Алена Касцючэнка: У гэтай вайне вялікая частка нашай адказнасці, нашай цярпімасці да гвалту. Расія прасякнута гвалтам
Алена Касцючэнка — адна з нямногіх расійскіх журналістак, якая працавала на вайне ва Украіне. Яна была там больш за месяц, пісала для «Новай газеты», якая цяпер прыпыніла дзейнасць. У рэжыме ваеннай цэнзуры яе рэпартажы выходзілі з цэнзурнымі дзіркамі, ад чаго рабіліся яшчэ больш вусцішнымі. Пра сваю працу на вайне, пра будучае вяртанне ў Расію і пра перспектыву апынуцца ў турме па новым законе РФ за дыскрэдытацыю ўзброеных сіл, Алена Касцючэнка расказала ютуб-каналу «Вся такая Монгайт». Прыводзім вытрымкі.
Пра важнасць размоваў
— Ты апісвала сітуацыю ў Херсоне, і ў тваім рэпартажы спачатку гэта выглядала як жахлівая, але агулам спакойная сітуацыя. І было нейкае адчуванне адноснай нармальнасці. А потым і мітынгі ў Херсоне разганялі святлошумавымі гранатамі, і былі Буча ды Ірпень. Ты разумееш, як пераходзіць гэты рэжым спакою ў поўнае пекла, як здараецца гэты зрыў.
— Я проста разумею, што калі яны [расійскія салдаты] знаходзіліся ў Херсоне — гэта не тое ж самае, калі яны знаходзіліся ў Бучы ды Ірпені. Херсон яны ўзялі, там было вельмі шмат загінулых, але ўсё роўна расійскія войскі занялі яго даволі лёгка, і гэта абласны цэнтр.
Буча ды Ірпень — гэта прадмесці Кіева. Тыя вайскоўцы ішлі на Кіеў, і ў іх не атрымалася ўзяць Кіеў. Таму, вядома, яны былі раззлаваныя і адчувалі зусім іншыя эмоцыі.
Але як можна расстрэльваць людзей са звязанымі рукамі за спінай і гвалтаваць жанчын, я не магу сабе гэта ўявіць. Мне б вельмі хацелася пагаварыць з расійскімі вайскоўцамі, якія ўдзельнічаюць у вайне ва Украіне, але ў мяне не было такой магчымасці.
— А ты ў прынцыпе можаш сабе ўявіць такую размову з расійскімі вайскоўцамі, якія былі ў Бучы?
— Так, вядома.
Я за сваю працу шмат з кім размаўляла. Я і з забойцамі размаўляла, і з гвалтаўнікамі. Гэта складана, але гэта не немагчыма.
Большасць людзей лічаць, што яны добрыя, яны адчуваюць сябе добрымі, адчуваюць, што маюць рацыю. І я б хацела зразумець, у чым іх «харошасць» і рацыя, што яны думаюць і адчуваюць пра гэтую вайну.
Мне здаецца, гэта была б вельмі важная размова і было б важна, каб гэтыя людзі не перасталі быць злом без аблічча. Мы бачым іх дзеянні, мы бачым, што яны робяць, як яны робяць, але мы не ведаем, хто яны. І мне здаецца, гэта быў бы важны адказ для ўсяго расійскага грамадства.
Таму што я ўжо цяпер бачу ў інтэрнэце ад розных прадстаўнікоў інтэлігенцыі развагі, што гэта нейкая іншая парода людзей.
Але я не думаю, што гэта іншая парода людзей. Гэта нашы сваякі, гэта нашы суседзі, якія робяць вось такое. І я хачу ўбачыць іх у твар і даведацца, што яны рабілі, як яны рабілі і чаму.
Пра сістэму гвалту
— Я думаю, у гэтай вайне вялікая частка нашай адказнасці, нашай цярпімасці да гвалту. Расія прасякнутая гвалтам. Мы ведаем пра гэта. Мы ведаем, што ў нас дэкрыміналізаваны хатні гвалт, што тысячы жанчын гінуць ад рук сваіх блізкіх.
Мы ведаем пра тое, што адбываецца ў расійскіх дзіцячых дамах, у расійскіх турмах, якія па сутнасці ўяўляюць сабой канцлагеры. У нас законы, якія заахвочваюць гвалт. У нас ёсць закон аб гейпрапагандзе, па якім 7% расіян прызнаныя сацыяльна няроўнымі. У нас катаванні ў аддзелах паліцыі, у войску, калоніях.
Мы пра гэта ўсё пісалі. Але па сутнасці мы, журналісты, займаліся дакументацыяй, гэта наш прафесійны абавязак. Але наш грамадзянскі доўг не абмяжоўваецца прафесійнымі абавязкамі.
І атрымліваецца, што мы нібы ў сваім імкненні сярод гэтага пекла абгарадзіць сябе кавалачкам агароджы, развесці там кветкі і арганізаваць сабе нармальнае жыццё — вось гэтым самым імкненнем мы патуралі таму, што гэтае пекла працягвалася, мела развіццё, атрымала такія жахлівыя формы і цяпер выплюхнулася на суседнюю краіну.
Пра вяртанне з вайны
— У мяне вельмі шмат падтрымкі ад блізкіх, ад калег, ад маіх чытачоў. У мяне ёсць тэрапеўтка, і яна вельмі моцна падтрымлівае мяне. У мяне цяпер праблемы са сном і з засынаннем. Сёння была першая ноч, калі мне не сніліся кашмары пра вайну.
Але гэта ў прынцыпе нічым не адрозніваецца ад маіх папярэдніх паездак у гарачыя кропкі. Нейкі час гэта з цябе выветрываецца.
Што адрозніваецца, дык гэта, вядома, тое, што калі раней ты вярталася ў мірнае жыццё і ўзнікала такое адчуванне — не ведаю, як яго апісаць — ну што вось ты была на вайне, ты бачыла рэчы па-за межамі, ты вярнулася адтуль — дзеці гуляюць, клубніцы прадаюць, і ў цябе гэтыя дзве карцінкі не стасуюцца. Незразумела, як адначасова можа адбывацца тое і іншае, і што з гэтага праўда, што з гэтага жыццё.
А цяпер гэтая вайна зачапіла і ўзрушыла ўсіх. І няма гэтага адчування вяртання да мірнага жыцця. Гэта значыць, не падаюць бомбы, няма артылерыйнага агню, але ўсё роўна ўсе размовы — пра вайну, пра тое, як дапамагчы людзям там, што рабіць, шмат бежанцаў. Гэтая вайна, яна сапраўды глабальная такая. Яна закранула ўсіх, усіх зачапіла.
Пра турму
— Калі мяне пасадзяць у турму, гэта не стане канцом майго жыцця.
Цяпер змянілася крымінальнае заканадаўства, і па ім мая журналісцкая праца ва Украіне, якую я старалася рабіць добра, яна з’яўляецца злачынствам. Там пазначаны тэрмін — да 15 гадоў.
Я проста не лічу гэты закон законным. І не бачу, чаму я павінна яму падпарадкоўвацца. Гэта цэнзарскі закон, ён супярэчыць закону аб СМІ, ён супярэчыць Канстытуцыі Расіі, і гэты закон не можа быць правапрыменены.
Я ведаю, што цяпер у Расіі ёсць крымінальныя справы, што былі распачатыя па гэтым артыкуле.Таму зразумела, што калі я вярнуся, мяне таксама могуць пасадзіць. Але з‑за рызыкі сесці ў турму я не збіраюся эміграваць.
Нічога асабліва не змянілася. Я шмат пісала пра правасуддзе ў Расіі, і я ведаю, што сесці ў турму ў Расіі вельмі лёгка, і зусім не абавязкова для гэтага быць журналістам, актывістам ды іншае.
Проста ў мянтоў можа быць канец квартала, ім патрэбныя будуць палкі па наркаартыкулах, і раптам у цябе ў кішэні знойдзецца пакецік з забароненым рэчывам.
І вось ты ўжо едзеш на сем год.
У нас працэнт апраўдальных прысудаў — 0,13. Менш працэнта шанец даказаць у судзе, што ты невінаваты.
Таму ў мяне ніколі не было ілюзіі, што я жыву ў бяспецы. І таму, магчыма, я гэтую сітуацыю даволі спакойна ўспрымаю, і ў мяне не ўзнікае істэрыкі калі думаю, што магу апынуцца ў турме. У мяне ёсць сябры, якія сядзелі ў турме.
Я ведаю, што турма — гэта не канец жыцця.