Маніторынг асвятлення ў СМІ парламенцкіх выбараў 2019 года. Другі этап
ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” прэзентавала вынікі другога этапу маніторынгу асвятлення ў СМІ парламенцкіх выбараў 2019 года.
ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”
Асвятленне парламенцкіх выбараў 2019 г. у беларускіх СМІ
Бюлетэнь № 2
(19 кастрычніка — 11 лістапада 2019 г.)
1. Уводзіны
Бюлетэнь падсумоўвае вынікі другога этапу маніторынгу.
У гэты перыяд адбылася рэгістрацыя кандыдатаў, якія распачалі агітацыйную кампанію. Прэтэндэнты атрымалі магчымасць звярнуцца да выбаршчыкаў па тэлебачанні і па радыё. А таксама надрукаваць свае праграмы ў газетах.
2. Падсумаванне вынікаў
Характар асвятлення выбарчай кампаніі ў дзяржаўных СМІ істотна не змяніўся. У іх па-ранейшаму былі відавочныя акцэнты на тэхнічную і дэперсаніфікаваную інфармацыю, дэпалітызацыю выбарчага працэсу і маргіналізацыю яе асноўных удзельнікаў.
Кандыдаты ў дэпутаты мелі роўныя магчымасці доступу да медыя. Аднак выступы папярэдне не анансаваліся. З праграм ТБ- і радыёперадач выбаршчыкі не маглі даведацца пра канкрэтны дзень і час выступу сваіх кандыдатаў.
Тэлеканал “Беларусь 3”, на якім быў зарэзерваваны час для выступу большасці прэтэндэнтаў, не належыць да самага рэйтынгавага. А трансляцыі радыёзваротаў адбываліся не ў самы зручны час (з 7.00 да 7.30), калі большасць людзей збіраецца альбо рушыць да месца працы.
У аналізаваных дзяржаўных медыя не было аніякіх перадач, дзе прадстаўнікі палітычных партый, якія бяруць удзел у кампаніі, ці іх прыхільнікі маглі б дыскутаваць адносна палітычных праграм сваіх кандыдатаў альбо проста абмяркоўваць ход і арганізацыю выбарчай кампаніі.
У тых жа медыя адсутнічаў плюралізм меркаванняў; журналісты агучвалі і салідарызаваліся толькі з адной пазіцыяй.
Недзяржаўныя медыя хоць і публікавалі значна больш разнастайную інфармацыю, у тым ліку і крытычную, аднак у асвятленні выбарчай кампаніі не складалі рэальную канкурэнцыю дзяржаўным СМІ.
З матэрыялаў і ў дзяржаўных, і ў недзяржаўных медыя не вынікае, што электаральная актыўнасць грамадзян знаходзілася на высокім узроўні.
3. Канкрэтныя факты і дадзеныя
3.1 Дзяржаўныя медыя
Няма сумневу, што выступы і медыядэбаты кандыдатаў — найбольш істотная частка выбарчай кампаніі. Абавязак забяспечыць роўны доступ быў ускладзены на шэраг дзяржаўных СМІ[1].
Працягласць выступаў складала 5 хвілін. Па тэлебачанні яны трансляваліся ў вячэрні прайм-тайм: з 19.00 да 20.40 за выключэннем двух дзён (22 і 29 кастрычніка), калі эфірны час на “Беларусь 3”, адведзены для выступаў кандыдатаў, доўжыўся паўгадзіны — з 19.00 да 19.30). На тым жа канале ў пазначаны час адбываліся і тэледэбаты. Актыўны ўдзел кожнага кандыдата не мусіў перавышаць 5 хвілін. Да таго ж усе яны маглі надрукаваць свае перадвыбарчыя праграмы ў дзяржаўных газетах[2].
Фармальна дзяржаўныя медыя спрычыніліся да разгортвання агітацыйнай кампаніі.
Разам з тым яны практычна ніколі не акцэнтавалі ўвагу на канкурэнцыі ідэй, не імкнуліся пашыраць інфармацыю пра праграмы кандыдатаў ці палітычных партый, што ўдзельнічаюць у выбарах. Больш за тое, выконвалі ролю стрымлівання ці нават блакавання палітычнай актыўнасці. Такое сцвярджэнне вынікае з наступнага:
- Выступы кандыдатаў на ТБ і па радыё не дубляваліся на сайтах адпаведных тэлекампаній і радыёканалаў ці на YouТube, хоць шмат якія іншыя матэрыялы туды патраплялі.
- З праграм перадач немагчыма было даведацца, хто і калі будзе звяртацца да сваіх выбаршчыкаў. Праграма перадач тэлеканала “Беларусь 3” (беларускі варыянт канала пра культуру з аўдыторыяй, нескіраванай на палітыку) адно пазначала: “Парламенцкія выбары – 2019”. І аніякай інфармацыі больш. Тое ж самае тычыцца і дэбатаў. У праграме перадач СТВ пазначана “Парламенцкія выбары – 2019. Дэбаты”.
- Выступы кандыдатаў трансляваліся не на самых рэйтынгавых тэле- і радыёканалах. А друкавалі іх не самыя тыражныя агульнанацыянальныя газеты.
- У дзяржаўных электронных і друкаваных медыя не было інфармацыі, на падставе якой выбаршчыкі маглі б скласці ўяўленне пра расклад палітычных сіл у краіне, зразумець якім чынам розныя палітычныя партыі плануюць вырашаць найбольш істотныя праблемы беларускага грамадства.
- Патэнцыйныя выбаршчыкі хоць і прысутнічалі ў гэтых медыя (апытанкі на вуліцах), аднак, мяркуючы па адказах, пытанні, якія ім задавалі журналісты, не мелі выразнага палітычнага характару.
- Вобраз будучага парламента, які фармавалі дзяржаўныя медыя, асацыяваўся галоўным чынам не з яго заканадаўча-палітычнай функцыяй, а з партрэтам будучых дэпутатаў (іх узростам, полавай прыналежнасцю, сямейным статусам, прафесіяй, ранейшым досведам працы ў парламенце і нават рысамі характару).
Нарэшце, адзначым, што колькасныя паказчыкі гэтага этапу маніторынгу не сведчаць, што тэма выбараў была прыярытэтная.
Так, штодзённая навінавая праграма “Панарама” тэлеканала “Беларусь 1” адвяла галоўнай тэме 1,6 % часу параўнальна з часам, прысвечаным іншым тэмам. (У мінулы перыяд маніторынгу гэтая лічба складала 2,7 %.)
Для параўнання: прагноз надвор’я заняў 7 %, а спорт — 11 % ад агульнага часу праграмы. І яшчэ большае падзенне ўвагі да тэмы выбараў у праграме “Наши новости” ОНТ — усяго каля 1 %.
А праграма “Радыёфакт” (Першы нацыянальны канал Беларускага радыё) зменшыла гэты час да 2 % (у папярэдні перыяд выбарчая тэматыка складала каля 5 % часу).
Такая ж тэндэнцыя характэрная і для дзяржаўных газет. Сімптаматычна, што цягам некалькіх нумароў у самай тыражнай газеце краіны “СБ. Беларусь сегодня” матэрыялы, прысвечаныя выбарчай кампаніі, увогуле адсутнічалі.
На гэтым фоне яшчэ больш заўважным было пазітыўнае пазіцыянаванне праўладных арганізацый: БРСМ, ФПБ, “Белая Русь”, якія маюць сваіх кандыдатаў і ўдзельнічаюць у назіранні за выбарамі. (Адпаведныя лічбы датычна гэтых ды іншых суб’ектаў маніторынгу можна ўбачыць на графіках.)
У маніторынгавы перыяд дзяржаўныя медыя досыць актыўна абмяркоўвалі партрэт будучага дэпутата, прывядзем колькі характэрных цытат.
23 кастрычніка ОНТ распачало новы праект “ОбъективНо”. І ўжо ў першым выпуску вядоўца пытаўся ў гледачоў: “Кстати, а вы уже определились, что должно быть в кандидате, чтобы ему можно было доверить ваш голос?”.
Як можна бачыць, пытанне скіроўвае увагу не на вартасць палітычных праграм ці ідэй, а на характарыстыку асобы.
А гэта анонс матэрыялу, які прагучаў у праграме “Радыёфакт” (06.11.2019): “Партрэт ідэальнага дэпутата. Саюз моладзі запрашае выбаршчыкаў выказацца пра галоўныя ўласцівасці народнага абранніка”.
Нарэшце, цікавае пытанне вядоўцы ў іншым выпуску праграмы “ОбъективНо” (06.11.2019): “Вот я представляю: 17 ноября приходит кто-то из наших зрителей в кабинку для голосования. Он видит — и как ему понять: вот этот — балобол, а… кто — профессионал, компетентен и может соответствовать статусу депутата?”.
Змадэляваная журналістам сітуацыя фактычна кажа пра тое, што за тыдзень да галасавання прэтэндэнты на дэпутатства і іх праграмы — невядомыя большасці выбаршчыкаў. Гэтак жа сама як і праграмы палітычных партый, што ўдзельнічаюць у парламенцкіх выбарах.
3.2 Недзяржаўныя медыя
Няма сумневу, што мадэль асвятлення выбарчай кампаніі ў недзяржаўных медыя мае шэраг істотных адрозненняў.
Па-першае, яны пазбягалі ананімнай рэпрезентацыі ўдзельнікаў выбарчага працэсу.
Па-другое, галоўныя актары выбарчай кампаніі (як апазіцыйныя, так і неапазіцыйныя кандыдаты і палітыкі) маглі ў іх выказвацца.
Па-трэцяе, недзяржаўныя медыя (за выключэннем “Комсомольской правды” в Белоруссии”) заўважна павялічылі аб’ём матэрыялаў, адведзены выбарчай тэматыцы.
Па-чацвёртае, яны імкнуліся падаваць розныя погляды і ацэнкі выбарчай кампаніі.
Па-пятае, у іх прысутнічала палітычная аналітыка і крытычныя меркаванні што да дзейнасці ўлады, ЦВК, арганізацыі выбарчай кампаніі.
Па-шостае, яны выказвалі той спектр меркаванняў і палітычных ацэнак выбаршчыкаў, якія немагчыма знайсці ў дзяржаўных СМІ.
Некалькі лічбаў і фактаў.
Інфармацыйны партал TUT.BY рэпрэзентаваў 71 кандыдата, называючы іх па прозвішчах! Для параўнання: ў мінулы перыяд маніторынгу названых кандыдатаў было ўсяго 7. Істотна павялічыўся аб’ём канкрэтнай інфармацыі, скіраванай на выбаршчыкаў. На сайце прысутнічала выбарчая аналітыка. З’яўляліся відэа, прысвечаныя тэме выбараў.
Газета “Народная воля” “размаўляла” з некалькімі апазіцыйнымі кандыдатамі, падавала інфармацыю пра канкрэтныя праблемы выбарчай кампаніі і крытыкавала ўладу.
Хоць недзяржаўная інтэрнэт-газета Naviny.by гэтым разам і не была аб’ектам маніторынгу, аднак, нельга не адзначыць яе бліскучы і прафесійна рэалізаваны праект “Дэбаты – 2019”, у якім бралі ўдзел самыя розныя кандыдаты — партыйныя і непартыйныя, праўладныя і апазіцыйныя.
4. Высновы
У асвятленні выбарчай кампаніі дзяржаўнымі медыя адсутнічалі: выразная драматургія, барацьба пазіцый, канкурэнцыя палітычных ідэй і платформ. А сама тэма выбараў не з’яўлялася прыярытэтнай.
Галоўныя актары (палітычныя партыі і большасць кандыдатаў), нягледзячы на актыўную фазу выбарчай кампаніі, не былі бачныя выбаршчыкам.
Пазнавальнымі ў дзяржаўных СМІ заставаліся адно колькі праўладных арганізацый. Што да апанентаў улады, іх пазіцыі ў апублікаваных дзяржаўнымі СМІ матэрыялах не былі пазначаныя. Калі ж пра іх і вялася гаворка, дык толькі ў негатыўным ключы.
Недзяржаўныя медыя актыўна знаёмілі выбаршчыкаў з самымі рознымі кандыдатамі, іх поглядамі і палітычнымі партыямі. Гэтыя медыя спрыялі ўсвядомленаму выбару грамадзян, якія цікавяцца палітыкай і будуць удзельнічаць у галасаванні.
Аднак уплыў недзяржаўных медыя на электаральны працэс не з’яўляецца вырашальным, паколькі фармаванне інфармацыйна-палітычнага “парадку дня” ў краіне па-ранейшаму належыць дзяржаўным электронным і друкаваным СМІ.
Ілюстрацыі і метадалогія — у далучаных PDF-файлах.