• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Масмедыя ў Беларусі, №2 (61), 2020. СМІ БЕЛАРУСІ ПАДЧАС КАРАНАВІРУСА

    Беларусь аказалася адной з нешматлікіх еўрапейскіх краінаў, у якіх не быў абвешчаны каранцін у сувязі з COVID-19, і, больш за тое, улады доўгі час увогуле адмаўлялі сур’ёзнасць захворвання. Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка называў пандэмію «псіхозам» і «інфадэміяй» і заклікаў Мінінфарм і сілавыя структуры змагацца з распаўсюдам «хайпу» на тэму каранавіруса.

    СМІ Ў БЕЛАРУСІ. ЭЛЕКТРОННЫ БЮЛЕТЭНЬ

    № 2 (61) 2020

    Спецвыпуск

    СМІ ПАДЧАС КАРАНАВІРУСА

    «І Камітэту дзяржбяспекі больш жорстка тут, і міліцыі, і Мінінфарм няхай наглядае за ўсімі… І не баяцца, што нас абвінавацяць у якой-колечы недэмакратычнасці. Міне ўсё гэта, і мы паглядзім, хто нагнятаў псіхоз»

    Аляксандр Лукашэнка, Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь

    «Журналістаў не варта запалохваць, пераследаваць або затрымліваць за рэпартажы па пытаннях, якія ўяўляюць грамадскую цікавасць, і па становішчы з COVID-19. У Беларусі, як і ва ўсіх краінах, журналісты адыгрываюць ключавую ролю ў асвятленні пандэміі і наданні важнай інфармацыі грамадскасці»

    Арлен Дэзір, прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ

     

    СМІ БЕЛАРУСІ ПАДЧАС КАРАНАВІРУСА

    Беларусь аказалася адной з нешматлікіх еўрапейскіх краінаў, у якіх не быў абвешчаны каранцін у сувязі з COVID-19, і, больш за тое, улады доўгі час увогуле адмаўлялі сур’ёзнасць захворвання. Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка называў пандэмію «псіхозам» і «інфадэміяй» і заклікаў Мінінфарм і сілавыя структуры змагацца з распаўсюдам «хайпу» на тэму каранавіруса.
    21 сакавіка А. Лукашэнка публічна звярнуўся да старшыні Камітэта дзяржбяспекі Валерыя Вакульчыка з заклікам разабрацца з «нягоднікамі, якія ўкідваюць фэйкі» (пра смерці, звязаныя з COVID-19): «Ужо хопіць на гэта глядзець. Трэба дбайна прайсціся па гэтых сайтах, каналах».

    Праз 4 дні, 25 сакавіка, быў затрыманы журналіст-даследчык Сяргей Сацук, рэдактар прыватнага анлайн-выдання «Штодзённік». «Рэпарцёры без межаў» звязалі яго затрыманне з крытыкай журналістам «стратэгіі прэзідэнта супраць эпідэміі COVID-19».

    Крымінальны пераслед Сяргея Сацука

    Сяргей Сацук вядомы як журналіст і рэдактар, які займаецца журналісцкімі расследаваннямі. Адным з яго гучных расследаванняў была серыя публікацыяў у анлайн-выданні «Штодзённік» пра карупцыю ў сістэме аховы здароўя Беларусі. Пазней у дачыненні да шэрагу высокапастаўленых пасадовых асобаў Міністэрства аховы здароўя былі вынесеныя абвінаваўчыя прысуды за карупцыйную дзейнасць. У жніўні 2019 года Сяргей Сацук у інтэрв’ю БелаПАН заявіў, што атрымліваў пагрозы з‑за сваёй журналісцкай дзейнасці.

    Пасля затрымання Сяргея Сацука былі праведзеныя вобшукі ў яго дома і ў офісе «Штодзённіка», канфіскаваныя аргтэхніка, дакументы.

    Камітэт дзяржаўнага кантролю пракаментаваў затрыманне толькі праз 6 дзён, абвінаваціўшы журналіста ў атрыманні хабару ў буйным памеры «за падрыхтоўку і размяшчэнне на прыналежным яму сайце артыкула, які ўтрымлівае кампраментуючыя звесткі ў дачыненні да канкурэнтаў суб’екта гаспадарання».

    Затрыманне С. Сацука і крымінальная справа ў адносінах да яго выклікалі рэзкую крытыку з боку беларускай і міжнароднай грамадскасці. Прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Арлем Дэзір і Беларуская асацыяцыя журналістаў. звязалі ўзбуджэнне крымінальнай справы ў дачыненні да С. Сацука з яго папярэднімі матэрыяламі па пытаннях карупцыі ў сектары аховы здароўя. З патрабаваннем вызваліць журналіста-даследчыка выступілі таксама дэлегацыя Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю, беларускія праваабарончыя арганізацыі, Міжнародная і Еўрапейская федэрацыі журналістаў, Каардынацыйны камітэт Беларускай нацыянальнай платформы Форуму грамадзянскай супольнасці краін Усходняга партнёрства.

    На дзясяты дзень пасля затрымання генеральны пракурор Беларусі адмяніў рашэнне пра ўзяцце рэдактара выдання «Штодзённік» Сяргея Сацука пад варту.

    Аднак крымінальная справа ў адносінах да яго не спыненая.

    Адміністрацыйны пераслед інтэрнэт-выдання «Медыя-Палессе»

    6 красавіка Міністэрства інфармацыі вынесла пісьмовае папярэджанне ўладальніку сайта «Медыя-Палессе» (Media-polesye.by) у сувязі з публікацыяй пра каранавірус у рэгіёне, размешчанай на гэтым анлайн-рэсурсе. Мінінфарм пазначыў, што «падчас праверкі, якая была праведзеная сумесна з Брэсцкім абласным выканаўчым камітэтам, было высветлена, што ў дадзенай публікацыі ўтрымлівалася недакладная інфармацыя пра смерць пацыента, распаўсюд якой здатны нанесці шкоду дзяржаўным і грамадскім інтарэсам».

    Рэдакцыя прызнала памылку, аднак адзначыла, што інфармацыя была выпраўленая на працягу 15 хвілін пасля яе з’яўлення на сайце, а таксама тое, што пацыент і яго сям’я прэтэнзіяў не выказвалі. Аднак праз некалькі дзён участковы інспектар Лунінецкага РУУС узбудзіў адміністрацыйную вытворчасць па гэтым выпадку. Ён абвінаваціў «Медыя-Палессе» у тым, што інфармацыя, апублікаваная на сайце, нанесла шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь і «паспрыяла нагнятанню сацыяльнай напружанасці ў грамадстве, стварэнню панічных настрояў, вядзе да масавага дэзінфармавання насельніцтва».

    Неабходна адзначыць, што эпідэміялагічная сітуацыя ў рэгіёне вельмі складаная. Больш за тое, журналіст выдання Васіль Мацкевіч памёр з сімптомамі, якія былі вельмі падобныя на сімптомы COVID-19 (хаця тэсты і былі адмоўныя).

    Тым не менш, 13 траўня суд Лунінецкага раёна аштрафаваў рэдакцыю сайта «Медыя-Палессе» на 120 базавых велічыняў (каля 1250 еўра паводле курсу Нацбанка Рэспублікі Беларусь) паводле ч. 3–1 арт. 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях («Распаўсюд сродкам масавай інфармацыі інфармацыі, распаўсюд якой забаронены ў сродках масавай інфармацыі…»).

    Паводле звестак ГА «БАЖ» гэта быў першы выпадак выкарыстання дадзенай прававой нормы, якая была ўнесеная ў КаАП у 2018 годзе.

    Абмежаванні доступу СМІ да інфармацыі пра эпідэміялагічнае становішча

    Гэтыя падзеі адбываліся на фоне паўсюдных адмоваў журналістам у атрыманні інфармацыі пра эпідэміялагічную сітуацыю.

    30 сакавіка ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» апублікавала заяву аб неабходнасці надання аператыўнай і праўдзівай інфармацыі пра распаўсюд COVID-19.

    Заяву БАЖ падтрымалі найбуйнейшы навінавы інтэрнэт-рэсурс краіны TUT.by, інфармацыйная агенцыя БелаПАН і сайт Naviny.by.

    Аднак гэтая звароты засталіся непачутымі. Апошні брыфінг Міністэрства аховы здароўя для журналістаў, на якім яны маглі б задаваць пытанні прадстаўнікам міністэрства, адбыўся 17 красавіка. На наступным брыфінгу праз тыдзень Міністэрства аховы здароўя абмежавалася зачытваннем прэс-рэлізу без магчымасці для журналістаў задаць свае пытанні. Пасля гэтага міністэрства пачало надаваць інфармацыю толькі праз свае прэс-рэлізы.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці