Інфармацыйная вайна: хто ў Беларусі распаўсюджвае расійскія фэйкі і дэзінфармацыю
Старшыня БАЖ Андрэй Бастунец і медыяэксперт Міхаіл Дарашэвіч падзяліліся вынікамі апошніх даследаванняў беларускага медыйнага поля: хто і як у Беларусі распаўсюджвае расійскую прапаганду.
«Амаль палову ўсяго эфіру беларускага тэлебачання займаюць расійскія перадачы»
Старшыня БАЖ Андрэй Бастунец напачатку абмаляваў агульную карціну з незалежнымі медыямі ў Беларусі:
— Амаль усе вядучыя медыі вымушаныя з’ехаць з краіны, іхнія сацсеткі прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а самі выданні — «экстрэміцскімі фарміраваннямі», што само па сабе з’яўляецца падставай для крымінальнага пераследу, — адзначыў старшыня БАЖ.
Мэта «новай інфармацыйнай палітыкі» беларускага рэжыму — адвадзіць аўдыторыю ад незалежных СМІ. У Беларусі ўзбуджалі больш за 5 тысячаў cправаў па «экстрэмісцкіх злачынствах» — пераважна за дзеянні ў інтэрнэце.
Беларускія ўлады выцясняюць незалежныя медыі з беларускай медыяпрасторы, а іхняе месца (якое, як вядома, ніколі пустым не бывае) займаюць прарэжымныя, прарасійскія і дзяржаўныя медыі.
У Беларусі дзяржава захавала манаполію на тэлебачанне (прыватызацыі медыяў у Беларусі, у адрозненне ад шмат якіх краін постсавецкай прасторы, не адбылося наогул). Таму дзяржаўнае тэлебачанне сёння і выступае ў якасці галоўнага рупара прапаганды.
БАЖ з 2019 года праводзіць маніторынгі прарасійскай прапаганды беларускіх тэлеканалаў. У лютым 2024 года было праведзенае чарговае даследванне, пад якое трапілі «Беларусь 1», АНТ і СТВ.
Сярод іншага вымяраліся колькасць і час паказу на гэтых каналах тэлепрадукцыі, вырабленай у Расіі ці з яе ўдзелам, у прайм-тайм (з 19.00 да 24.00).
На «Беларусь 1» тэлепрадукцыя, вырабленая у Расіі ці з яе ўдзелам, складала 25,7% сюжэтаў, ці 57,13% эфірнага часу, на АНТ — 59,2% і 45,9% адпаведна, на СТВ – 22, 3% і 48,2%.
Гаворка ідзе не толькі пра інфармацыйныя перадачы, але і пра расійскія фільмы, канцэрты, іншую забаўляльную прадукцыю, якія ствараюць для гледача фон успрыняцця. Лічба атрымалася больш чым красамоўная: каля 50% прайм-тайма беларускіх тэлеканалаў займала расійская прадукцыя.
Але, як ні падаецца дзіўным, за апошнія гады гэтыя паказчыкі крыху знізіліся.
На «Беларусь 1» колькасць расійскага кантэнту складала 63% у 2019 годзе, 63,6% — у 2020, і 57, 13% — у 2024 годзе. На АНТ сітуацыя па гадах размеркавалася наступным чынам: 72% — у 2019 годзе, 79% — у 2020 годзе, 45,9% — у 2024 годзе, на СТВ: 47% (2019 год), 56% (2020 год), 48,2% (2024 год).
Маніторцы вывучалі таксама галоўныя прарасійскія і антызаходнія наратывы, якія агучвае беларускае тэлебачанне падчас выніковых інфармацыйных перадач дня. Сярод сюжэтаў з такімі наратывамі (больш за траціну ад усіх сюжэтаў, а дакладней 34–38%) ад 10 да 17% насілі антыўкраінскі характар. А самае «віднае» месца займала прапаганда, скіраваная супраць так званага «калектыўнага Захаду» — амаль палову ўсяго кантэнту.
Звычайная стужка беларускага тэлебачання, якая тычылася менавіта Украіны, выглядала прыкладна так: вайна ва Украіне – гэта вайна Захаду супраць Расіі; Украіна пазбаўляецца міжнароднай падтрымкі, бо на Захадзе хапае і ўласных праблем; Захад, СБУ ды беглыя хочуць захапіць беларускія землі.
«Антызаходнія» сюжэты разам з «антыукраінскімі» сюжэтамі у выніковых навінавых перадачах займалі на трох тэлеканалах ад 57 да 70% (ад усіх сюжэтаў з прапагадысцкімі наратывамі).
Ад 30 да 42% ад колькасці такіх сюжэтаў складалі сюжэты з месэджамі кшталту «Беларусь не зламіць санкцыямі», «Беларусь разам з Расіяй», «Агульная памяць, агульная перамога».
«Прапагандысты вельмі любяць і ўжываць, і распаўсюджваць фэйкі»
Медыяэксперт Міхаіл Дарашэвіч расказаў пра распаўсюджванне расійскіх наратываў у мэсэнджарах і сацсетках. Высновы зробленыя на падставе даследавання медыяспажывання беларускай інтэрнэт-аўдыторыі ў краіне і за мяжой, якое было праведзена ў верасні-кастрычніку 2023 года па ініцыятыве Кааліцыі па лічбавых навыках і Беларускай нацыянальнай платформы.
Напрыклад, даследчыкі выявілі істотную розніцу ў медыяспажыванні інфармацыйнага кантэнту асноўнымі цэнтрамі беларускай эміграцыі (Польшча, Літва, Грузія), і жыхарамі ўнутры Беларусі.
З якіх крыніц мы часцей за ўсё чэрпаем інфармацыю? Самай папулярнай крыніцай аказаўся YouTube, на другім месцы — сайты і СМІ ў інтэрнэце, на трэцім — сацыяльныя сеткі, і толькі на чацвёртым месцы знаходзяцца тэлеграм-каналы ды іншыя мэсэнджары.
А вось безумоўным лідарам сярод мэсэнджараў з’яўляецца Telegram: 65% беларускай эміграцыі і 66% аўдыторыі з Беларусі аддаюць перавагу інфармацыі менавіта з тэлеграм-каналаў.
Агульная для ўсіх беларусаў пяцёрка лідараў сярод мэсэнджараў выглядае так: Telegram, Viber, WhatsApp, Facebook, Discord.
Адказы на пытанне «Ці ёсць крыніцы інфармацыі, якім вы давяраеце больш, чым астатнім? І калі так, то якім менавіта?» выявілі сумную тэндэнцыю: кожны чацвёрты апытаны не давярае ніякім крыніцам.
Рэспандэнты лічаць, што галоўнымі крыніцамі распаўсюджвання фэйкавай і ілжывай інфармацыі з’яўляюцца сацсеткі, тэлебачанне, сайты і СМІ ў інтэрнэце, YouTube.
Па колькасці падпісчыкаў лідарства трымаюць «таксічныя тэлеграм-каналы». Аднак медыяэксперт патлумачыў гэта тым, што ў Беларусі «рэкамендуецца падпісвацца «на таксічныя каналы», каб не быць затрыманым сілавікамі». То-бок, умоўна кажучы, падпіска на «Пул первого» павінна служыць ахоўнай граматай ад сілавікоў.
Увогуле, як канстатаваў Міхаіл Дарашэвіч, прапагандысты вельмі любяць ужываць словы «фэйк» і «дэзінфармацыя», і адначасова з’яўляюцца галоўнымі распаўсюджвальнікамі хлуслівай інфармацыі.
Цягам 2023 года са словам «фэйк» выяўлены 3 220 публікацый, з «дэзінфармацыяй» — 1 184 публікацыі. Часцей за ўсіх слова «фэйк» выкарыстоўваў тг-канал ЖС Premium — 140 разоў за год. Увогуле слова «фэйк» ужывалі 565 каналаў, а пасты з ім сумарна набралі 31 659 237 праглядаў. Часцей за ўсё яно фігуравала пры асвятленні падзеяў у беларускім дэмакратычным лагеры, падзеяў ва Украіне, у паведамленнях пра тэракт у Ізраілі.
На пытанне пра тое, незалежныя медыя ці дзяржаўная прапаганда больш уплываюць на беларусаў, Міхаіл Дарашэвіч не змог адказаць упэўнена. І вось чаму:
— Гэта вайна, інфармацыйная вайна, яна прымае гібрыдныя формы. У распараджэнні дзяржавы — тэлебачанне і радыё, у той час як у апанентаў — толькі інтэрнэт, — тлумачыць медыяэксперт.