• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Электронны бюлетэнь «СМІ ў Беларусі» №2 (72)

    Студзень-красакавік 2023 года. Спампаваць PDF

    Эпіграф:

    «Цяпер сродкі масавай інфармацыі – гэта поле барацьбы, пачынаючы ад інтэрнэту і сканчаючы традыцыйнымі сродкамі масавай інфармацыі. І без байцоў, надзейных, здатных, кемлівых, разумных, мы ў гэтай вайне не пераможам», — Аляксандр Лукашэнка.

    «Беларускія ўлады працягваюць ствараць атмасферу пераследу і страху сярод прадстаўнікоў СМІ і ў дачыненні да іх, наўмысна пераследуючы і душачы свабодныя і незалежныя галасы», — прадстаўніца АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Тэрэза Рыбейра.

    ЗМЕСТ

    СТАНОВІШЧА Ў ГАЛІНЕ СМІ Ў СТУДЗЕНІ –  КРАСАВІКУ 2023 г. (АГЛЯД)

    АСНОЎНЫЯ ПАДЗЕІ Ў СФЕРЫ СМІ Ў СТУДЗЕНІ – КРАСАВІКУ 2023 г.

    Крымінальны пераслед журналістаў

    Ціск на журналістаў і медыя

    Выкарыстанне антыэкстрэмісцкага заканадаўства для абмежавання свабоды выказвання і доступу да інфармацыі

    Падзеі ў дзяржаўным медыясектары

    РЭЙТЫНГІ, ІНДЭКСЫ, СТАТЫСТЫКА

     

    СТАНОВІШЧА Ў ГАЛІНЕ СМІ Ў СТУДЗЕНІ –  КРАСАВІКУ 2023 г. (АГЛЯД)

    З пачатку 2023 году ўлады, як і раней, пераследвалі незалежных журналістаў і медыя-рэсурсы. Многія медыя працягвалі сваю дзейнасць для беларускай аўдыторыі з‑за мяжы.

    • На канец красавiка 33 медыя-работнікі знаходзіліся ў зняволенні. З пачатку года было вынесена 9 прысудаў па крымінальных справах — журналісты былі пакараныя абмежаваннем або пазбаўленнем волі на тэрміны да 12 гадоў. Новыя крымінальныя справы былі ўзбуджаныя ў дачыненні да 3 журналістаў.

    • Працягвалася шырокамаштабнае выкарыстанне антыэкстрэмісцкага заканадаўства як падставы для пераследу СМІ, журналістаў, блогераў і звычайных грамадзян за выказванні грамадска-палітычнага зместу, адрозныя ад афіцыйных. На красавік 16 медыяарганізацый былі прызнаныя экстрэмісцкімі фармаваннямі.

    • У інфапрасторы дзейнічала цэнзура, працягвалася скарачэнне незалежных крыніц інфармацыі ўнутры Беларусі.

    • Улады ажыццяўлялі захады па фармалізацыі і ідэалагізацыі дзейнасці дзяржаўных СМІ, адкрыта заяўляючы пра прыярытэт прапаганды і барацьбы з іншадумствам у іх дзейнасці ва ўмовах «гібрыднай вайны» «супраць Беларусі і Расіі».

     

    АСНОЎНЫЯ ПАДЗЕІ Ў СФЕРЫ СМІ Ў СТУДЗЕНІ – КРАСАВІКУ 2023 г.

    Крымінальны пераслед журналістаў

    Крымінальнымі прысудамі завершыліся некалькі «гучных» спраў супраць журналістаў.

    8 лютага Гродзенскі абласны суд прыгаварыў гродзенскага журналіста і члена неафіцыйнага «Саюза палякаў Беларусі» Андрэя Пачобута да 8 гадоў пазбаўлення волі па абвінавачанні ў «распальванні варожасці» і «закліках да санкцый» (артыкулы 130 і 361 Крымінальнага кодэкса адпаведна).

    17 сакавіка галоўны рэдактар інфармацыйнага партала TUT.by Марына Золатава і яго генеральны дырэктар Людміла Чэкіна атрымалі па 12 гадоў пазбаўлення волі (Чэкіна таксама абавязаная выплаціць штраф у памеры 37 000 рублёў). Абедзве яны абвінавачваліся па частцы 3 артыкула 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або варожасці па прыкмеце расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай або іншай сацыяльнай прыналежнасці, учыненае групай асоб або якое прывяло да цяжкіх наступстваў) і частцы 3 артыкула 361 (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, учыненыя з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі або глабальнай камп’ютарнай сеткі Інтэрнэт). Людміле Чэкінай таксама прад’явілі абвінавачанне ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры (частка 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса). Судовы працэс адбываўся ў закрытым рэжыме.

    Палітолаг, заснавальніца і рэдактар сайта экспертнай супольнасці «Наше мнение», рэдактар «Белорусского ежегодника» Валерыя Касцюгова 17 сакавіка была прысуджана за публічнае выказванне меркавання пра сітуацыю ў Беларусі (разам з даследчыцай Таццянай Кузінай) да дзесяці гадоў пазбаўлення волі на падставе трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: 357 (дапамаганне дзеянням, учыненым з мэтай захопу ўлады), 361 (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы) і 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці).

    23 сакавіка Генадзь Мажэйка, журналіст «Комсомольской правды в Беларуси», які быў затрыманы ў Маскве і высланы ў Беларусь у кастрычніку 2021 года, быў прысуджаны да трох гадоў пазбаўлення волі. Прычынай яго пераследу стала нататка на сайце kp.by, у якой былы аднакласнік станоўча ахарактарызаваў праграміста Андрэя Зельцэра, удзельніка трагічнага інцыдэнту, у якім загінуў афіцэр КДБ і ён сам. Хаця праз некалькі хвілін рэдакцыя выдаліла гэты тэкст,  сайт kp.by быў заблакаваны па рашэнні Міністэрства інфармацыі — у сувязі з публікацыяй інфармацыі, якая «спрыяе фармаванню крыніц пагроз нацыянальнай бяспецы». Мажэйку было прад’яўлена абвінавачанне па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса — 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці) і 368 (абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь).

    23 сакавіка было прызначана пакаранне Дзмітрыю Семчанку, былому супрацоўніку тэлеканала АНТ, які ўзначальваў прэзідэнцкі пул журналістаў,  (у жніўні 2020 года ён звольніўся ў знак пратэсту супраць гвалту) — тры гады пазбаўлення волі па артыкуле 130 Крымінальнага котдэкса за распальванне варожасці– за публікацыі ва «Вконтакте» і Insta­gram, мэтай якіх было «сфарміраваць негатыўны стэрэатып і падарваць давер у дачыненні да праваахоўнікаў і прадстаўнікоў улады, а ў канчатковым выніку — аслабіць дзейны дзяржаўны лад».

    6 красавіка суд прыгаварыў дырэктара газеты «Белорусы и рынок» Канстанціна Залатых да чатырох гадоў пазбаўлення волі, разгледзеўшы яго справу ў закрытым рэжыме. Яму інкрымінавалі ўчыненне злачынстваў, прадугледжаных чатырма артыкуламі Крымінальнага кодэкса: 426 (перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў), 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або варожасці), 369 (абраза прадстаўніка ўлады) і 368 (абраза Прэздэнта Рэспублікі Беларусь).

    Быў узбуджаны шэраг новых крымінальных спраў супраць журналістаў. Журналісты Павел Падабед з Мінску (затрыманы 20 студзеня), які супрацоўнічаў з шэрагам незалежных СМІ, быў абвінавачаны ва ўдзеле з экстрэмісцкім фарміраванні (артыкул 361–1 Крымінальнага кодэкса), а Вячаслаў Лазараў (затрыманы 9 лютага) – у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (артыкул 361–4 Крымінальнага кодэкса). Супраць заснавальніка і галоўнага рэдактара «Рэгіянальнай газеты» (Маладзечна) Аляксандра Манцэвіча завялі крымінальную справу пасля яго затрымання падчас хвалі ператрусаў у рэгіянальных медыя 15 сакавіка ( яго вінавацяць у дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь (артыкул 369–1 Крымінальнага кодэкса) – быццам інфармацыя, якая публікавалася ў газеце была накіравана на «прычыненне істотнай шкоды дзяржаўным і грамадскім інтарэсам, падрыў аўтарытэту краіны і яе органаў улады, нанясенне ўрону нацыянальным інтарэсам, дэстабілізацыю абстаноўкі сярод грамадзян Беларусі, фармаванне ілжывых уяўленняў аб невыкананні ў рэспубліцы правоў і свабод грамадзян».

    Працягваўся крымінальны пераслед блогераў. Так, 18 студзеня 2023 года пяць «адміністратараў» Telegram-канала «Чорная кніга Беларусі», які публікаваў інфармацыю пра прадстаўнікоў улады падазраваных у датычнасці да пераследу апазіцыі, былі завочна прыгавораны да 12 гадоў пазбаўлення волі. Сярод іх быў грамадскі дзеяч і журналіст, сузаснавальнік папулярных спартовых рэсурсаў Tribuna.com і Sports.ru Зміцер Навоша. Гэтая крымінальная справа, распачатая следчым Камітэтам па артыкуле 130 (распальванне варожасці) і артыкуле 203–1 (незаконны збор і распаўсюд персанальных дадзеных), стала першым выпадкам прымянення інстытуту «спецыяльнай вытворчасці» (завочнага асуджэння палітычных эмігрантаў).

    Ціск на журналістаў і медыя

    На працягу студзеня-сакавіка ў Беларусі адбыліся 21 вобшукаў у дамах журналістаў і рэдакцыях СМІ. Былі зафіксаваны 22 затрыманні. Журналісты падвяргаліся допытам, прыцягненню да адміністрацыйнай адказнасці ў форме арыштаў (10) і штрафаў (3), іншым відам ціску.

    Журналісты, якія былі асуджаны да пазбаўлення волі, падвяргаліся жорсткаму абыходжанню ў калоніях. Паведамлялася, што Сяргей Сацук, былы рэдактар інтэрнэт-выдання «Ежедневник», меў праблемы з доступам да лекаў, якія ён павінен прымаць пастаянна. Жонкі зняволеных журналістаў Дзяніса Івашына і Андрэя Пачобута выказвалі апасенні за фізічны стан сваіх мужоў, якія маюць праблемы са здароўем, але не атрымліваюць за кратамі кваліфікаванай медыцынскай дапамогі.

    Па інфармацыі праваабаронцаў, Ігар Лосік, знаходзячыся ў штрафным ізалятары наваполацкай калоніі доўгі час трымаў галадоўку, а затым парэзаў сабе рукі і шыю, пасля чаго яго адправілі ў медсанчастку.

    У лютым адбыўся вобшук з выняццем абсталявання ў рэдакцыі баранавіцкай газеты «Інтэкс-прэс». У сакавіку адбыліся вобшукі і затрыманні незалежных журналістаў па ўсёй краіне, у тым ліку ў рэдакцыях рэгіянальных газет «Інфа-кур’ер» (Слуцк) і «Рэгіянальная газета» (Маладзечна). Ціск на гэтыя выданні насіў «комплексны» характар, які ўжо раней выкарыстоўваўся ўладамі, — допыты, затрыманні і адміністрацыйны пераслед супрацоўнікаў, выняцце тэхнікі, адмова ў распаўсюдзе, цкаванне ў праўладных медыя, прызнанне іх кантэнту «экстрэмісцкімі матэрыяламі». У выніку, «Інфа-кур’ер» быў вымушаны спыніць сваю дзейнасць пасля 23 гадоў работы («Рэгіянальная газета» на той момант выходзіла толькі ў сацсетках).

    Медыя, якія функцыянавалі ў Беларусі, падвяргаліся цэнзуры і іншым абмежаванням. Так, onliner.by і officelife.by  былі вымушаны выдаліць пэўны кантэнт (апошні сайт быў часова заблакаваны).

    Два незалежныя анлайн-медыя былі пазбаўлены даменных імёнаў у зоне .by.

    Выкарыстанне антыэкстрэмісцкага заканадаўства для абмежавання свабоды выказвання і доступу да інфармацыі

    24 сакавіка ўступіў у сілу закон «Аб змяненні кодэксаў па пытаннях крымінальнай адказнасці», які дадаў у Крымінальны кодэкс новыя склады «экстрэмісцкіх» злачынстваў, у прыватнасці артыкул 289–1, які прадугледжвае адказнасць за «прапаганду тэрарызму або яго публічнае апраўданне» (максімальная санкцыя па дадзеным артыкуле — 7 гадоў пазбаўлення волі). Верагодна, гэты артыкул можна будзе выкарыстоўваць для пераследу за асвятленне любога роду сілавога супраціву ўладам. Артыкул 369–1 (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь) быў дапоўнены адказнасцю за распаўсюджванне заведама ілжывых звестак, якія дыскрэдытуюць Узброеныя сілы Рэспублікі Беларусь, іншыя войскі і воінскія фарміраванні, ваенізаваныя арганізацыі Рэспублікі Беларусь. https://pravo.by/document/?guid=12551&p0=H12300256&p1=1&p5=0

    Працягвалася практыка прызнання незалежных медыярэсурсаў «экстрэмісцкімі фарміраваннямі». За першыя месяцы 2023 года ў  іх лік увайшлі «Брэсцкая газета» і «Маланка Медыя», а таксама навінавы сайт Ваўкавыска «volkovysk.by».

    28 лютага «экстрэмісцкім фарміраваннем» па рашэнні КДБ была прызнана Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ быў ліквідаваны Вярхоўным судом Беларусі ў жніўні 2021 года і працягвае сваю дзейнасць за мяжой).

    Пашырыўся крымінальны пераслед за любую форму супрацоўніцтва з незалежнымі СМІ-»экстрэмісцкімі фарміраваннямі». У студзені Дар‘я Лосік — жонка Ігара Лосіка, асуджанага супрацоўніка «Радыё Свабода» і адміністратара тэлеграм-канала «Беларусь головного мозга»– была пакарана пазбаўленнем волі на два гады за інтэрв’ю телеканалу «Белсат» , датычнае становішча яе мужа.

    Новай тэндэнцыяй стаў пераслед не толькі прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, але і звычайных грамадзян, якія каментавалі для журналістаў якія-небудзь грамадска-палітычныя падзеі.

    Працягвалася практыка прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў» (артыкул 19.1 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях), у тым ліку ў форме рэпоста і перасылкі ў чатах. Паколькі «забароненымі» сталі практычна ўсе незалежныя СМІ і апазіцыйныя рэсурсы, правапарушэннем лічыцца распаўсюджванне фактычна любой інфармацыі, непажаданай уладам. За перыяд студзеня-сакавіка 2023 года праваабаронцам вядома пра 111 затрыманых за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Суды ўсё часцей сталі караць людзей адміністрацыйнымі арыштамі, а не штрафамі.

    Падзеі ў дзяржаўным медыясектары

    Працягвалася ідэалагізацыя дзейнасці дзяржаўных СМІ, іх пераарыентацыя на выключна прапагандысцкую дзейнасць.

    На сустрэчы с прадстаўнікамі рэгіянальнай прэсы 20 студзеня міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў адзначыў, што журналісты дзяржаўных СМІ — гэта байцы перадавых шэрагаў інфармацыйнага супраціву, якія бяруць на сябе галоўны ўдар варожых сіл: «Супраць Беларусі, Расіі ідзе інфармацыйная вайна. І пакуль бітвы мы не прайграем».

    У той самы час сярод супрацоўнікаў дзяржаўных медыя працягваліся чысткі па палітычных матывах. Стала вядома, што на Гомельскім тэлебачанні ў канцы 2022 года былі звольненыя 8 чалавек, таксама быў пазбаўлены працы журналіст раённай газеты «Драгічынскі веснік» Андрэй Расафонаў.

    У сакавіку быў затрыманы ў тэлестудыі, дастаўлены ў кайданках у міліцыю для «прафілактычнай гутаркі» і звольнены за кулуарныя выказванні ўганараваны рэжысёр спартыўных трансляцый Андрэй Пінчук.

    Супраць дзяржаўных СМІ і прапагандыстаў ўводзіліся новыя міжнародныя санкцыі. У прыватнасці, Белтэлерадыёкампанію выключылі са спіса вяшчальнікаў Алімпійскіх гульняў на бліжэйшыя 10 гадоў.

    15 студзеня Украіна ўвяла санкцыі супраць адыёзных прапагандыстаў Рыгора Азаронака, Ігара Тура, Аляксандра Шпакоўскага, а таксама генеральнага дырэктара тэлеканала СТБ Аляксандра Асеенка. Акрамя таго, пасольства Украіны накіравала ноту пратэсту ў МЗС Беларусі ў сувязі з паказаным дзяржаўным тэлебачаннем відэасюжэтам, дзе сцвярджалася, што яно з’яўляецца «вярбовачным цэнтрам» для адпраўкі «наймітаў» ва Украіну.

    У лютым сацыяльная сетка Tik­Tok заблакавала, а затым выдаліла акаўнт газеты Мінскага гарвыканкама «Мінская праўда», які меў каля 70 тысяч падпісчыкаў.

    РЭЙТЫНГІ, ІНДЭКСЫ, СТАТЫСТЫКА

    Па дадзеных «Рэпарцёраў без межаў» (RSF), Беларусь знаходзіцца на трэцім месцы ў свеце па ліку журналістак у турме (10), пасля Кітая і Ірана. У той час як сярод зняволеных журналістаў усіх краін свету жанчыны складаюць 13%, у Беларусі гэты паказчык дасягае 30%.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае

    Рэпрэсіі супраць журналістаў і медыя ў 2024 годзе, спіс зняволеных

    05.11.2024

    Экстремизм и медиа. Аналитика БАЖ

    29.12.2023
    Акцэнты

    Доклад БАЖ: Беларусь 2022–2023. Права человека. Гражданское общество. Медиа

    2 ноября по инициативе ООН отмечается Международный день прекращения безнаказанности за преступления против журналистов. Этот день был актуальным для Беларуси даже до событий 2020-го — ведь начиная с 1994 года преступления в отношении журналистов в стране часто оставались без должного внимания правосудия. Таким же актуальным остается этот день и сейчас. Дмитрий Завадский, Вероника Черкасова... Их имена — лишь часть длинного списка журналистов, подвергшихся нападениям и избиениям. С 2020 года ситуация обострилась: действия властей можно охарактеризовать как террор против представителей медиасферы. Белорусская ассоциация журналистов публикует в этот день доклад «Беларусь 2022-2023: Права человека. Гражданское общество. Медиа», который содержит подробный обзор случаев давления на гражданское общество и медийное пространство. Скачать PDF
    01.12.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці