• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Ажно на 10 пазіцый уніз: Беларусь пікіруе ў рэйтынгу свабоды прэсы

    Недзяржаўная арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» (RSF) у Сусветны дзень свабоды прэсы выпусцілі міжнародны індэкс свабоды медыя.  Беларусь у гэтым рэйтынгу які год запар не выходзіць з «чырвонай» зоны. Аднак за апошні час яе пазіцыі абваліліся яшчэ мацней: у 2024‑м краіна заняла 167 месца (яшчэ летась яна месцілася на 10 пунктаў вышэй).

    Беларусь у сусветным рэйтынгу свабоды прэсы 2024

    Беларусь у сусветным рэйтынгу свабоды прэсы ‑2024. Ілюстрацыя: RSF

    «У гэтай зоне з Расіяй супернічаюць толькі Беларусь і Туркменістан»

    У «зялёнай» зоне, дзе сітуацыя са свабодай слова па меркаванні «Рэпарцёраў без межаў» можна назваць добрай, у 2024 годзе адзначаны восем краін.  З былых суседзяў Беларусі ў гэтым спісе можна пабачыць Эстонію. Узначальвае ж рэйтынг Нарвегія — восьмы год запар, між іншым. 

    Што тычыцца сітуацыі ва Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі, то яна адносна рэйтынгу  RSF няўмольна пагаршаецца. Свабода прэсы ў многіх краінах гэтага рэгіёну не гарантаваная, а сродкі масавай інфармацыі ўсё часцей выкарыстоўваюцца ў якасці каналаў распаўсюджвання кампаній па дэзінфармацыі.

    Расія працягвае свой крыжовы паход супраць незалежнай журналістыкі, а больш за 1500 журналістаў пакінулі краіну пасля
    ўварвання ва Украіну. Яна займае ў Сусветным індэксе свабоды прэсы RSF за 2024 год 162‑е месца. Кагосьці можа ўвесці ў зман тое, што ў параўнанні з мінулым годам рэйтынг Расіі павысіўся на два пункты. Насамрэч лічба змянілася ў гэты бок з‑за таго, што агулам пагоршылася сітуацыя ў іншых краінах:  спіс журналістаў і СМІ, пазначаных урадам як «замежныя агенты» або «непажаданыя» працягвае расці, а журналісты працягваюць падвяргацца неабгрунтаваным арыштам.

    У гэтай зоне з Расіяй супернічаюць толькі дзве дзяржавы: Туркменістан (175‑е месца), дзе прэзідэнт, які валодае неабмежаванымі паўнамоцтвамі, забараняе любую незалежную інфармацыю, і наша Беларусь, чый рэжым пераследуе журналістаў пад маркай барацьбы з «экстрэмізмам».

    Беларусь была самай небяспечнай краінай Еўропы для журналістаў да ўварвання Расіі ва Украіну. Аднак і сёння палітычны рэжым працягвае пераслед незалежных СМІ і іх рэпарцёраў. У 2024 годзе Беларусь апынулася на 167‑м месцы са 180-ці. 

    RSF Index 2024 рэпарцёры без межаў

    RSF Index 2024. Ілюстрацыя: RSF

    З Масквой ці супраць яе: уплыў на змены ў рэйтынгу

    Яшчэ адзін нечаканы ўзлёт, але ўжо з пазітыўнай пазнакай, паказала Украіна. У параўнанні з мінулым годам яе пазіцыі ў рэйтынгу ўзняліся на 18 пунктаў. Гэта адбылося, дзякуючы паляпшэнню паказчыкаў бяспекі, бо ва Украіне зменшылася колькасць забітых журналістаў, а таксама змяненню ў лепшы бок палітычных паказчыкаў.

    Трэба мець на ўвазе, што пасля расійскага ўварвання немагчыма выконваць вяршэнства закону на ўсёй тэрыторыі Украіны,  таму мясцовыя ўлады не могуць гарантаваць у такіх рэгіёнах свабоду прэсы.  Аднак у цэлым палітычнае ўмяшанне ў дзейнасць СМІ зменшылася. Украінскія медыйшчыкі актыўна крытыкуюць спробы ўлады паўплываць на дзейнасць рэпарцёраў.

    А вось кірунак на збліжэнне з Масквой прывёў да песімізавання ў індэксе свабоды прэсы іншай краіны з пост-савецкай прасторы — рэйтынг Грузіі ўпаў адразу на 26 пазіцый. Справа ў тым, што кіруючая ў ёй партыя захоўвае палярызацыю грамадства і праводзіць палітыку, усё больш варожую ў адносінах да свабоды прэсы. Аднак у параўнанні з Беларуссю, Грузія ўсё ж месціцца ў «аранжавай», а не «чырвонай зоне». 

    Падзенне паказчыкаў прыкметна і ў Азербайджане (164‑е месца), асабліва палітычных, у сувязі з хваляй рэпрэсій у дачыненні да СМІ. 

    Стаўленне да «орбанізацыі»

    Па-ранейшаму знаходзяцца еўрапейскія краіны, палітыкі якіх спрабуюць скараціць прастору для незалежнай журналістыкі. «Рэпарцёры без межаў» зазначаюць, што небяспечную дынаміку ўвасабляюць, у прыватнасці, пракрамлёўскі прэм’ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан і яго калега са Славакіі (29‑е месца) Роберт Фіца.

    RSF індэкс свабоды прэсы Еўропа

    Індэкс свабоды прэсы. Ілюстрацыя: RSF

    Свабода прэсы падвяргаецца сур’ёзнаму выпрабаванню з‑за дзеянняў кіруючай большасці ў Венгрыі (67‑е месца), Мальце (73‑е месца) і Грэцыі (88‑е месца) — тройцы краін, што замыкаюць Індэкс у ЕС. Італія з Георгі Мелоні (46‑е месца) таксама апусцілася на пяць пазіцый.

    Палітычныя інтарэсы скоўваюць журналістыку ў некалькіх краінах-кандыдатах на уступленне ў ЕС: Босніі і Герцагавіне (81‑е месца), Сербіі (98‑е месца) і Албаніі (99‑е месца). Турцыя (158‑е месца) працягвае адпраўляць журналістаў за краты і перашкаджаць працы СМІ, уводзячы цэнзуру ў інтэрнэце і арганізуючы судовыя пераследы.

    Палітычны кантэкст для журналістыкі палепшыўся ў Польшчы (47‑е месца, рост на 10) і Балгарыі (59‑е месца, рост на 12), дзе новыя ўрады праяўляюць больш клопату пра права на інфармацыю. Германія, якая ўвайшла ў першую дзясятку краін Індэкса, палепшыла свой палітычны паказчык дзякуючы некатораму зніжэнню колькасці нападаў на журналістаў з боку вельмі правых груп.

    Хаця свабодзе прэсы ў Францыі (21‑е месца) і Вялікабрытаніі (23‑е месца) не пагражае маштабны палітычны ціск, «Рэпарцёры без межаў» заклікаюць быць пільнымі, бо насцярожваюць такія факты, як арышт французскай журналісткі Арыян Лаўрылье па іску
    Міністэрства абароны Францыі. Таксама непакоіць складальнікаў рэйтынгу заключэнне Джуліяна Асанжа, якое працягваецца ў Велікабрытаніі, — краіне, дзе журналістам у выгнанні, асабліва іранцам, паступаюць пагрозы з краіны іх паходжання, а з боку ўладаў прымаючай краіны ім не заўсёды аказваецца эфектыўная абарона.

    #World­Press­Free­dom­Day #WPFD2024 #Press­Free­dom #BecauseThe­Jour­nal­ist

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці