• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Вынікі маніторынгу асвятлення выбараў у СМІ. Дзяржаўныя і недзяржаўныя. Этап агітацыі

    ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” прэзентавала прамежкавыя вынікі маніторынгу асвятлення ў СМІ прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.

    Маніторынг: “Асвятленне прэзідэнцкай кампаніі 2020 года ў беларускіх медыя”

    Бюлетэнь № 2 (05.07 — 02.08)

     

    1. Уводзіны

    Бюлетэнь падсумоўвае вынікі другога этапу. Падчас яго адбылася рэгістрацыя кандыдатаў. Яны распачалі агітацыйную кампанію і атрымалі магчымасць звярнуцца да выбаршчыкаў па тэлебачанні і радыё, а таксама надрукаваць свае праграмы ў газетах.

    2. Падсумаванне вынікаў

    Як і ў папярэдні перыяд, дзяржаўныя медыя захоўвалі высокі ўзровень пазітыўнай рэпрэзентацыі дзеючага Прэзідэнта, які ад 14 ліпеня б. г. з’яўляецца і кандыдатам на вышэйшую пасаду.

    Напярэдадні рэгістрацыі некаторыя дзяржаўныя медыя павялічылі аб’ём матэрыялаў, якія негатыўна ацэньвалі асобу найбольш папулярнага апанента рэжыму Віктара Бабарыкі. Тыя ж медыя працягвалі партрэтаваць яго адмоўна і пасля таго, як ён не быў зарэгістраваны.

    Зарэгістраваныя кандыдаты атрымалі права доступу да дзяржаўных медыя. Дзеючы Прэзідэнт (і адначасова кандыдат), аднак, адмовіўся ад запісу медыязваротаў да выбаршчыкаў, а таксама ад удзелу ў дэбатах.

    Перадвыбарчыя звароты кандыдатаў трансляваліся ў нярэйтынгавы час. А іх прыхільнікі і апаненты не мелі магчымасці абмеркаваць іх змест па дзяржаўным тэлебачанні ці радыё.

    Выступы кандыдатаў не анансаваліся. Іх прозвішчы ў праграмах перадач не падаваліся. Інфармацыя пра чарговасць і час выступу кожнага з іх адсутнічала. Праграмы перадач адно пазначалі: “Выступления кандидатов в Президенты Республики Беларусь”.

    Увага да кампаніі падвысілася. Аднак па-за прамым доступам доля часу і газетнай плошчы, прысвечаных у дзяржаўных медыя зарэгістраваным альтэрнатыўным кандыдатам, была мізэрная.

    Агульны інфармацыйны фон, на якім тыя асвятлялі кампанію, дэманстраваў поспехі краіны ў эканоміцы, сацыяльнай сферы, медыцыне і культуры. Дасягнутыя яны былі дзякуючы таленту Прэзідэнта і беларускага народа.

    Разам з тым, паводле гэтых СМІ, знешнія сілы, якія імкнуцца дэстабілізаваць сітуацыю, стварылі, небяспеку страты суверынітэту і распаду краіны, што можа здарыцца, калі іх прадстаўнікі прыйдуць да ўлады.

    У змесце дзяржаўных медыя выразна адсутнічалі хоць якія альтэрнатыўныя пункты гледжання. Журналісты і запрошаныя эксперты выказвалі і адстойвалі толькі адну пазіцыю, праўладную. Ім жа належала і выключнае права інтэрпрэтаваць погляды і меркаванні апанентаў. Тыя  ж, аднак, самі ніколі не мелі магчымасці іх агучыць.

    Недзяржаўныя медыя акцэнтавалі ўвагу на непасрэдных удзельніках кампаніі, а таксама развіцці і дынаміцы выбарчага працэсу. Зразумела, што ў цэнтры ўвагі былі асобы кандыдатаў і іх палітычныя пазіцыі. Важнымі тэмамі былі выбарчыя пікеты, грамадскія ініцыятывы, звязаныя з назіраннем і падлікам галасоў, затрыманні ўдзельнікаў мірных акцый і незалежных журналістаў.

    3. Прэтэндэнты, кандыдаты і асаблівасці асвятлення кампаніі

    3.1 Дзяржаўныя медыя

    Дзяржаўныя медыя працягвалі дыскрэдытаваць найбольш папулярнага прэтэндэнта сп. Бабарыку нават пасля таго, як ён не быў зарэгістраваны кандыдатам. Напрыклад, праграма “Панорама” (“Беларусь 1”, 15.07.2020) распавяла пра міжнародную злачынную сістэму адмывання грошай, часткай якой, паводле версіі праграмы, быў “Белгазпрамбанк” на чале з яе былым кіраўніком сп. Бабарыкам. У абвінаваўчым ключы прэтэндэнт быў таксама выстаўлены і ў тыднёвай праграме “Главный эфир” (19.07.2020).

    Адзначым, што абвінаваўчыя матэрыялы былі дасудовыя. І самым непасрэдным чынам парушалі прэзумпцыю невінаватасці  і таямніцу следства.

    Як і да рэгістрацыі, дзяржаўныя медыя працягвалі шырока асвятляць паездкі дзеючага Прэзідэнта і кандыдата сп. Лукашэнкі па краіне. Суправаджаліся яны шматлікімі сустрэчамі з мясцовымі адміністрацыямі, вайскоўцамі і жыхарамі рэгіёнаў.

    Чым былі выкліканыя гэтыя не зусім звычайныя сустрэчы, патлумачыў вядомы публіцыст сп. Гігін: “Мало кто посмотрел оатцовский документ. (Дакумент Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, — БАЖ). Там показано в первой части, что на фоне пандемии стал падать уровень доверия. И в каких областях? Там назван Минск, Брестская, Гродненская. Где провел встречи свои, самые такие яркие, в этот период Александр Лукашенко? Это вот Минск, Гродненская область и Брестская”. (“Ничего личного”, АНТ, 16.07.2020).

    Гэткім чынам, сваю агітацыйную кампанію кіраўнік краіны і будучы кандыдат распачаў як мінімум з сярэдзіны чэрвеня (паездкай у Гродзенскую вобласць). І адной з прычын яго паездак па рэгіёнах было падзенне рэйтынгу.

    Характэрна, што рэгістрацыя кандыдатаў аніяк не паўплывала на пераразмеркаванне ўвагі (часу і плошчы) у дзяржаўных медыя: у найбольш рэйтынгавых праграмах беларускага тэлебачання і дзяржаўных газетах працягваў дамінаваць адзін і той жа прэтэндэнт — дзеючы Прэзідэнт.

    Колькі лічбаў. Пасля рэгістрацыі доля часу, адведзеная ў навінавай праграме “Панорама” тэлеканала “Беларусь 1” кандыдату на пасаду прэзідэнта сп. Лукашэнку, складала 56 % параўнальна з іншымі суб’ектамі маніторынгу. (А сумарная прысутнасць дзеючага Прэзідэнта/кандыдата сп. Лукашэнкі была роўная амаль 82 % часу параўнальна з іншымі суб’ектамі маніторынгу). Астатнія кандыдаты ў гэтай праграме толькі ўзгадваліся.

    Гэтак жа сама падавала кандыдатаў і другая навінавая праграма “Наши новости”, АНТ. Параўнальна з іншымі суб’ектамі маніторынгу кандыдат Лукашэнка меў у ёй 54 % часу (сумарна прыкладна столькі ж як і ў праграме “Панорама”), а самая папулярная кандыдатка-апанент сп-ня Ціханоўская — толькі 0,03 % часу.

    Агульнанацыянальныя дзяржаўныя газеты “СБ. Беларусь сегодня” і “Звязда” рэпрэзентавалі кандыдата і дзеючага Прэзідэнта падобным чынам. І, за выключэннем некалькіх узгадак ці кароткай тэхнічнай інфармацыі, нічога не пісалі пра канкурэнтаў.

    На прамоцыю галоўнага кандыдата ў электронных медыя быў скіраваны і шэраг адмысловых матэрыялаў. Гэта былі спецыяльныя сюжэты і праекты, якія дэманстравалі шматлікія поспехі краіны, дасягнутыя пад кіраўніцтвам сп. Лукашэнкі цягам апошніх 25 гадоў.

    Як спецыяльны медыйны праект можна разглядаць і з’яўленне “сакрэтнага” дакумента, прысвечанага рэйтынгу дзеючага Прэзідэнта і кандыдата сп. Лукашэнкі. Апублікаваў яго на сваёй старонцы ў Face­book палітычны аглядальнік дзяржаўнага тэлебачання і давераная асоба кандыдата сп. Крывашэеў.

    Паводле гэтага дакумента, рэйтынг кіраўніка краіны складаў 76 %. Колькімі днямі пазней былі распаўсюджаныя вынікі іншага даследавання (малавядомага ў краіне аналітычнага цэнтра Ecoom). Спасылаючыся на гэтае даследаванне, вядоўца праграмы “Главный эфир” (“Беларусь 1”, 19.07.2020) казала: “…В ходе опроса отмечен высокий уровень доверия действующему Президенту — чуть более семидесяти восьми процентов. Он включает не только электоральный рейтинг, но и оценку социально-экономической политики главы государства, эффективность принимаемых им решений”.

    Нарэшце, паводле новага даследавання, праведзенага тым жа цэнтрам 23—27 ліпеня б. г., колькасць выбаршчыкаў, гатовых падтрымаць дзеючага Прэзідэнта, павялічылася з 69 % да 72 %. Рэйтынгі ж астатніх кандыдатаў не набралі разам і 10 %.

    Асаблівасцю асвятлення сёлетняй кампаніі з’яўляецца прысутнасць у дзяржаўных медыя вялікай колькасці выказванняў, сэнс якіх палягае ў тым, што яе вынікам можа стацца страта дзяржаўнага суверынітэту і тэрытарыяльны распад краіны. Калі раней гэтыя медыя рабілі акцэнт на замежную змову і “лялькаводаў” з Усходу і Захаду, то падчас гэтага перыяду канспіралагічныя алюзіі былі менш выразныя. Выявілася, што галоўныя дэструктыўныя сілы знаходзяцца ўнутры краіны.

    Навінавая праграма “Панорама” (“Беларусь 1”, 16.07.2020) цытавала дзяржаўнага сакратара Рады Бяспекі РБ сп. Раўкова: “Надо понимать одну чёткую вещь. Чаще всего в этих конфликтах война начиналась не просто так — воздушным нападением, воздействием радиоэлектронных средств поражения, вводом сухопутной группировки. Как правило, она начиналась с улицы, с площади. И вот эта площадь, возьмите Тахриб, возьмите Сирию, возьмите радикальные действия на Украине. (…) И наша задача — не допустить гибели государства! Не допустить кровопролития в народе!”.

    У падрыхтоўцы канфлікту былі таксама абвінавачаныя і некаторыя беларускія недзяржаўныя і замежныя медыя. Падчас перадачы “Клуб редакторов” старшыня Белтэлерадыёкампаніі сп. Эйсмант цвердзіў: “Часть СМИ, довольно популярных, откровенно стала на антигосударственные рельсы…”. А галоўны рэдактар “Беларусь сегодня” сп. Жук удакладніў: “Они переворот готовят”.

    “Негосударственные СМИ ведут войну против другого мнения”, — падсумавала праграма выказванні сп. Жука.

    Нарэшце, цікавая дэталь: на заднім плане інтэр’ера студыі, калі гаворка заходзіла пра недзяржаўныя медыя і незалежных журналістаў, раз-пораз з’яўляліся баявыя патроны з пяром альбо граната. (“Клуб редакторов”, “Беларусь 1”, 24.07.2020).

    3.2 Прамы доступ

    Выступы і медыядэбаты кандыдатаў — найбольш істотная частка агітацыйнай кампаніі. Абавязак забяспечыць прамы доступ Цэнтральная выбарчая камісія (ЦВК) усклала на дзяржаўныя медыя.

    Параўнальна з прэзідэнцкай кампаніяй 2015 г. рэйтынгавасць выступаў кандыдатаў, аднак, пагоршылася. Калі ў 2015 г. тэлезвароты пачыналіся ўвечары з 19.30 (у 2010 г. з 19.00), то сёлета — з 17.00. Няма сумневу, што значная частка працоўнага насельніцтва не мела магчымасці пазнаёміцца з імі ў вызначаны час.

    Разам з тым дзяржаўныя друкаваныя і электронныя медыя папярэдне адмыслова не анансавалі тэле- і радыёзвароты кандыдатаў. Праграмы перадач не друкавалі іх прозвішчаў. А інфармацыя пра чарговасць і канкрэтны час пачатку выступаў кожнага канкрэтнага кандыдата адсутнічала.

    У нярэйтынгавы час канал “Беларусь 1” трансляваў і тэледэбаты (ад 17.00).

    Фармальна дзяржаўныя медыя забяспечылі роўны доступ кандыдатам. Аднак праз пагаршэнне рэйтынгавасці відэа‑, аўдыязваротаў і тэледэбатаў спрычыніліся да змяншэння да іх увагі з боку выбаршчыкаў.

    На сайце Белтэлерадыёкампаніі запісы гэтых зваротаў не дублявалаліся. Пошук па запыце “Выступления кандидатов в президенты” прыводзіць да відэазваротаў кандыдатаў-спойлераў кампаніі 2015 г. (https://www.tvr.by/videogallery/informatsionno-analiticheskie/vystupleniya-kandidatov-v-prezidenty/).

    Што да зместу выступаў кандыдатаў-апанентаў, то стаўленне да іх з боку дзяржаўных журналістаў і медыя агучыў старшыня Белтэлерадыёкампаніі сп. Эйсмант: “Предвыборные речи некоторых кандидатов просто пропитаны неправдой, что мы не раз демонстрировали в наших программах” (“Понятная политика плюс”, “Беларусь 1”, 29.07.2020). Зразумела, што ў тыя тэлевізійныя праграмы, якія меў на ўвазе старшыня, кандыдатаў не запрашалі. Адпаведна, яны не мелі магчымасці адказаць.

    Па-за межамі ж прамога доступу, як мы ўжо адзначалі, прысутнасць альтэрнатыўных кандыдатаў у дзяржаўных медыя была не проста мінімальная, а мізэрная.

     

    3.3 Недзяржаўныя медыя

    Недзяржаўныя медыя канцэнтравалі сваю ўвагу на галоўных дзеючых асобах выбарчага працэсу: кандыдатах, іх штабах, ЦВК і апазіцыі. Яны дастаткова шырока асвятлялі сустрэчы з выбаршчыкамі. Перадусім гаворка пра самую папулярную кандыдатку сп-ню Ціханоўскую, якую дзяржаўныя медыя ігнаравалі.

    Важны блок інфармацыі тычыўся арыштаванага прэтэндэнта сп. Бабарыкі, кіраўніка штаба сп-ні Ціханоўскай, яе мужа Сяргея Ціханоўскага, зняволеных блогераў і актывістаў. А таксама затрыманняў журналістаў.

    У змесце гэтых медыя паболела журналісцкай аналітыкі і крытычных меркаванняў адносна тыражаваных у дзяржаўных СМІ абвінавачанняў супраць некаторых прэтэндэнтаў, арганізацыі назірання, вынікаў сацыялагічных апытанняў і г. д.

    Naviny.by рэпрэзентавалі даволі вялікую колькасць суб’ектаў выбарчай кампаніі, большую за астатнія дзяржаўныя і недзяржаўныя медыя, улучна з БелТА. Цікава, што ўвага да штаба кандыдаткі сп-ні Ціханоўскай была большай за ўвагу да самой прэтэндэнткі.

    І хаця на дыяграме бачна, што ўвага да кандыдатаў роўная толькі некалькім адсоткам плошчы, гэта ўсё ж даволі значная па сваім аб’ёме інфармацыя. Напрыклад, прысутнасць кандыдаткі Ціханоўскай разам са штабам вымяраецца 62 000 знакаў. Інтэрнэт-выданне трымалася збалансаванай манеры ацэнкі суб’ектаў выбарчай кампаніі. То бок ацэньвала іх нейтральна, пазітыўна і крытычна.

    Як і падчас парламенцкай кампаніі 2019 г., інтэрнэт-выданне naviny.by правяло дэбаты паміж кандыдатамі.

    Газета “Народная воля” даволі шырока асвятляла дзейнасць апазіцыі (ацэньвала яе нейтральна і крытычна), ЦВК (негатыўна і нейтральна). Нейтральна пісала пра кандыдата сп. Дзмітрыева (7 %), гэтак жа нейтральна пра кандыдата сп. Чэрачня (амаль 2 %). Негатыўна пра сп-ню Канапацкую (амаль 2 %). Нейтральна пра сп-ню Ціханоўскую(каля 7 %) і станоўча пра яе штаб/ Пра дзеючага Прэзідэнт/кандыдата сп. Лукашэнку пісала крытычна і нейтральна і адвяла яму каля 5 % плошчы параўнальна з астатнімі суб’ектамі маніторынгу.

    Газета “Комсомольская правда” в Беларуси” пісала пра ўсіх кандыдатаў і рэпрэзентавала іх галоўным чынам нейтральна. Дзеючы Прэзідэнт/кандыдат сп. Лукашэнка атрымаў найбольшую ўвагу (сумарна амаль 43 % плошчы параўнальна з астатнімі суб’ектамі маніторынгу). Разам з тым газета крытычна ставілася да некаторых ягоных выказванняў. Далей з 8 % плошчы быў сп. Дзмітрыеў. Сп-ня Канапацкая мела амаль 4 %. Столькі ж разам са сваім штабам — сп-ня Ціханоўская. І столькі ж сп. Чэрачань: амаль 4 % плошчы параўнальна з усімі астатнімі суб’ектамі маніторынгу.

     

    4. Высновы

    Дзяржаўныя медыя працавалі на карысць толькі аднаго прэтэндэнта — сп. Лукашэнку. Нягледзячы на магчымасць прамых відэа- і аўдыязваротаў, апаненты дзеючага Прэзідэнта заставаліся ў ценю.

    Гэтыя медыя не былі пляцоўкай для выказвання крытычных поглядаў і дыскусій адносна стану рэчаў у краіне і яе будучыні. А сама кампанія не ўспрымалася ў іх як калізія ідэй ці поглядаў адносна перспектыў развіцця краіны.

    З ацэнак дзяржаўнымі СМІ дзейнасці і асобы кіраўніка краіны (адначасова і кандыдата) вынікала, што дзеючаму Прэзідэнту няма альтэрнатывы. Ягонае непераабранне будзе азначаць хаос, вайну, падзел краіны і страту незалежнасці.

    Недзяржаўныя медыя асвятлялі выбарчую кампанію ў пераважна інфармацыйным ключы, выразна пазначалі пазіцыі розных кандыдатаў, ставіліся да іх нейтральна ці крытычна, а таксама агучвалі меркаванні розных удзельнікаў выбарчага працэсу.

    Ва ўсіх папярэдніх кампаніях (як прэзідэнцкіх, так і парламенцкіх) уплыў дзяржаўных СМІ на электаральны працэс быў вырашальны. Аднак падчас сёлетняй кампаніі яны, відавочна, страцілі частку свайго ўплыву, пра што сведчыць колькасць наведванняў і каментароў да выкладзеных у YouTube медыйных прадуктаў, якія належаць дзяржаўным тэлеканалам. Гаворка фактычна пра новы баланс даверу/недаверу, які выявіўся да гэтых медыя падчас сёлетняй кампаніі.Больш ілюстрацый і метадалогія — у далучаных файлах.

    Бюлетэнь

    Графікі

    Метадалогія

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці