• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Сумесная заява праваабарончых арганізацый Беларусі аб прызнанні Івана Мураўёва i Яўгена Меркіса палітычнымі зняволенымі

    29 жніўня 2022 г. супрацоўнікі Следчага камітэта ў Мінску затрымалі журналіста Івана Мураўёва.

    Івану Мураўёву выставілі абвінавачанне паводле ч. 3 арт. 361–1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (удзел у экстрэмісцкім фармаванні). Па дадзеным абвінавачанні журналісту пагражае абмежаванне волі на тэрмін да чатырох гадоў ці пазбаўленне волі на тэрмін ад двух да шасці гадоў. На дадзены момант Іван Мураўёў знаходзіцца ў СІЗА №1 г. Мінска.

    Іван Мураўёў – журналіст, аператар і фатограф, які раней ужо затрымліваўся ў жніўні 2020 года.

    13 верасня 2022 г. у Гомелі ў другой палове дня прайшоў ператрус у кватэры журналіста Яўгена Меркіса, пасля чаго ў яго канфіскавалі носьбіты інфармацыі, а потым Яўген быў затрыманы.

    Яўгену Меркісу выставілі абвінавачанне паводле арт. 361–4 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Па дадзеным артыкуле журналіст можа быць пакараны абмежаваннем волі на тэрмін да чатырох гадоў ці пазбаўленнем волі на тэрмін ад двух да шасці гадоў.

    Яўген Меркіс – журналіст, які асвятляў акцыі пратэсту пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 г. Яго неаднаразова затрымлівала міліцыя, праз суды штрафавала і адпраўляла на суткі. Пасля прызнання шэрагу незалежных СМІ экстрэмісцкімі фармаваннямі, Яўген займаўся краязнаўчай дзейнасцю.

    Празмерна шырокія і расплывістыя вызначэнні «экстрэмісцкай дзейнасці» і «экстрэмісцкага фармавання», прадугледжаныя беларускім заканадаўствам, дазваляюць уладам маніпуляваць дадзенымі фармулёўкамі дзеля неправамернага абмежавання права на інфармацыю, свабоды слова і свабоды асацыяцый.

    З 2021 года назіраецца масавая практыка адвольнага прызнання «экстрэмісцкімі матэрыяламі» публікацый незалежных СМІ, разам з абвешчаннем беларускіх СМІ «экстрэмісцкімі фармаваннямі». Адной з самых абуральных форм пераследу зʼяўляецца прыцягненне журналістаў да крымінальнай адказнасці ў звязку з удзелам у экстрэмісцкім фармаванні ці садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці.

    Мы, ніжэйпадпісаныя арганізацыі, лічым, што гэтыя дзеянні ў дачыненні да Івана Мураўёва i Яўгена Меркіса з’яўляюцца працягам мэтанакіраванай палітыкі ўладаў па абмежаванні распаўсюду непадцэнзурнай інфармацыі ў краіне і працягам наступу на свабоду слова. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі заблакаваныя дзясяткі грамадска-палітычных сайтаў і сайтаў медыя, шэраг друкаваных выданняў вымушаныя былі спыніць выхад, журналісты і супрацоўнікі медыясектара Беларусі знаходзяцца ў зняволенні.

    Улічваючы дадзеныя акалічнасці, мы прыходзім да высновы, што рэальнымі падставамі крымінальнага пераследу Івана Мураўёва i Яўгена Меркіса з’яўляюцца палітычныя матывы, скіраваныя на спыненне ці змяненне характару ix публічнай дзейнасці дзеля законных мэтаў у сувязі з негвалтоўным ажыццяўленнем свабоды выказвання меркаванняў і распаўсюду інфармацыі.

    На падставе гэтага, кіруючыся п. 2.1, 3.1 Кіраўніцтва аб вызначэння паняцця «палітычны зняволены», прынятага на ІІІ Беларускім праваабарончым форуме, мы, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацыяй, заяўляем аб прызнанні Івана Мураўёва i Яўгена Меркіса палітычнымі зняволенымі і патрабуем:

    • неадкладнага вызвалення Івана Мураўёва i Яўгена Меркіса і спынення ў дачыненні да ix крымінальнага пераследу;

    • адмовы ад выкарыстання метадаў крымінальнага пераследу як інструменту ціску на свабоду выказвання меркавання, ці іншыя правы і свабоды;

    • неадкладнага спынення рэпрэсій, а таксама вызвалення ўсіх палітычных зняволеных.

     

    Беларуская асацыяцыя журналістаў;

    «Прававая ініцыятыва»;

    Праваабарончы цэнтр «Вясна»;

    Беларускі ПЭН;

    Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

    Lawtrend;

    Human Con­stan­ta;

    Беларускі Хельсінкскі камітэт.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці