Улады імкнуцца знішчыць незалежную журналістыку ў Беларусі. Зварот БАЖ
Улады Беларусі працягваюць жорсткі наступ на журналістаў і медыя, фактычна ставячы незалежную журналістыку ўнутры краіны на мяжу знішчэння.
Толькі за апошні час сілавікі правялі ператрусы ў рэдакцыях і кватэрах журналістаў рэгіянальных выданняў «Інфа-Кур’ер» (г. Слуцк) і «Рэгіянальная газета» (г. Маладзечна), была забраная тэхніка і дакументы, а рэдактары выданняў апынуліся за кратамі. У выніку яшчэ два рэгіянальныя медыі вымушаны прыпыніць працу.
Напярэдадні Дня свабоды прэсы пад пераслед трапіла выданне Intex-press (г. Баранавічы), матэрылы сайта і сацсетак якога 29 красавіка ўлады прызналі эктрэмісцкімі. А нацыянальнае выданне «Народная воля» вымушана прыпыніць выхад PDF-версіі з‑за эканамічнай блакады.
На раніцу 3 траўня 2023 года 33 прадстаўнікі беларускіх незалежных медыя знаходзяцца ў турмах і ізалятарах Беларусі.
У падтрымку нашых калег БАЖ абвяшчае акцыю «Марафон салідарнасці». Як напамін усяму свету пра тое, што ў Беларусі знішчаецца вольнае слова, а журналісты плацяць сваёй свабодай за тое, што чэсна і прафесійна выконвалі сваю працу.
Акцыя сімвалічна стартуе 3 траўняі. БАЖ ладзіць яе ў Вільнюсе супольна з Літоўскім саюзам журналістаў. Мы нагадваем беларускай ўладзе: журналісты — не злачынцы. Без вольнай прэсы не можа быць вольнага грамадства. Патрабуем вызвалення нашых калег!
Заклікаем журналісцкія і праваабарончыя арганізацыі свету, вядомых паблічных асобаў далучыцца да акцыі і сваім аўтарытэтам паўплываць на вызваленне беларускіх журналістаў.
Падтрымаць акцыю салідарнасці БАЖ заклікае калег ва ўсім свеце!
Вы можаце раздрукаваць партрэты зняволеных калег, сфатаграфавацца з імі ў пазнавальных месцах вашага горада (не ў Беларусі) і апублікаваць у сацыяльных сетках з тэгамі #СвабодуЖурналістам і #BecauseTheJournalist, а таксама даслаць нам на адрас baj@baj.by.
#СвабодуЖурналістам
#BecauseTheJournalist