Аляксандр Баразенка выйшаў на свабоду з Акрэсціна (фота, відэа)
У нядзелю з Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў выйшаў на свабоду журналіст “Белсата” Аляксандр Баразенка. Аператар тэлеканала быў затрыманы падчас асвятлення акцыі 25 сакавіка і абвінавачаны ў дробным хуліганстве, якое ён відавочна не здзяйсняў.
Аляксандра Баразенку прыйшло сустракаць шмат журналістаў, яны дзеляцца думкамі пра ўмовы працы ў краіне. Глядзіце відэа анлайн-трансляцыі!
Журналісцкая супольнасць расцаніла арышт, вызначаны суддзёй Таццянай Мотыль, як звядзенне ўладай рахункаў з тэлеканалам, які цягам сакавіка вёў папулярныя анлайн-трансляцыі пратэстаў у розных гарадах Беларусі. Сведкамі ў справе выступалі супрацоўнікі мінскага АМАП Міхаіл Варывончык і Арцём Міхалевіч. У знак пратэсту супраць надуманага абвінавачання Аляксандр Баразенка аб’явіў галадоўку. Ён адмаўляўся ад ежы 13 дзён.
Падчас арышту Баразенку выклікалі для следчых дзеянняў. Яму прывезлі пакунак з ягонымі рэчамі — відэатэхнікай, на абсталяванні былі наклееныя лагатыпы «Белсата». Гэтую тэхніку, паводле пратакола выняцця, забралі.
Паводле слоў Аляксандра, гэта моцна паўплывала на яго фізічны і эмацыйны стан, давялося нават выклікаць хуткую. Пасля чаго ён спыніў галадоўку.
«Мяне пазбавілі магчымасці працаваць», — падкрэсліў Аляксандр Баразенка.
За ўвесь час Аляксандр Баразенка атрымаў толькі адну тэлеграму, хаця яму шмат пісалі сябры і калегі. Карэспандэнцыю проста не аддавалі.
Вызвалілі журналіста сёння а 15:10.
БАЖ вёў прамую відэатрансляцыю сустрэчы.