• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Масмедыя ў Беларусі №2(55) (студзень – чэрвень 2018 г.)

    У чэрвені 2018 г. у беларускае заканадаўства ў галіне СМІ былі ўнесеныя змены, якія ўзмацнялі дзяржаўны кантроль за медыясферай і, у першую чаргу, за інтэрнэтам. Між тым, дзяржаўнае рэгуляванне ў гэтай сферы ў Беларусі і без таго з’яўляецца адным з найбольш жорсткіх у рэгіёне.

    Сярод падзеяў і тэндэнцыяў першага паўгоддзя магчыма вылучыць абмежаванне доступу ў Беларусі да папулярнага сайта charter97.org, крымінальныя справы, звязаныя са свабодай выказвання меркавання, узмацненне ціску на журналістаўфрылансераў за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ. Працягваліся затрыманні журналістаў і чыніліся іншыя перашкоды іх дзейнасці.

    Усё гэта адбывалася на фоне дыялогу паміж Беларуссю і ЕС і заяваў беларускага кіраўніцтва пра лібералізацыю ў краіне.

    Асноўныя падзеі ў галіне СМІ  ў студзені – чэрвені 2018 г.

    ЗМЕНЫ ЗАКАНАДАЎСТВА  Ў ГАЛІНЕ СМІ

    У чэрвені 2018 г. Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь (беларускі парламент) прыняў закон аб унясенні зменаў у заканадаўства аб СМІ, які істотна пашыраў дзяржаўны кантроль над інтэрнэт-прасторай у Беларусі. Закон, у прыватнасці:

    - уводзіць добраахвотную рэгістрацыю інтэрнэт-рэсурсаў у якасці СМІ, аднак захоўвае неабгрунтавана складаны дазвольны парадак гэтай рэгістрацыі;

    - пазбаўляе інтэрнэт-рэсурсы, якія не змаглі прайсці бар’ер рэгістрацыі, правоў СМІ, а іх карэспандэнтаў – журналісцкага статусу; пры гэтым распаўсюджвае на іх усе меры адказнасці, прадугледжаныя Законам аб СМІ;

    - захоўвае пазасудовы парадак блакавання інтэрнэт-рэсурсаў і ўводзіць дадатковыя падставы для гэтага (напрыклад, выкарыстанне інтэрнэт-рэсурсу для ажыццяўлення дзейнасці, якая забаронена ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь);

    - абавязвае інтэрнэт-рэсурсы ідэнтыфікоўваць каментатараў на сваіх старонках і на форумах, а таксама праводзіць мадэрацыю іх каментароў пад пагрозай адказнасці за іх наяўнасць.

    Папраўкі да заканадаўства аб СМІ былі раскрытыкаваныя прафесійнай супольнасцю.

    Занепакоенасць у сувязі з імі выказаў і прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Арлем Дэзір. “Шмат якія з палажэнняў з’яўляюцца празмернымі і непрапарцыйнымі і могуць спрычыніць абмежаванне свабоды выказвання меркаванняў”, — гаворыцца ў яго заяве.

    Новыя нормы, якія ўсталёўваюць дадатковую адказнасць уладальнікаў інтэрнэт-рэсурсаў, уносяцца і ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях (у арт. 22.0 “Парушэнне заканадаўства аб СМІ”). За распаўсюд забароненай інфармацыі ўсталёўваецца штраф, максімальны памер якога для сайтаў, зарэгістраваных у якасці СМІ, складае 200 базавых велічыняў (больш як 2000 еўра), а для інтэрнэт-рэсурсаў, якія не маюць статусу СМІ, — 100 базавых велічыняў. Кантроль за выкананнем заканадаўства аб СМІ ў гэтай галіне ўскладаецца на супрацоўнікаў міліцыі.

    АБМЕЖАВАННЕ ДОСТУПУ  ДА ІНТЭРНЭТ-РЭСУРСАЎ

    24 студзеня 2018 г. Міністэрства інфармацыі прыняло рашэнне аб абмежаванні доступу да інтэрнэт-рэсурсу charter97.org.

    Гэтае рашэнне Мінінфарм абгрунтаваў размяшчэннем на рэсурсе забароненай інфармацыі.

    ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” адзначыла, што блакаванне сайта charter97.org — гэта ўжо другое на працягу месяца рашэнне Міністэрства інфармацыі аб абмежаванні доступу на тэрыторыі Беларусі да папулярных інфармацыйных рэсурсаў (напрыканцы снежня было прынятае рашэнне аб блакаванні сайта “Беларускі партызан” (belaruspartisan.org)).

    У абодвух выпадках рашэнні аб абмежаванні свабоды выказвання прымаліся непразрыста, без папярэджання ўладальнікаў сайтаў і інфармавання пра матэрыялы, якія сталіся абгрунтаваннем для блакавання, а таксама без паведамлення пра тое, якім чынам дадзеныя матэрыялы парушаюць заканадаўства. Не было на гэты конт і судовага рашэння.

    КРЫМІНАЛЬНЫ  ПЕРАСЛЕД

    “СПРАВА РЭГНУМАЎЦАЎ”

    2 лютага Мінскі гарадскі суд вынес абвінаваўчы прысуд па крымінальнай справе супраць трох беларускіх аўтараў, матэрыялы якіх публікаваліся на сайце інфармацыйнай агенцыі REGNUM, а таксама ў шэрагу іншых расійскіх СМІ, – Юрыя Паўлаўца, Дзмітрыя Алімкіна і Сяргея Шыпценкі. Суд пастанавіў прызнаць іх віноўнымі ў наўмысных дзеяннях, накіраваных на распальванне нацыянальнай варажнечы, здзейсненай групай асобаў (частка 3 артыкула 130 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь), і прызначыў пакаранне ў выглядзе пяці год пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання прысуду на тры гады. Асуджаныя былі вызваленыя ў залі суда. Калі на працягу тэрміну адтэрміноўкі яны не здзейсняць парушэнняў грамадскага парадку і будуць выконваць прадпісанні суда, то могуць быць вызваленыя ад адбывання пакарання па рашэнні суда.

    Падставай для ўзбуджэння “справы рэгнумаўцаў” стаўся зварот у Следчы камітэт Міністэрства інфармацыі пра наяўнасць у публікацыях гэтых аўтараў праяваў экстрэмізму.

    Абвінавачаныя знаходзіліся пад вартай 14 месяцаў — з моманту затрымання ў снежні 2016 г.

    “Гэты прысуд быў бы дарэчны для небяспечных злачынцаў, каб стрымаць іх ад паўторнага здзяйснення злачынства, але не для блогераў, якія былі прыцягнутыя да адказнасці за выказванне супярэчлівых поглядаў”, — заявіў Ёган Бір, кіраўнік аддзела “Рэпарцёраў без межаў” па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі. “У адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі свабоды выказвання меркаванняў няма падставаў для такога несувымернага прысуду. Мы заклікаем да таго, каб гэтыя прысуды былі адмененыя паводле апеляцыі”.  

    Ю. Паўлавец і С. Шыптэнка абскардзілі прысуд, аднак Вярхоўны суд пакінуў яго ў сіле.

    СПРАВА КІРАЎНІКА БЕЛАПАН  АЛЕСЯ ЛІПАЯ

    12 чэрвеня 2018 г. была ўзбуджаная крымінальная справа ў дачыненні да кіраўніка лідуючай незалежнай інфармацыйнай агенцыі БелаПАН Алеся Ліпая. Справа ўзбуджаная ўпраўленнем Дэпартаменту фінансавых расследаванняў па факце наўмыснага ўхілення ад выплаты падаходнага падатку ў асабліва вялікім памеры за 2016 – 2017 гады (ч.2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь). Беларускія праваабарончыя арганізацыі заявілі пра палітычны матыў справы і звязалі яе з агульнай тэндэнцыяй узмацнення ціску на недзяржаўныя СМІ і інтэрнэт-рэсурсы ў Беларусі.

    УЗМАЦНЕННЕ ЦІСКУ  НА ЖУРНАЛІСТАЎ-ФРЫЛАНСЕРАЎ  ЗА СУПРАЦУ З ЗАМЕЖНЫМІ СМІ

    У 2017 г. БАЖ выказваў трывогу ў сувязі з рэзкім узмацненнем пераследу журналістаў-фрылансераў за супрацу з замежнымі СМІ. У мінулым годзе суды 69 разоў штрафавалі журналістаў на падставе ч.2 арт. 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Беларусі, што больш, чым за тры папярэднія гады, разам узятыя.

    Частка 2 арт. 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях прадугледжвае адказнасць за незаконны выраб і/ці распаўсюд прадукцыі СМІ. На думку БАЖ, журналісты не могуць прыцягвацца да адказнасці паводле гэтага артыкула, бо прадукцыю СМІ вырабляюць рэдактары, а распаўсюджваюць распаўсюднікі. Адказнасці за дзейнасць без акрэдытацыі Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях не прадугледжвае.

    У 2018 годзе становішча яшчэ больш пагоршылася. За першае паўгоддзе колькасць штрафаў па ч.2 арт. 22.9 ужо наблізілася да 60, а агульная сума – да 50 000 беларускіх рублёў (больш як 20 000 еўра).

    У большасці выпадкаў пераследуюцца журналісты, якія супрацоўнічаюць з тэлеканалам “Белсат”. “Белсат” уваходзіць у структуру Польскага тэлебачання, але пазіцыянуе сябе як першы незалежны тэлеканал Беларусі.

    Пытанне пра пераслед журналістаўфрылансераў ужо некалькі год абмяркоўваецца ў рамках дыялогу аб правах чалавека паміж Еўрапейскім Саюзам і Рэспублікай Беларусь. Аднак замест змянення практыкі прымянення часткі 2 артыкула 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях улады ўносяць дадатковую адказнасць за распаўсюд “забароненай інфармацыі” ў інтэрнэце.

    ЗАТРЫМАННІ, ВОБШУКІ,  ІНШЫЯ ПЕРАШКОДЫ ДЗЕЙНАСЦІ ЖУРНАЛІСТАЎ І БЛОГЕРАЎ

    На працягу першага паўгоддзя 2018 года ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” зафіксавала больш як 70 выпадкаў парушэння правоў журналістаў, у тым ліку 11 затрыманняў і некалькі вобшукаў (аглядаў) памяшканняў журналістаў і блогераў.

    18 лютага, у дзень асноўнага галасавання на выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў, на выбарчым участку ў Мінску быў збіты журналіст Андрусь Козел. На ўчастку ён вёў відэатрансляцыю падліку галасоў у “Фэйсбук” у якасці даверанай асобы аднога з кандыдатаў у дэпутаты. Супрацоўнікі міліцыі запатрабавалі ад журналіста спыніць трансляцыю, а пасля атрыманае адмовы яго збілі, затрымалі і абвінавацілі ў непадпарадкаванні законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі. А.Козел правёў ноч у ізалятары часовага ўтрымання, пасля чаго суд Цэнтральнага раёна г.Мінска накіраваў справу на дапрацоўку, а А.Козела вызваліў з‑пад варты.

    7 сакавіка А.Козел быў аштрафаваны за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі (арт. 23.4 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях) на 735 беларускіх рублёў (больш як 300 еўра).

    22 лютага ў кватэры бацькоў 19-гадовага блогера з Мінска Сцяпана Святлова (Nex­ta) быў праведзены агляд, былі забраныя ноўтбук і відэакамера. Сам блогер у гэты час знаходзіўся ў Польшчы, дзе навучаецца ва ўніверсітэце. Супрацоўнікі міліцыі патлумачылі, што выманне тэхнікі адбылося ў межах праверкі грамадзяніна па справе аб абразах прэзідэнта, якія нібыта гучалі на канале Nex­ta на YouTube.
    25 сакавіка, у дзень святкавання 100-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі (даты, якая традыцыйна адзначаецца дэмакратычнымі сіламі Беларусі як Дзень Волі) былі зафіксаваныя не менш як 10 выпадкаў затрымання журналістаў падчас выканання імі сваіх прафесійных абавязкаў.

    На пляцоўцы, дзе адбываўся санкцыянаваны ўладамі святочны канцэрт, зніклі каля 10 дронаў, пры дапамозе якіх вялася відэатрансляцыя. Іх уладальнікі, у тым ліку прадстаўнікі СМІ, лічаць, што іх знікненне звязанае з дзеяннямі праваахоўных органаў.

    Міністр унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч паведаміў журналістам, што не ведае, што адбылося з дронамі: “Гэта магла быць тэхнічная памылка аператара, мог быць збой у працы кіруючых сістэмаў, а маглі і скрасці – не выключаю нічога, разбіраемся”.
    12 траўня сталася вядома, што міліцыя правяла агляд кватэры брэсцкага блогера Сяргея Пятрухіна. У яго былі забраныя ноўтбук, планшэт, тэлефон і фотаапарат.

    Рэйтынгі, індэксы, статыстыка

    Міжнародная праваабарончая арганізацыя Free­dom House у сваім рэйтынгу свабоды СМІ ў свеце ў 2018 годзе аднесла Рэспубліку Беларусь да несвабодных краінаў і мінімальна ацаніла ступень свабоды СМІ і свабоды інтэрнэту ў краіне (1 бал з чатырох). Пры гэтым “Статус свабоды прэсы” і “Статус свабоды інтэрнэту” дзяржавы былі вызначаныя як “несвабодныя”.

    У чарговым рэйтынгу свабоды прэсы міжнароднай арганізацыі “Рэпарцёры без межаў”, апублікаваным у красавіку 2018 года, Беларусь заняла 155 месца сярод 180 дзяржаваў свету, што на дзве пазіцыі ніжэй за папярэдні год.

    ****

    Змест гэтага электроннага выдання абаронены нормамі Аўтарскага права. Спасылка на ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» пры выкарыстанні матэрыялаў ЭЛЕКТРОННАГА БЮЛЕТЭНЯ «СМІ Ў БЕЛАРУСІ» з’яўляецца абавязковай.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці