«СМІ аддаюць перавагу павярхоўным навінам!» Актывісты і медыйшчыкі спрабавалі паразумецца — вось што выйшла
Арганізацыя «ІншыЯ» сумесна з БАЖ і аб’яднаннем беларусаў Германіі Razam правялі ў Вільні эфектыўны нэтворкінг, каб выявіць праблемныя пункты ў камунікацыі, міфы мэтавых групаў адно пра аднаго, а таксама паспрабаваць намацаць дарожную карту «аднаўлення адносінаў».
Увосень БАЖ плануе адукацыйны курс пра тое, як наладзіць разбураныя рэлакацыяй сувязі паміж НДА і медыя — трэцім сектарам і чацвёртай уладай. А напярэдадні курса ў Вільні прайшоў нэтворкінг.
Стасункі паміж незалежнымі медыямі і НДА у Беларусі заўсёды былі плённымі і «ўзаемавыгаднымі». Але вымушаная эміграцыя і адных, і другіх істотна ўскладніла камунікацыю: многія сацыяльныя сувязі разарваліся, людзі памянялі кантакты, рэдакцыі, лакацыі і месцы працы. Выбудоўваць стасункі даводзіцца наноў.
Першы крок зрабілі арганізатары нэтворкінга, сабраўшы на віленскай пляцоўцы актывістаў і актывістак, журналістаў і журналістак.
Чым лепш людзі ведаюць адзін аднаго, тым больш эфектыўная камунікацыя атрымліваецца. З агучвання ўзаемных прэтэнзій і ўяўленняў адно пра аднаго і пачалася згаданая сустрэча. Прычым арганізатары вырашылі, што ў выглядзе гульні працэс пойдзе лягчэй: пад жартачкі і смех нават сур’ёзныя прэтэнзіі ўспрымаюцца лягчэй.
Міфы пра журналістаў
Актывісты НДА агучылі самыя «жывучыя» міфы пра журналістаў. Прынамсі, гэтыя наратывы часцяком даводзіцца чуць:
1. Не існуе незалежнай журналістыкі: усе залежаць ад донараў, ад рэдакцый, а журналісты ў прафесійнай дзейнасці яшчэ і праецыруюць сваё асабістае стаўленне да герояў.
2. Журналісты маюць нізкі прафесійны ўзровень, бо ў журналістыку ідуць і жук, і жаба.
3. Журналісты абыходзяць важныя тэмы, у тым ліку, праблемы НДА, і займаюцца апісаннем лёгкіх тэмаў, якія прыносяць лайкі, прагляды і ахопы.
4. Журналісты — цынічныя людзі, якіх нічога не кранае асабіста.
5. Яны падкія на «гарачыя» тэмы або скандалы.
6. За грошы можна купіць любы артыкул.
Міфы пра актывістаў НДА
Журналісты, са свайго боку, падзяліліся найбольш жывучымі стэрэатыпамі і міфамі пра актывістаў и актывістак НДА:
1. Актывісты займаюцца вузкімі справамі, якія цікавяць толькі іх саміх.
2. НДА працуюць толькі за грошы донараў.
3. Актывісты — дурнаватыя людзі, фрыкі, якія займаюцца абы-чым, бо не здольныя да сур’ёзнай працы.
4. Актывісты размаўляюць на сваёй спецыфічнай, «птушынай» мове ўласных кампетэнцый.
5. Лічаць, што на іх дзейнасці трымаецца грамадства.
Чаму НДА і медыя не заўсёды знаходзяць паразуменне паміж сабой?
Пасля нэтворкінга БАЖ запытаўся ў некаторых ўдзельнікаў: у чым жа палягаюць асноўныя праблемы камунікацыі? Што перашкаджае наладзіць дыялог?
Ігар Случак, юрыст і праваабаронца:
— Мне здаецца, што галоўная праблема ў камунікацыі паміж медыя і НДА палягае ў тым, што СМІ часам аддаюць перавагу павярхоўным навінам, якія не нясуць важнага сэнсу для грамадства, але цікавыя для чытачоў: нехта кагосьці пабіў, нешта ў кагосьці здарылася. На маю думку, медыям важна браць на сябе сацыяльную адказнасць.
Напрыклад, у Фінляндыі да 1970–1980‑х гадоў радыё было дзяржаўным. І гэтае радыё круціла сюжэты пра гісторыю, пра культуру Фінляндыі, хаця слухачы аддавалі перавагу камедыйным (і не толькі) радыёпастаноўкам. Але радыё прыняло прынцыповае рашэнне адукоўваць фінскі народ. Мне здаецца, не ў апошнюю чаргу па гэтай прычыне Фінляндыя сёння — адна з перадавых дзяржаў Еўропы.
Таму і беларускіх СМІ часам трэба забываць пра лайкі, прагляды, ахопы (наколькі дазваляе сітуацыя) і публікаваць інфармацыю, якая можа прынесці карысць у доўгатэрміновай перспектыве.
Зміцер, актывіст арганізацыі «Беларускі нацыянальны моладзевы савет РАДА»:
— Вядома, у кожнага бока ёсць сваё ўяўленне пра супрацоўніцтва паміж медыя і НДА, пра гэта мы і гаварылі: што правільна, а чаго не хапае. Напрыклад, актывісты вельмі часта не ведаюць, як падрыхтаваць інфармацыю для СМІ. Таму курсы, якія БАЖ плануе хутка правесці, вельмі патрэбныя: як НДА трэба працаваць з інфармацыяй, каб гэта было зручна ў тым ліку і для журналістаў, не патрабавала ад іх дадатковай траты часу.
На сустрэчы ўзнікала і такое пытанне: як цяпер зразумець, для якой аўдыторыі працуюць беларускія СМІ ў выгнанні? Хто чытае тое ці іншае беларускае медыя: у Беларусі ці ў замежжы, моладзь ці людзі сталага ўзросту? Гэта важная інфармацыя, здольная зарыентаваць НДА, да каго трэба звяртацца. Для нас, для моладзевай арганізацыі, гэта вельмі важна.
Марына Штрахава, сузаснавальніца арганізацыі «ІншыЯ»:
— Мы даволі мала ведаем адно пра аднаго, таму і ўзнікаюць не зусім апраўданыя чаканні. І адзін, і другі бакі звычайна чакаюць хуткую камунікацыю, але гэта не заўсёды рэалістычная сітуацыя і для журналістаў, і для актывістаў.
Актывісцкая супольнасць часта незадаволеная працэсам узгаднення тэкстаў, хаця асабіста я разумею і складанасці, якія ўзнікаюць з боку медыяў. Канешне, актывісцкай супольнасці цяжка падаць сваю дзейнасць цікавай для журналістаў і іх аўдыторыі. Але гэтую праблему можна вырашаць супольна.
Да чаго прыйшлі?
Ігар Случак:
— Прадстаўнікі СМІ і НДА на сустрэчы выказалі ўзаемныя прэтэнзіі адзін другому (журналісты скардзіліся, што не ўсе НДА пагаджаюцца даваць каментары, або несвоечасова даюць іх, альбо падаюць інфармацыю не вельмі якасна). З другога боку, і прадстаўнікі НДА выказалі крыўду, што СМІ досыць часта не бяруць іх інфармацыю, што медыя аддаюць перавагу больш хайповым ці палітычным тэмам. Што цікава, пры асабістай сустрэчы прадстаўнікі СМІ і НДА пачулі адзін другога, а значыць, мы на шляху да паразумення.
Зміцер:
— На наш погляд, СМІ варта было б больш расказваць пра паспяховыя кейсы, пра станоўчае вырашэнне канкрэтных праблемаў — сацыяльных ці грамадскіх. Любы поспех натхняе людзей, асабліва ў нашыя цёмныя часы.
Зараз у чытачоў карыстаецца попытам інфармацыя, тое, што называецца журналістыкай рашэнняў. То-бок, чужы вопыт, які дапамагае людзям вырашаць свае праблемы тут і цяпер.
Для грамадскага сектара з’яўляецца істотным пытанне ананімнасці, канфідэнцыйнасці і, адпаведна, публічных людзей, якія могуць прадстаўляць погляд таго ці іншага НДА. Наўрад ці ў сённяшніх умовах можна знайсці адзін універсальны падыход, але можна распрацаваць некалькі варыянтаў, каб кожны мог скарыстацца найбольш зручным для сябе.
Журналісты раілі актывістам не забывацца пра медыяпланаванне і медыястратэгіі, прыцягваючы да гэтай працы прадстаўнікоў медыяў. Медыяменеджеры лепш ведаюць журналісцкую кухню і могуць даць вельмі карысныя парады.
Марына Штрахава:
— Насамрэч я не пачула ад прадстаўнікоў НДА, маўляў, усё, цярпенне лопнула, маўляў, з медыямі больш ніколі працаваць не буду. Як і не пачула ад журналістаў і журналістак: я вас паслухала, а таму не пісала, не пішу і ніколі пісаць не буду. Наадварот, я адчула зацікаўленасць адно ў другім і гатоўнасць ісці насустрач.
Слухаючы выступоўцаў, я думала ў чарговы раз, што мы ў арганізацыі часта робім актыўнасці, не да канца асэнсоўваючы, наколькі яны важныя і крутыя тут і зараз. Мы абдумваем гэты аспект дзейнасці, абмяркоўваем, але ў моманце — тут і зараз — многа людзей прагаварылі: блін, як даўно мы не збіраліся разам! І я злавіла сябе на думцы, што гэта праўда: часам проста важна, што гэтая сустрэча проста адбылося. Думаю, яна рэальна наблізіла нас да вырашэння праблемаў. Хаця б таму, што мы атрымалі магчымасць абмяняцца кантактамі: такой сустрэчы насамрэч не было з самага 2020 года.
Барыс Гарэцкі: НДА і медыі — драйверы перамен, мы зацікаўленыя адно ў адным
— Для мяне відавочна, што журналісты і актывісты – якраз тыя дзве часткі супольнасці, дзякуючы якім ў Беларусі, у беларускім грамадстве адбываюцца змены. НДА і медыі — гэта драйверы перамен. Мы відавочна бачым неабходнасць больш шчыльнай камунікацыі гэтых групаў. І нэтворкінг яскрава паказаў, што працы шмат, ёсць вялікая зацікаўленасць груп адна ў адной.
Таму ў межах восеньскага курса мы паспрабуем даць і прадстаўнікам НДА, і журналістам эфектыўныя працуючыя парады, мадэлі, прыклады. Магчыма, звернемся таксама і да кепскіх прыкладаў, складаных сітуацый, разуменне якіх паспрыяе эфектыўнай камунікацыі. Трэба, каб інфармацыйныя нагоды ад НДА станавіліся тэмамі для актуальных рэзанансных матэрыялаў, здольных прывесці да пазітыўных зменаў у грамадстве, у галінах, дзе якраз працуюць НДА.
Таму раім сачыць за інфармацыйнай рассылкай БАЖ і за Telegram-каналам, у якім мы публікуем усе нашы адукацыйныя праграмы.