Алег Агееў: «Беларусь мэтанакіравана пагаршае сітуацыю з медыямі»
АБСЕ запусціла Венскі механізм у адносінах да Беларусі. Праваабаронцы 19 ліпеня 2024 падалі свой аналіз сітуацыі з правамі чалавека ў нашай краіне. Беларускі рэжым мае 10 дзён, каб адказаць на 12 пытанняў.
Пра прычыны і наступствы запуска Венскага механізма пагаварылі з Алегам Агеевым, намеснікам старшыні і кіраўніком Прававога цэнтра БАЖ.
10 дзён, каб адказаць на 12 пытанняў
— Венскі механізм — унутраны спосаб АБСЕ па камунікацыі паміж краінамі, калі краіны-удзельніцы Арганізацыі патрабуюць ад канкрэтнай дзяржавы даць справаздачу па сітуацыі з правамі чалавека. У ліпені запушчаны Венскі механізм у адносінах да Беларусі, пад гэтым рашэннем падпісаліся практычна ўсе ўдзельнікі АБСЕ. Папярэдні раз Венскі механізм да Беларусі запускаўся ў 2021 годзе. Адпаведна, Беларусь павінна адказаць на цэлы шэраг пытанняў.
Спіс пытанняў сфармуляваны і апублікаваны. Гаворка ідзе пра палітычны пераслед, ціск на СМІ, арганізаваныя і масавыя катаванні ў дачыненні да палітычных зняволеных у месцах несвабоды. Усе пытанні пра тое, як Мінск выконвае свае міжнародныя абавязацельствы ў галіне правоў чалавека.
Чаму АБСЕ запусціла Венскі механізм
— Прычына, па якой АБСЕ задзейнічала Венскі механізм, палягае ў тым, што Беларусь ужо двойчы праігнаравала Маскоўскі механізм, які Арганізацыя запускала раней. Беларусь увогуле стала краінай-рэкардсменкай: у адносінах да яе Маскоўскі механізм запускаўся больш, чым да каго, а ўлады проста праігнаравалі яго.
Рэжым Лукашэнкі ігнаруе свае абавязацельствы ў галіне міжнароднага права і абавязацельствы, прынятыя на сябе пры ўступленні ў АБСЕ. Пакуль краіны АБСЕ спрабуюць размаўляць з рэжымам Лукашэнкі выключна прававымі метадамі. Надзея на «прасвятленне» заўсёды прысутнічае, хаця, як паказвае вопыт, прававы нігілізм беларускага рэжыму не мае дна: ад формулы «иногда не до законов» ён перайшоў у рэжым «мы плюём на свои обязательства».
Сітуацыя са СМІ пагаршаецца дагэтуль
— Праваабарончая супольнасць падрыхтавала і накіравала краінам-падпісантам Венскага механізма сваю ацэнку выканання рэкамендацый па Маскоўскім механізме з боку дзейнага рэжыму. Маскоўскі механізм запускаўся двойчы: група экспертаў працуе ў краіне, ацэньвае сітуацыю і дае рэкамендацыі як АБСЕ, як краінам-удзельніцам АБСЕ, так і краінам, у адносінах да якіх запускаецца механізм. Праваабарончая кааліцыя (БАЖ адказвае за свабоду выказвання і правы медыяў) прааналізавала сітуацыю з выканнем рэкамендацый, якія Беларусь атрымала ў рамках Маскоўскага механізму, каб давесці яе да ведама краін, што падпісаліся пад Венскім механізмам.
Адразу скажу: сітуацыя з медыямі не толькі не палепшылася, яна пагаршаецца дагэтуль; Беларусь не толькі не выконвае свае абавязацельствы па правах і свабодах у рамках Маскоўскага механізма, яна мэтанакіравана пагаршае сітуацыю з медыямі. З моманту атрымання рэкамендацый і па сённяшні дзень сітуацыя з медыямі толькі пагаршалася. Сваю ацэнку мы давялі да ведама краін, якія падпісаліся за Венскі механізм.
Беларусь двойчы праігнаравала Маскоўскі механізм. Што ёй перашкодзіць «не заўважыць» і Венскі механізм?
— Міжнародныя абавязацельствы парушае не Беларусь, а парушаюць людзі, якія лічаць сябе паўнамоцнымі выказвацца ад імя краіны. Я думаю, прымяненне Венскага механізма дазволіць краінам-удзельніцам АБСЕ ўбачыць сапраўднае аблічча беларускага рэжыма. Наступныя палітычныя, эканамічныя, дыпламатычныя крокі краін удзельніц АБСЕ ў адносінах да Беларусі залежаць ад цэлага набору фактараў. Венскі механізм – яшчэ адзін шанс для цяперашняй Беларусі распачаць цывілізаваны дыялог з АБСЕ. А для гэтага трэба толькі выконваць свае ўласныя абавязацельствы – ніхто не патрабуе нічога іншага. Рэжым мае шанец або пацвердзіць сваю нецывілізаванасць, альбо ўсё-такі распачаць дыялог. Калі Беларусь чарговы раз пакажа сябе краінай, якая ігнаруе міжнародныя абавязацельствы, еўрапейскія краіны адкарэктуюць свае адносіны да яе.
Развод у побытавым плане ўжо адбыўся: суседзі будуюць на беларускай мяжы плот і накопліваюць узброеныя сілы на межах з Беларуссю, успрымаючы нашу краіну як пагрозу. А памежныя пункты пропуска па віне Беларусі апынулісчя на мяжы закрыцця. Развод адбыўся, цяпер чакаем рэакцыі.
АБСЕ выказвае заклапочанасць, Мінск адказвае ігнорам
АБСЕ запускала Маскоўскі механізм да Беларусі ўжо двойчы: пасля прэзідэнцкіх кампаній у 2010 і 2020 гадах.
У 2021 годзе ў адносінах Беларусі ўжо запускаўся і Венскі механізм.
Падтрымаць важную працу БАЖ для абароны журналістаў і медыяў Вы можаце сваім данатам ТУТ!