• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Алена Ляшкевіч: Немагчыма адзін дзень пісаць пра палітыку, а наступны – пра традыцыйную культуру

    Алена пераехала ў Мінск з Магілёва яшчэ школьніцай. Пасля Ліцэя БДУ скончыла гістарычны факультэт аднайменнага ўніверсітэта, пачала працаваць у Музеі народнай архітэктуры і побыту. Сёння Алена апынулася ў газеце “Культура”, асвятляючы падзеі, звязаныя з беларускімі традыцыямі.

    – Пасля музею я працавала Мінскім абласным цэнтры народнай творчасці і вырашыла інфармаваць пра тутэйшыя мерапрыемствы профільныя культурніцкія выданні. Пісала спачатку нататкі, а потым – паўнавартасныя артыкулы ў розныя выданні, на сайт “Жывая спадчына Беларусі”.

    У 2014 годзе я вырашыла ўдасканальвацца ў журналісцкім рамястве і запісалася на курсы спачатку Беларускага калегіума, а потым – ГА “БАЖ”.

    У журналістыку я ішла менавіта дзеля таго, каб тэма беларускай традыцыйнай культуры гучала ў медыя. Журналіст павінен быць спецыялістам у той сферы, пра якую піша. Немагчыма сёння пісаць пра палітыку, заўтра – пра дзіцячыя дамы, а паслязаўтра – пра традыцыйную культуру. Так журналіст проста не зможа прафесійна разабрацца ў той ці іншай з’яве.

    Зараз я таксама спрабую рабіць якасныя фотаздымкі для сваіх матэрыялаў. Бо журналісту, які працуе з такімі тэмамі, варта зразумець: у тую вёску пасля цябе, можа, наогул ніводзін чалавек ужо і не прыедзе з фотаапаратам.

    Я пішу ў асноўным пра аўтэнтычную культуру, традыцыі, захаванне іх у горадзе, у вёсцы.

    – Ваша хобі накладае нейкі адбітак на стыль жыцця, адзначэнне святаў?

    – Людзі адзначаюць традыцыйныя святы звычайна дома. Калі гэта людзі сямейныя, – напрыклад, беларускамоўная сям’я з нашай супольнасці – яны зробяць сабе паўнавартаснае свята. Калі я жыву адна, то магу, напрыклад, зварыць адну куццю, паставіць яшчэ пару страў нейкіх, і такім чынам вось адзначыць Каляды…

    Таксама ў нашым асяроддзі дзяўчаты звычайна носяць элементы традыцыйнага строю. Цікавы матэрыял, дарэчы, неяк рабіла мая калега-журналістка Хрысціна Марчук – яна пісала пра тое, як сучасная жанчына пачуваецца ў традыцыйным адзенні, як пасуе андарак (спадніца з традыцыйнага строю) да вопраткі розных модных брэндаў.

    – А Вы ж часта носіце традыцыйную вопратку?

    – Поўны строй апранаю звычайна на святы, а нейкія элементы традыцыйнага адзення можна насіць хоць кожны дзень.

    – Як калегі-журналісты рэагуюць на Ваша захапленне?

    – Трэба сказаць, што ў маім культурніцкім асяроддзі калегі вельмі добра да ўсяго такога ставяцца. У нашым выданні за кожным замацаваны нейкі накірунак: хтосьці за жывапіс, хтосьці за тэатр адказвае… Усе накірункі важныя.

    Таму я не лічу, што гэта нейкае “паданне даўно мінулых дзён” – для мяне гэта жывая з’ява. Я кожны дзень кантактую з вялікай колькасцю сяброў “Студэнцкага этнаграфічнага таварыства”, ёсць суполкі ў іншых рэгіёнах, людзі збіраюцца, спяваюць, танчаць, робяць сабе традыцыйныя строі…

    – Як думаеце, традыцыйная культура можа сёння захапіць шырэйшае кола людзей?

    – У савецкі час была свая хваля цікавасці да гэтай тэмы, хваля фалькларызму. Сёння з’явілася новая моладзевая хваля аднаўлення элементаў традыцыйнай культуры ў горадзе. Чым больш гэта тэма гучыць у медыя, тым больш людзі цікавяцца ёй.

    Што ж да моды на вышымайкі і падобную прадукцыю – не ўсім навукоўцам падабаюцца пэўныя рэчы. Людзям, добра знаёмым з традыцыйнай культурай, не вельмі падабаецца выдзернуты з канктэксту арнамент, налеплены на кубак. Хоць гэты арнамент традыцыйна насілі на вопратцы, напрыклад. Альбо калі ўзоры “мужчынскага тыпу” ўзялі і размясцілі на жаночай кашулі. У такім выпадку паўстае пытанне пра якасць прадукту.

    Але хай гэта будзе хоць так, чым зусім ніяк. Няхай культура такім чынам пра сябе заяўляе шырокаму грамадству. Нават зараз у самых нечаканых месцах часам сустрэнеш чалавека ў вышымайцы. Калі чалавек хоча пазначыць сябе беларусам – гэта выдатна!

    Фоты «Радыё Свабода», Канстанціна Міхалевіча і Уладзіміра Ляшкевіча

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці