• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Адказ БАЖ на Адкрыты ліст ад беларускай фемінісцкай супольнасці

    Беларуская фемінісцкая супольнасць звярнулася да журналісцкай супольнасці і Беларускай асацыяцыі журналістаў з адкрытым лістом.

    Адказ БАЖ на Адкрыты ліст ад беларускай фемінісцкай супольнасці

    На адкрыты ліст ад 11 сакавіка 2024 г.

    Мы рашуча асуджаем любы хатні гвалт, як і іншыя формы гвалту. І падзяляем ваш пункт гледжання, што гвалт у адносінах да жанчын з’яўляецца грубым парушэннем правоў і асноўных свабод жанчын і пагаршае або зводзіць на нішто ажыццяўленне гэтых правоў і свабод.

    Тыя праблемы, якія вы ўзнялі ў сваім лісце, турбуюць і Беларускую асацыяцыю журналістаў (далей па тэксце – БАЖ). Пазіцыя БАЖ пра недапушчальнасць любога гвалту была сфармулявана на самым пачатку існавання нашай арганізацыі. У Дэкларацыі прынцыпаў прафесійнай этыкі журналістаў, які падпісвае кожны сябра арганізацыі, зафіксавана, што сябры БАЖ мусяць не дапускаць дыскрымінацыі паводле расавай прыналежнасці, нацыянальнасці, спавяданай рэлігіі, полу, сексуальнай арыентацыі, палітычных і іншых поглядаў і г.д.

    Звяртаем вашу ўвагу, што ў кампетэнцыю Камісіі па этыцы БАЖ, дзейнасць якой была вымушана спынена ў 2021 годзе пасля прымусовай «ліквідацыі» БАЖ беларускімі ўладамі, не ўваходзіў кантроль за паўсядзённымі паводзінамі сябраў арганізацыі. Што тычыцца стварэння асобнай камісіі для разгляду скаргаў на гвалт у дачыненні да жанчын, асуджэння дзейнасці і даследавання адпаведных абвінавачванняў у дачыненні сябраў арганізацыі, то гэта не адпавядае Статуту БАЖ як прафесійнай арганізацыі і можа супярэчыць заканадаўству краін дзейнасці сябраў БАЖ.

    БАЖ не мае паўнамоцтваў наўпрост умешвацца ў дзейнасць рэдакцый СМІ і ў іх працоўныя адносіны з журналістамі. Але спецыялісты і спецыялісткі БАЖ заўсёды гатовы ўдзельнічаць (пры згодзе бакоў) у працэсах медыяцыі пры разглядзе ў тым ліку і пытанняў гвалту і харасменту ў сферы працы, каб абараніць супрацоўніц і супрацоўнікаў медыяарганізацый ад прычынення фізічнай, псіхалагічнай, сексуальнай або эканамічнай шкоды, уключаючы гендарны гвалт і харасмент.

    БАЖ не можа пагадзіцца з высновамі ў дачыненні незалежных СМІ, якія прыводзяцца ў вашым лісце: што беларуская журналістыка дэманструе недастатковую адчувальнасць да гендернай праблематыкі, а ў сферы медыя нібыта пераважае таксічная атмасфера.

    Мы лічым важным працягваць дыялог па названых вамі праблемах для абмеркавання пытанняў дыскрымінацыі жанчын і гвалту ў дачыненні да іх, у тым ліку і ў сферы працы. Мы згодныя, што распрацоўка адпаведных унутраных дакументаў для рэдакцый СМІ і медыяарганізацый будзе спрыяць эфектыўнай барацьбе з гвалтам і харасментам унутры калектываў беларускіх незалежных медыяў.

    БАЖ упэўнены, што з вашай дапамогай і прыцягненнем усіх зацікаўленых бакоў журналісцкая супольнасць зможа распрацаваць такія дакументы, якія будуць адпавядаць Канвенцыі Міжнароднай арганізацыі працы 190 «Аб гвалце і харасменце», і прытрымлівацца іх.

    З павагай,

    Праўленне БАЖ

    08.04.2024

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці