• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Алег Агееў: «Адмовіць у акрэдытацыі праз пагрозу нацыянальнай бяспецы — легітымна, калі гэта абгрунтавана»

    Шэрагу журналістаў з Беларусі, Расіі і іншых краін было адмоўлена ў акрэдытацыі на Алімпіяду ў Парыжы. Французскія ўлады палічылі, што яны могуць працаваць на спецслужбы. Намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў, юрыст Алег Агееў пракаментаваў для Media IQ такое рашэнне французскіх уладаў.

    Алег Агееў пра адмову ў акрэдытацыі на Алімпіяду

    Алег Агееў. Фота: БАЖ

    «Менш за сотню анкет мы адхілілі праз падазрэнні у тым, што яны з’яўляюцца агентамі – шпіёнамі альбо інфарматарамі замежных дзяржаў, якія імкнуцца да ўмяшальніцтва ў Гульні», – заявіў кіраўнік МУС Францыі Жэральд Дарманен. Ён кажа, што такім чынам улады ўжываюць «прынцып перасцярогі», каб прадстаўнікі шэрагу замежных дзяржаў не змаглі атрымаць доступ да камп’ютарных сетак і здзейсніць кібератаку.

    – Існуюць стандарты, як акрэдытоўваць замежных журналістаў у краінах свету ці ў краінах, у якіх дзейнічаюць арганізацыі кшталту Рады Еўропы, АБСЕ, ААН, – тлумачыць Алег Агееў. – Ёсць стандарты, распрацаваныя для акрэдытацыі замежных журналістаў з краін-удзельніц АБСЕ спецыяльным дакладчыкаў па свабодзе медыяў пры офісе АБСЕ у 2016 годзе.

    Стандарты АБСЕ – дэталёва аргументаваныя, але ж маюць рэкамендацыйны характар для дзяржаў. Сама працэдура сыходзіць з прынцыпа свабоды на распаўсюд інфармацыі і свабоды выказвання. Адмова ў акрэдытацыі павінна адпавядаць крытэрыям абмежавання свабоды выказвання і  свабоды інфармацыі.

    У Францыі ёсць адпаведны незалежны орган, які разглядае пытанні акрэдытацыі. У дадзенай сітуацыі пра нядопуск людзей да Алімпіяды выказваўся кіраўнік МУС, то хутчэй за ўсё гэта міністэрства і праводзіла праверку. Але ж гэта маё меркаванне, заснаванае на стандартах, як працэдура павінна адбывацца. Як яно было насамрэч, мы не ведаем, няшмат афіцыйнай інфармацыі.

    Орган, які адказвае за нацыянальную бяспеку ў Францыі, хутчэй за ўсё правяраў агулам усіх людзей, якія хацелі працаваць на Алімпіядзе, абслугоўваць яе. Гэта працэдура аднолькавая для ўсіх.

    Калі дзяржаўныя структуры Францыі маюць інфармацыю, што пэўная асоба, у дадзеным выпадку журналіст, пагражае нацыянальнай бяспецы, і могуць гэта аргументаваць у кожным канкрэтным выпадку, то такая нагода ў адмове акрэдытацыі лічыцца цалкам легітымнай.

    Пасля такой высновы павінна быць прадугледжана працэдура, якая дазваляе абскардзіць адмову ў акрэдытацыі і прывесці свае контраргументы. Абскарджанне адбываецца ў судзе Францыі.

    У міжнародных стандартах пералічаны крытэры, па якіх можна абмяжоўваць правы. Пагроза нацыянальнай бяспецы – крытэр для абмежавання любога права, не толькі на свабоду выказвання і свабоду распаўсюду інфармацыі. Права на свабоду інфармацыі не абсалютнае, яно можа быць абмежавана.

    Прадстаўнікоў беларускіх прапагандысцкіх медыяў акрэдытавалі ў Парыж для асвятлення Алімпіяды

    Працэдура акрэдытацыі замежных журналістаў у Беларусі

    – Мне здаецца, з такой нагоды варта ўзгадаць жорсткую працэдуру акрэдытацыі замежных і нацыянальных журналістаў у Беларусі. Яна не адпавядае ніякім міжнародным стандартам.

    Усё, што міжнародныя арганізацыі рэкамендуюць не рабіць пры акрэдытацыі журналістаў, беларускія ўлады ўціснулі ў палажэнне аб парадку акрэдытацыі.

    Акрэдытацыя журналістаў у Беларусі ажыццяўляецца ў адвольным парадку, мноства нагодаў для адмовы. Беларускія ўлады кіруюцца і палітычным складнікам, могуць адмаўляць замежным журналістам з так званых «недружественных» краін.

    Існуюць абмежаванні ў акрэдытацыі для грамадзянаў Беларусі, якія працуюць у замежных медыя, што дакладна не адпавядае ніякім легітымным мэтам.

    Працэдура абскарджання прадугледжана Працэсуальным кодэксам, але ж існуе толькі фармальна: улады адмаўляюць у разглядзе скаргаў.

    Згодна стандартаў, працэдура акрэдытацыі не мусіць выкарыстоўвацца для адвольных абмежаванняў у распаўсюдзе інфармацыі. Наадварот, магла б лічыцца падцвярджэннем права журналіста на доступ да інфармацыі. Абмежаванне такога права – пытанне нацыянальнага заканадаўства, якому варта адпавядаць міжнародным стандартам.

    Алег Агееў: «Беларусь мэтанакіравана пагаршае сітуацыю з медыямі»

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці