• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Як змяніўся медыйны вобраз Беларусі за мяжой у 2020–2021 гг. Даследаванне ЦНІ

    Прэзідэнцкія выбары 2020 года і хваля пратэстаў супраць іх афіцыйных вынікаў прыцягнулі ўвагу свету да Беларусі. Заходнія медыі актыўна асвятлялі падзеі ў Беларусі, што істотна ўплывала на грамадскую думку і на прыняцце палітычных рашэнняў адносна Беларусі. У гэтым даследаванні мы зрабілі кантэнт-аналіз дзесяці буйных замежных выданняў, каб зразумець, як змяняўся медыйны вобраз Беларусі.

    Як праводзілася даследаванне?

    З мэтай акрэсліць вобраз Беларусі за мяжой мы абралі два галоўныя пытанні даследавання:

    1. Як змяняўся вобраз Беларусі ў замежных СМІ з ліпеня 2020 па ліпень 2021?

    2. Якія стратэгіі супрацы з міжнароднымі СМІ абіралі прадстаўнікі дэмакратычных сілаў, грамадска-палітычных праектаў і дыяспар?

    Для адказу на гэтыя пытанні мы правялі кантэнт-аналіз дзесяці буйных міжнародных анлайн-выданняў (3269 артыкулаў) і фокус-групы з 13 удзельнікамі, якія рэпрэзентуюць палітычныя сілы, грамадска-палітычныя праекты і дыяспары.

    Беларусь пачалі ўзгадваць меньш

    Аналіз 10 замежных выданняў за перыяд ліпень 2020 – ліпень 2021 года паказаў, што Беларусь, якая ў жніўні-кастрычніку 2020 года была заўважнай ва ўсіх прааналізаваных выданнях, працягвае губляць колькасць узгадванняў у замежных СМІ. Цягам года цэнтральнымі тэмамі ў прааналізаваных выданнях былі пратэсты і рэпрэсіі, Святлана Ціханоўская і незалежныя журналісты, але цяпер гэтыя тэмы ўзгадваюцца ў замежных выданнях значна радзей.

    Беларусь замест «Белая Расія»

    Даследаванне выявіла і яшчэ адзін цікавы факт: калі ў 2020 годзе замест назвы «Беларусь» у 19 % артыкулаў выкарыстоўваўся моўны аналаг «Белая Расія», то пад канец 2021 года толькі ў 10% з 3269 артыкулаў журналісты ўжывалі назву «Белая Расія». Над зменай медыйных стандартаў выкарыстання назвы краіны працавалі ў тым ліку ўдзельнікі фокус-групаў, пераважна – прадстаўнікі беларускіх дыяспар у розных краінах.

    Стратэгія камунікацыі з замежнымі СМІ

    Беларускія актывісты (прадстаўнікі дыяспар, палітычных сілаў, грамадска-палітычных праектаў) выпрацавалі за гэты перыяд шэраг стратэгій супрацы з міжнароднымі СМІ. Гэтыя стратэгіі тычыліся падрыхтоўкі прэс-рэлізаў, усталявання персанальных кантактаў з абранымі журналістамі, каментароў для замежных медыяў, верыфікацыі фактаў і г.д. У выніку якасць матэрыялаў пра Беларусь палепшылася, але факталагічныя памылкі ў міжнародных СМІ працягваюць з’яўляцца. Сярод такіх варта ўзгадаць апісанне Ціханоўскай як праваабаронцы, а Марыі Калеснікавай – як кандыдаткі ў прэзідэнты.

    Каб палепшыць стратэгіі камунікацыі з замежнымі СМІ і паспрыяць прасоўванню беларускай павесткі за мяжой неабходна:

    • Шукаць і ўсталёўваць сувязі з «амбасадорамі» Беларусі за мяжой дзеля прасоўвання беларускай павесткі за мяжой;

    • Прапаноўваць унікальную інфармацыю і ўсталёўваць персанальныя кантакты з журналістамі;

    • Каардынаваць медыйныя меседжы;

    • Верыфікаваць і выпраўляць памылкі журналістаў;

    • Праводзіць медыя-маніторынг замежных СМІ з дапамогай дыяспар;

    • Павышаць медыйнасць палітзняволеных.

    Азнаёміцца з даследаваннем магчыма па спасылцы.

    Eng­lish ver­sion of the research.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці