• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    СМІ ў Беларусі ў 2022 годзе

    Электронны бюлетэнь «СМІ ў Беларусі» № 1 (71) 2023. Вынікі медыйнага года-2022

    Спампаваць маніторынг

    У 2022 годзе ўлады працягнулі сістэмны ціск на СМІ і журналістаў ва ўсіх формах: 

    • крымінальны пераслед журналістаў, 

    • перашкода іх дзейнасці з боку сілавых ведамстваў, 

    • прымяненне заканадаўства аб супрацьдзеянні экстрэмізму для абмежавання ўплыву незалежных медыя, 

    • адміністрацыйныя меры па абмежаванні доступу да інфармацыі.

    У апублікаваным да Сусветнага дня свабоды прэсы «Індэксе свабоды прэсы 2022» Беларусь заняла 153‑е месца з 180[1]. Гэта найгоршы вынік сярод дзяржаваў, якія знаходзяцца ў Еўропе (нароўні з Расіяй).

    За год было вынесена 17 прысудаў па крымінальных справах – журналісты і медыяпрацаўнікі атрымалі тэрміны пазбаўлення волі ад 1,3 да 14 гадоў. Журналістку Кацярыну Андрэеву, асуджаную ў 2020 годзе да двух гадоў пазбаўлення волі, незадоўга да заканчэння тэрміну пакарання прызналі вінаватай яшчэ і ў «здрадзе дзяржаве» (артыкул 356 Крымінальнага кодэкса) і другі раз прысудзілі да пазбаўлення волі – на гэты раз на восем гадоў (з улікам папярэдняга прысуду). Яшчэ 11 новых крымінальных справаў былі ўзбуджаныя, але пакуль не разгледжаныя судом.

    На канец 2022 года 33 журналісты знаходзіліся ў зняволенні. Паводле дадзеных міжнароднай няўрадавай арганізацыі «Рэпарцёры без межаў», Беларусь замыкае пяцёрку краінаў свету з найбольшай колькасцю журналістаў за кратамі і знаходзіцца на чацвёртым месцы па колькасці зняволеных-журналістак (9)[2]

    Сілавыя ведамствы працягвалі ціск на незалежных прадстаўнікоў прэсы. У 2022 годзе БАЖ зафіксаваў 43 затрыманні журналістаў і 55 вобшукаў. 20 разоў журналісты зазнавалі пазбаўленне волі ў выглядзе адміністрацыйных арыштаў. Чатыры разы журналістаў прысуджалі да штрафу. Акрамя таго, прадстаўнікі сілавых ведамстваў выклікалі журналістаў для апытання, наведвалі сваякоў і абшуквалі дамы журналістаў, у тым ліку і тых, хто з’ехаў з Беларусі[3].

    Дырэктар фонду «Справядлівасць для журналістаў» Марыя Арджанікідзэ адзначыла, што ў 2020 годзе ў Беларусі было зафіксавана больш за паўтары тысячы атак на журналістаў усіх відаў, у 2021 годзе – крыху болей за тысячу, у 2022‑м – каля трохсот[4]. Але гэта адбываецца таму, што дзейсных журналістаў у краіне становіцца ўсё менш (кагосьці «выціснулі» з краіны, кагосьці пазбавілі волі, хтосьці змяніў сферу дзейнасці) – такое становішча прынята называць «туркменізацыяй».

    Антыэкстрэмісцкае заканадаўства, як і раней, з’яўлялася зброяй барацьбы з незалежнай прэсай – перш за ўсё як падстава для абмежавання доступу да кантэнту незалежных СМІ і прыцягнення да адказнасці за любы ўдзел у іх дзейнасці. 

    Так, першая крымінальная справа па новым «экстрэмісцкім» артыкуле Крымінальнага кодэкса 130–2 (адмаўленне генацыду беларускага народа) была ўзбуджаная ў сувязі з публікацыямі ў незалежных СМІ – «Флагшток» і «Зеркало». Ваеннаму эксперту Ягору Лебядку было прад’яўленае абвінавачанне ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці па артыкуле 361–4 Крымінальнага кодэкса за каментарыі, якія ён даў «Еўрарадыё» (прызнанаму «экстрэмісцкім фарміраваннем» ужо пасля інтэрв’ю). 

    Больш за 5000 «экстрэмісцкіх злачынстваў» зафіксавала Генеральная пракуратура па выніках адзінаццаці месяцаў 2022 года[5]. Пры гэтым 76% ад дадзенай колькасці склалі выказванні ў інтэрнэце, як правіла, у кантэксце падзеяў 2020 года, якія вызначаліся ўладамі як паклёп на дзяржаву і вышэйшае кіраўніцтва, абразы прадстаўнікоў улады, наўмыснае распальванне варожасці, дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь. 

    14 чэрвеня Вярхоўны суд прызнаў таварыства з абмежаванай адказнасцю «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ» (раней найбуйнейшы анлайн-рэсурс Беларусі, супрацоўнікі якога знаходзяцца пад следствам) «экстрэмісцкай арганізацыяй»[6]. У сувязі з гэтым экс-міністр інфармацыі Ігар Луцкі заявіў:

    «Было прамое пасягальніцтва на суверэнітэт і незалежнасць нашай краіны, фінансаванне гэтых СМІ, недзяржаўных, ажыццяўлялася звонку, і каардынавалася таксама звонку. Яркі прыклад гэтаму – цяперашняе рашэнне па TUT.BY. Яго прызналі экстрэмісцкім!»[7]

    Працягвалася ўключэнне сайтаў і старонак у сацсетках, якія належаць незалежным выданням, у пералік экстрэмісцкіх матэрыялаў, а іх супрацоўнікаў, якія знаходзяцца пад следствам і асуджаныя па пэўных крымінальных артыкулах, – у пералікі «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў». На працягу года 9 незалежных медыя былі прызнаныя «экстрэмісцкімі фарміраваннямі», з іх два медыя – гэта так званы «самвыдат» (пратэсныя друкаваныя газеты, якія выдаваліся і распаўсюджваліся непрафесійнымі журналістамі). Усяго на працягу 2022 года публікацыі каля 1500 інтэрнэт-рэсурсаў (галоўным чынам Telegram-каналаў і інтэрнэт-супольнасцяў) былі прызнаныя судамі «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а больш за сотню сталі «экстрэмісцкімі фарміраваннямі» па рашэнні КДБ ці МУС[8]. Гэта мела вынікам, як і раней, масавае прыцягненне карыстальнікаў інтэрнэту да адказнасці за распаўсюд «экстрэмісцкага» медыякантэнту. 

    Міністэрства інфармацыі працягвала рэпрэсіўную дзейнасць па абмежаванні доступу да «непажаданай» інфармацыі, забараняючы дзейнасць незалежных СМІ і выконваючы функцыі цэнзара.

    Паводле афіцыйных дадзеных, за студзень–лістапад 2022 года дзяржавай быў абмежаваны доступ, поўнасцю ці часткова, да 3002 інтэрнэт-рэсурсаў (галоўным чынам Telegram-каналаў і чатаў)[9]. Пры гэтым за сем папярэдніх гадоў такія абмежаванні зазналі крыху болей за 5000 рэсурсаў. Сярод СМІ, сайты якіх былі заблакаваныя, аказаліся «‎Вячэрні Бабруйск»[10], «‎Бабруйскі кур’ер»[11], «Народная Воля», Польскае радыё, CityDog.io[12], s13.ru і іншыя. Сацыяльная сетка «УКантакце» заблакавала шэраг старонак і груп беларускіх незалежных СМІ – «Хартыі-97» і «Флагштока» паводле скаргі Міністэрства інфармацыі Беларусі, «Зеркала» і беларускай «Медыязоны» паводле патрабавання Генеральнай пракуратуры Расіі. 

    Працэдура блакіроўкі непажаданых інтэрнэт-рэсурсаў змянілася: калі раней інтэрнэт-правайдары павінны былі правяраць спіс сайтаў для абмежавання доступу адзін раз у дзень, то цяпер яны абавязаныя рабіць гэта кожныя тры гадзіны на працягу дня і рэалізоўваць блакіроўку на працягу чатырох гадзінаў з моманту ўнясення ў спіс[13].

    Акрамя таго, прэзідэнцкім указам ад 18 кастрычніка быў істотна спрошчаны доступ спецслужбаў да кантэнту інтэрнэт-рэсурсаў. Пэўныя пастаўшчыкі паслуг электрасувязі і ўладальнікі інтэрнэт-рэсурсаў будуць абавязаныя ў трохмесячны тэрмін рэгістравацца ў спецыяльнай інфармацыйнай сістэме электроннага ўзаемадзеяння са спецслужбамі і настройваць свае рэсурсы для бесперашкоднага доступу сілавікоў у рэжыме анлайн. 

    Як вынік такой палітыкі, Беларусь пагоршыла свае пазіцыі ў сусветным рэйтынгу ўзроўню свабоды інтэрнэту, складзеным праваабарончай арганізацыяй Free­dom House, у параўнанні з далёка не простым 2021 годам, на тры пункты: працягваючы заставацца краінай з несвабодным інтэрнэтам, яна атрымала ўсяго 28 балаў з 100[14]

    Новай з’явай 2022 года стала блакіроўка доступу карыстальнікаў з Расіі да беларускіх незалежных медыя ў сувязі з тым, што ў іх асвятляўся вайсковы канфлікт ва Украіне. Па рашэнні Федэральнай службы ў галіне сувязі, інфармацыйных тэхналогій і масавых камунікацый (Раскамнагляд) ці Генеральнай пракуратуры Расійскай Федэрацыі былі заблакаваныя інфармацыйныя сайты Zerkalo.io, «Наша Ніва», «Еўрарадыё», «Медыя-Палессе», «Салiдарнасць» і іншыя. 

    На працягу 2022 года без тлумачэння прычынаў спыніў вяшчанне тэлеканал «БелБізнэсЧэнэл». Гэта быў адзіны ў Беларусі тэлеканал пра бізнэс, пабудаваны на рэтрансляцыі праграмаў расійскага тэлеканала РБК і здымцы ўласных праграмаў на беларускую тэматыку. Перасталі выходзіць рэгіянальная газета «УзГорак» (па не паведамленых публічна прычынах) і найстарэйшая газета Беларусі «Беларусы і рынак» (у адпаведнасці з загадам міністра інфармацыі).

    У Беларусі фактычна дзейнічала цэнзура, у тым ліку ў дзяржаўным медыясектары.

    У сакавіку Міністэрства інфармацыі вынесла папярэджанні дзвюм папулярным беларускім радыёстанцыям – «Радыё Рокс‑М» і «Радыё Бі-Эй» – у сувязі з «распаўсюдам матэрыялаў, што не датычацца складальнікаў спецыялізацыі, якая адлюстраваная ў рэгістрацыйных дакументах радыёпраграмы».

    Навінавы сайт ‎Blizko.by быў часова заблакаваны паводле рашэння Міністэрства інфармацыі[15]. Пасля разблакіроўкі на ім не аказалася палітычных навінаў, у тым ліку архіўных. 

    Сама меней тры супрацоўнікі дзяржаўных СМІ былі звольненыя за выказванні, якія ўлады палічылі праявамі нелаяльнасці, іншыя супрацоўнікі зазналі спагнанні.

    Практычна ўсе буйныя незалежныя інфармацыйныя рэсурсы працягнулі функцыянаваць з‑за мяжы, пры гэтым некаторыя рэдакцыі перажылі паўторную рэлакацыю пасля пачатку вайны ва Украіне.

    Беларуская асацыяцыя журналістаў таксама ажыццяўляла сваю дзейнасць, знаходзячыся ў выгнанні. 

    3 мая ў Мантэвідэа адбылася цырымонія ўзнагароджання БАЖ Сусветнай прэміяй ЮНЭСКА/Гільерма Кано за ўнёсак у свабоду прэсы. 

    «Сваім рашэннем узнагародзіць БАЖ мы выказваем сваю салідарнасць з журналістамі па ўсім свеце, якія крытыкуюць аўтарытарных палітыкаў і рэжымы, пярэчаць ім і праліваюць святло на іх дзеянні, распаўсюджваючы праўдзівую інфармацыю і абараняючы свабоду слова, – адзначыў кіраўнік Міжнароднага журы прэміі Альфрэд Лэла. – Мы сёння вітаем [такіх журналістаў] і ўсхваляем іх. Такім чынам мы кажам ім: мы з вамі і мы цэнім вашу мужнасць»[16]

    Акрамя прэміі ЮНЭСКА, тады ж БАЖ атрымаў узнагароду шведскай секцыі арганізацыі «Рэпарцёры без межаў» (RSF) і Dif­fer­ence Day Hon­orary Title for Free­dom of Expres­sion, які прысуджаецца двума ўніверсітэтамі Брусэля (ULB і VUB).

    Чытайце яшчэ: 

    Электронны бюлетэнь «СМІ ў Беларусі» № 4 (70)

    Электронны бюлетэнь «СМІ ў Беларусі» №2 (69)

    Электронны бюлетэнь «СМІ ў Беларусі» №1 (68) 2022 Студзень–красавік 2022 г.

     

    [1] https://rsf.org/en/index

    [2] https://rsf.org/sites/default/files/medias/file/2022/12/RSF_Bilan2022_EN.pdf

    [4] https://baj.media/en/analytics/we-dont-want-belarus-become-information-black-hole-discussions-free-journalism-forum

    [5] https://baj.media/be/content/za-nyapouny-2022-god-silaviki-zavyali-5000-sprau-za-ekstremizm-i-kipuchaya-dzeynasc-ne

    [6] https://t.me/supremecourtofbelarus/243

    [7] https://baj.media/be/content/eks-glava-mininforma-prokommentiroval-priznanie-tutby-ekstremistskoy-organizaciey

    [8] https://baj.media/be/content/za-nyapouny-2022-god-silaviki-zavyali-5000-sprau-za-ekstremizm-i-kipuchaya-dzeynasc-ne

    [9] https://minsk.gov.by/ru/actual/view/209/2022/inf_material_2022_12.shtml

    [10] https://t.me/viasna96/13809

    [11] https://t.me/viasna96/14043

    [12] https://citydog.io/post/citydog-blakujuc/

    [13] https://pravo.by/document/?guid=12551&p0=T22205145&p1=1&p5=0

    [14] https://freedomhouse.org/country/belarus/freedom-net/2022

    [15] https://news.zerkalo.io/cellar/22663.html?tg

    [16] https://news.un.org/ru/story/2022/04/1422812

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці