400-гадовы Шэкспір супраць цэнзуры. І іншыя навіны партнёраў за красавік
Хадзіджа Ісмаілава застаецца ў турме, нягледзячы на панамскія рассакрэчванні.
Блогера ў Маўрытаніі асудзілі на смерць за вераадступніцтва
КПЧ ААН пастанавіў вызваліць Азімжона Аскарава.
Еўропа павышае абароненасць журналістаў.
Хадзіджа Ісмаілава застаецца ў турме, нягледзячы на панамскія рассакрэчванні
19 красавіка кааліцыя 14 НДА, уключна з ПЭНам і “Індэксам цэнзуры”, накіравалі заступніцтва за Хадзіджу Ісмаілаву ў Еўрапейскі Суд па правах чалавека. Хадзіджу арыштавалі 6 снежня 2014 года і асудзілі на сем з паловай гадоў турмы па абвінавачанні ў растраце і ўхіленні ад падаткаў. Яна выкрывала карупцыю на найвышэйшым дзяржаўным узроўні і крытыкавала азербайджанскі ўрад за ўціск апазіцыі, доўгі час цярпела запалохванні і юрыдычны пераслед (больш падрабязна тут). Нядаўнія “панамскія дакументы” паказалі, што факты адносна сям’і Ільхама Аліева, якія выкрывала Хадзіджа, былі толькі вяршыняй айсберга. У маі 2016 года Хадзіджы будзе ўручана ўзнагарода ЮНЭСКА імя Гільерма Кана за свабоду слова 2016. Аднак журналістка па-ранейшаму застаецца ў турме, нядаўняя амністыя амаль 200 азербайджанскіх палітвязняў яе абмінула.
КПЧ ААН пастанавіў вызваліць Азімжона Аскарава
Як паведамляе Камітэт абароны журналістаў, 21 красавіка Каміэт па правах журналістаў разглядзеў справу праваабаронца і журналіста Азімжона Аскарава і пастанавіў, што зняволенага павінны неадкладна адпусціць і рэабілітаваць у правах. АзімжонаАскарава, прадстаўніка ўзбекскай меншасці ў Кыргызстане, асудзілі ў верасні 2010 года на пажыццёвае зняволенне за “распальванне міжнацыянальнага канфлікту” ў Ошы (падчас якога загінулі 470 чалавек і пацярпелі 1900). Праваабаронцы прызнаюць, што асуджэнне Аскарава звязана з яго артыкуламі датычна карупцыі, а суд быў фарсам. Падставай для рашэння КПЧ ААН сталі, сярод іншага, факты пра катаванні і парушэнні права на справядлівы суд.
Блогера ў Маўрытаніі асудзілі на смерць за вераадступніцтва
21 красавіка апеляцыйны суд у Маўрытаніі падтрымаў смяротны прысуд блогеру па абвінавачанні ў вераадступніцтве. Паводле Камітэта абароны журналістаў, падставай для прысуду стаў артыкул з 2013 года, у якім Мухамед Шэйх Ульд Мухамед крытыкаваў каставую сістэму сваёй краіны і сцвярджаў, што паслядоўнікі ісламу інтэрпрэтуюць рэлігію па абставінах. Пасля гэтага здарыліся масавыя дэманстрацыі, журналіста абвінавацілі ў багахульніцтве і патрабавалі пакараць. У 2014 годзе, ужо ў турме, блогер адмаўляў, што хацеў абразіць прарока Мухамеда, і раскайваўся ў напісаным. Зараз яшчэ ёсць магчымаць аспрэчыць прысуд у Вярхоўным Судзе. Пры стаўноўчым рашэнні журналісту могуць пакінуць тэрмін да двух гадоў турмы і штраф у $173.
Еўропа павышае абароненасць журналістаў
13 красавіка Савет Еўропы прыняў рэкамендацыі, накіраваныя на павышэнне абароненасці журналістаў у 47 дзяржавах-удзельніцах; гэтае рашэнне вітала Еўрапейская федэрацыя журналістаў. Рэкамендацыі прадугледжваюць прэвентыўныя меры для абароны журналістаў: абарона паліцыяй і дабравольная эвакуацыя ў выпадку небяспекі, стварэнне гарачых ліній і кантактных пунктаў для журналістаў у выпадку надзвычайных сітуацый. Рэкамендуецца стварыць спіс патрабаванняў для следчых, якія займаюцца расследаваннем злачынстваў супраць журналістаў – расследаванні павінны праводзіцца спецылізаванымі супрацоўнікамі, якія прайшлі навучанне ў сферы правоў чалавека. Таксама павінна забяспечвацца дапамога пацярпелым і іх сем’ям, у тым ліку заканадаўчая абарона, фінансавая кампенсацыя, медыцынская і псіхалагічная абарона, перамяшчэнне і прытулак.
Што пачытаць? (большасць матэрыялаў ёсць толькі па-англійску)
СМІ як форма дапамогі ў гуманітарным крызісе
“Цэнтр міжнароднай падтрымкі СМІ” (CIMA) выпусціў даклад “СМІ як форма дапамогі ў гуманітарным крызісе”. Складальнік дакладу, эксперт па Блізкім Усходзе і Сярэдняй Азіі Джэфры Ганнам, сцвярджае, што Арабская вясна і, як вынік, – гуманітарныя крызісы, якія цягнуцца ўжо шосты год, змянілі форму працы буйнейшых СМІ, ператварыўшы іх з традыцыйных платформ, накіраваных на ўстойлівае развіццё, у службы экстраннай дапамогі ў крызісны час (спампаваць тут па-англійску).
Дапаможнік для фрылансераў у Лівіі
Фонд “Rory Peck Trust” выпусціў дапаможнік для журналістаў-фрылансераў, якія працуюць у Лівіі. Дапможнкі разбірае шэраг праблемаў: падрыхтоўка матэрыялаў і камунікацыя ўнутры краіны, пратаколы бяспекі, ацэнка рызыкі, перамовы пра аплату і выдаткі, сеткі і арганізацыйная падтрымка, чэкліст па этычных стандартах. Хаця тэкст будзе карысны і іншым фрылансерам, якія працуюць у гарачых кропках (тэксты, інфаграфіка, па-англійску).
Шэкспіру – 400 гадоў
“Індэкс цэнзуры” анансуе спецыяльны выпуск часопіса, прысвечанага Ўільяму Шэкспіру: 23 красавіка аматары святкуюць 400 год з дня смерці класіка. “Індэкс” сабраў найбольш цікавыя матэрыялы, прысвечаныя Шэкспіру і цэнзуры: як яго п’есы дапамагаюць абысці цэнзуру і становяцца часткай пратэстаў; як у свой час драматург супрацьстаяў цэнзуры і як у наш час амерыканскія школы цэнзуруюць “Рамэа і Джульету; што арыйскага ў п’есах Шэкспіра і чаму Гамлет быў забаронены ў СССР у часы другой сусветнай вайны; як “Атэла” спрыяў пераменам ў ПАР у часы апартэіда; і шмат іншага можна даведацца пра Шэкспіра па спасылцы і замовіўшы часопіс (па-англійску).
Што такое дадзеныя і як з імі працаваць
Джонатан Стрэй, супрацоўнік цэнтра лічбавай журналістыкі “Тоў”, нядаўна апублікаваў “Дапаможнік па дадзеных для цікаўных журналістаў” – бясплатны анлайн-агляд прынцыпаў, якімі кіруюцца ў працы з дадзенымі. Сціслы пераказ дапаможніка па-руску ёсць на сайце IJNet, там жа можна спампаваць сам дапаможнік. А каб натхніцца творчай працай, “Infogram” склаў тэматычную падброку выступоўцаў на TED talks.
Свабода СМІ і гендэр
“Камітэта абароны журналістаў” анансуе грунтоўную працу “Замахі на прэсу: гендэр і свабода СМІ ва ўсім свеце”. Кніга таўшчынёй у 176 старонак на англійскай мове павінна выйсці ў маі. Сярод тэмаў: чаму тролі троляць і як супрацьстаяць пераследу ў Інтэрнэце, пагрозы на аснове гендэра, двайная пагроза для журналіста-трансгендэра, асвятленне тэматыкі ЛГБТ у Афрыцы, змаганне за шчырае інтэрв’ю, гераіні свабоды прэсы і шмат іншых цікавостак. Кніга будзе каштаваць €27.30.