шчаслівымі»
— Ці змяніліся беларусы за той час, пакуль ты быў у зняволенні?
— Мне здаецца, што многія беларусы стаміліся, таму што ўвесь час жыць ва ўмовах кашмару і захоўваць сябе досыць складана. У гэтым плане, мне здаецца, і спрацаваў гэты фільм — пра надзею, пра тое, што многія беларусы хочуць усё-ткі вярнуцца дадому, як толькі ў іх з’явіцца такая магчымасць. Я — у тым ліку. Пры гэтым найлепшыя якасці беларусаў нікуды не дзеліся, усе гэтыя гісторыі пра салідарнасць, узаемадапамогу.
У маёй добрай сяброўкі сур’ёзныя праблемы са здароўем. Людзі дапамагаюць, кансультуюць, шукаюць лекараў. Прычым людзі, якія яе нават не ведаюць. Гісторыя фантастычная.
Салідарнасць, пра якую я казаў, нікуды не дзелася, а што тычыцца стомленасці, то гэта нармальна, калі людзі стамляюцца. Ты не можаш пастаянна бегчы марафон і адчуваць сябе гэтак жа, як на першых пяці кіламетрах.
— Як беларусам дадаць у сваё жыццё пазітыву?
— Слова «пазітыў» да мяне прыліпла. Калі з’язджаеш на этап з «Валадаркі», а потым вызваляешся з калоніі, ёсць традыцыя частаваць усіх гарбатай. Вы п’яце, а пра цябе нешта добрае кажуць. Мне надакучыла слухаць слова «пазітыўны»! Гэта я ўсё з іроніяй кажу, вядома, але тут гісторыя пра тое, што я, напэўна, заўсёды такім быў.
Вельмі лёгка заўважаць дрэннае, многія канцэнтруюцца на нейкіх негатыўных рэчах. Я цяпер гавару, як нейкі коўч (смяецца), але кожны дзень з намі здараецца шмат дробных пазітыўных рэчаў, трэба проста іх заўважаць. Ты выходзіш. У той жа калоніі — сонейка, кветачкі расцвілі, ваў!
Музыку можна любімую паслухаць. Ялінку паставіў — проста лепш стала. Тут на 100% усё залежыць ад чалавека і яго настрою: запраграмуеш сябе на роспач — будзеш маркотным; захочаш нешта рабіць — будзе ўсё добра. Мне б вельмі хацелася, каб людзі рабілі ўсё, што ад іх залежыць, і рабілі сябе шчаслівымі проста цяпер. Нягледзячы ні на што.
Чытайце яшчэ:
Шмат відэапраектаў, новыя сайты і інтэрнэт-кнігарня. Якія медыйныя праекты з’явіліся ў беларускай інфапрасторы ў другой палове 2023-га
Былая рэдактарка «Новага Часу» Аксана Колб: Лічу свой ад’езд здрадаю, і гэта перашкаджае нармальна жыць
Больш за 2300 паштовак са словамі падтрымкі: у Польшчы ладзяць акцыю салідарнасці з Анджэем Пачобутам