Аляксандр Буракоў накіраваў скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН
Магілёўскі журналіст Аляксандр Буракоў 28 чэрвеня накіраваў індывідуальную скаргу ў Камітэт па правах чалавека (КПЧ) ААН.
Буракоў просіць КПЧ прызнаць факт парушэння з боку Рэспублікі Беларусь яго правоў, гарантаваных артыкулам 19 у сукупнасці з п.2 і п.3 артыкула 2 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.
Таксама журналіст звяртаецца ў КПЧ з просьбай рэкамендаваць Ураду Рэспублікі Беларусь прывесці нормы нацыянальнага Закона “Аб сродках масавай інфармацыі” і практыку яго прымянення ў адпаведнасць з міжнароднымі абавязкамі, а менавіта – з артыкулам 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.
Аляксандр Буракоў звярнуўся ў КПЧ пасля праходжання ўсіх судовых інстанцый у Беларусі ў спробах абскрдзіць свой штраф. 8 кастрычніка 2014 г. суддзя Ленінскага раённага суда г. Магілёва Алена Волкава пакарала яго штрафам у памеры 40 базавых велічынь (6 мільёнаў рублёў). Суд прызнаў журналіста вінаватым у парушэнні ч. 2 арт. 22.9 КаАП РБ – незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ.
Падставай для пакарання паслужыў размешчаны на сайце DW.de 25 жніўня 2014 года артыкул “Тропой контрабандиста: работают ли российские санкции в приграничье?” за подпісам Аляксандра Буракова.
Журналіст перакананы, што пры справядлівым і неперадузятым разглядзе штраф быў бы даўно адменены.
Нагадаем, што 16 верасня 2014 г. у прыватнай кватэры Аляксандра Буракова з санкцыі пракурора г. Магілёва супрацоўнікі Ленінскага РАУС правялі “агляд месца адміністрацыйнага правапарушэння”. Падставай для яго правядзення стала з’яўленне ў ліпені-жніўні 2014 г. на інтэрнэт-сайце DW.DE (“Нямецкая хваля”) трох матэрыялаў за подпісам Аляксандра Буракова. У выніку ператрусу, які фіксаваўся на відэакамеру, з кватэры забралі два ноўтбукі і дзве флэшкі. Пазней у той жа дзень на той жа падставе правялі ператрус у кватэры бацькоў журналіста, у часе якога забралі сістэмныя блокі двух камп’ютараў. У канцы сакавіка тэхніку вярнулі ў няспраўным стане.