Чарговы акаўнт брэсцкага блогера Сяргея Пятрухіна у Facebook прызналі «экстрэмісцкім»
6 верасня 2024 года ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў трапіў Facebook-акаўнт «Сергей Петрухин», які належаў брэсцкаму блогеру, што стварыў адмысловую групу у гэтай сацыяльнай сетцы. Самае цікавае, што згаданы профіль у Facebook хоць і мае 2,5 тысячы падпісчыкаў, але апошні запіс там з’явіўся ў чэрвені 2020 года – да моманту затрымання Сяргея Пятрухіна.
Гэта не паўплывала на рашэнне пінскага суддзі Мікалая Каляды, прызнаць Facebook-акаўнт «Сергей Петрухин» экстрэмісцкім. Адпаведны прысуд вынесены 4 верасня 2024 года.
Варта нагадаць, што сёлета напрыканцы траўня суддзя Ленінскага раёна Брэста Ала Вінаградава пастанавіла прызнаць «экстрэмісцкімі інфармацыйнымі матэрыяламі» іншы профіль Сяргея Пятрухіна ў Facebook. Тады справа тычылася асабістай старонкі брэсцкага блогера, якая таксама не абнаўлялася з чэрвеня 2020 года.
Яшчэ адна старонка экс-палітвязня Сяргея Пятрухiна ў Facebook была прызнана экстрэмісцкай напрыканцы чэрвеня 2024 года. Тады гэта адбылося паводле рашэння суда Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці. У выніку «экстрэмісцкі» статус атрымаў актыўны профіль блогера Сяргея Пятрухiна, створаны пасля вымушанага ад’езду з Брэста за мяжу.
Паводе падлікаў мясцовых праваабаронцаў, з ліпеня 2020 года і да сённяшняга дня суды Брэсцкай вобласці прызналі «забароненымі» тыя ці іншыя пратэстныя чаты, каналы, сайты (і іншыя месцы ў Інтэрнеце, а таксама кнігі) ужо 582 разы.