• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Аферысты, мафіёзі, кантрабандысты. Крымінальная хроніка ў польскіх газетах Заходняй Беларусі

    У 1920–1930-я гады ў Віленскім, Навагрудскім і Палескім ваяводствах Другой Рэчы Паспалітай выдаваўся шэраг польскіх перыядычных выданняў. Як і сёння, тыя газеты і часопісы імкнуліся прыцягнуць увагу да сябе не толькі свежымі навінамі, але і цікавымі фактамі. Пры гэтым шмат увагі надавалася асвятленню дзейнасці злачынцаў розных катэгорый/ Тым больш што ў той час у Заходняй Беларусі былі свае мафіёзі і здараліся гучныя аферы. Пра ўсё гэта пісалі тагачасныя рэпарцёры з Вільні, Навагрудка, Пінска і іншых заходнебеларускіх гарадоў. Сёння тыя зацемкі і рэпартажы — цікавыя крыніцы па гісторыі заходніх абласцей Беларусі ў міжваенны час.

    Гангстэры з Вільні

    Асаблівую ўвагу жыхароў міжваеннай Польшчы выклікалі “ньюсы”, звязаныя з дзейнасцю віленскіх мафіёзных груповак. Справа ў тым, што яшчэ ў часы Расійскай імперыі ў старажытнай сталіцы Вялікага княства літоўскага пачалі фармавацца бандыцкія зграі,  якія з цягам часу ператварыліся ў сапраўдную мафію. Гаворка ідзе пра банды “Брудэрферайн” (братэрскі саюз — ідзіш) і “Залаты штандар” (сфармавалася ў пачатку 1930‑х гадоў).

    “Учора вуліца Навагрудская стала арэнай крывавай бойкі дзвюх канкуруючых паміж сабой банд: “Залатога штандару” (яе кіраўнік — Зелік Левінсан па мянушцы Хана Бобкес, знаходзіцца цяпер у турме) і членаў “Брудэрферайну”, які ўзначальваюць браты Мендзель і Шымель Вуйцікі. Мы шмат разоў пісалі пра супрацьстаянне злачынцаў. У апошнія гады перамогу атрымлівалі члены “Брудэрферайна”. Яны далі паказанні супраць Хаіма Левінсана, якога прысудзілі да пажыццёвага зняволення за забойства гангстэра па мянушцы “Напалеон” і іншыя злачынствы. У сваю чаргу, члены “Залатога штандару” даўно жадалі адпомсціць канкурэнтам”, — пісала ў маі 1938 года газета “Віленскі кур’ер”.

    У матэрыяле таксама адзначалася, што ў выніку сутычкі паміж бандамі на вуліцы Навагрудскай некалькі членаў “Брудэрферайну” было цяжка паранена. Паліцыя прыбыла на месца здарэння на машынах, а праз некаторы час туды пад’ехалі карэты хуткай дапамогі, якія забралі цяжкапараненых у шпіталь.

    Гангстэры з Вільні дзейнічалі не толькі на Віленшчыне, але і ў іншых раёнах Заходняй Беларусі. У снежні 1938 года ў Слоніме быў забіты адзін з найбольш багатых мясцовых бізнесменаў, уласнік тытунёвага складу Гірш Голдфарб. Пра гэта пісалі многія польскія газеты. Супрацоўнікі польскай дзяржаўнай паліцыі небеспадстаўна падазравалі ў датычнасці да гэтага злачынства бандытаў з “Залатога штандара”.

    У лютым 1939 года газета “Віленскі кур’ер” падкрэслівала, што ў барацьбе дзве бандыцкія групоўкі не грэбавалі арганізацыяй тэрарыстычных актаў. “Члены канкуруючых банд выкарыстоўваюць не толькі пісталеты і стылеты, але і гранаты. З іх дапамогай яны паднялі ў паветра дом кіраўніка “Брудэрферайна” “Оркі Соткі”, — паведамлялася ў газеце. Пры чым гэта быў не адзіны выпадак.

    У 1937 годзе віленскія гангстэры заклалі толавую шашку ў сцену будынка, дзе знаходзілася рэдакцыя яўрэйскай газеты “Wilner Tog”, а таксама падклалі выбухоўку да ўваходу ў фотакраму Рабіновіча ў Вільні. У першым выпадку выбух знішчыў шыбы ў вокнах амаль на ўсёй вуліцы, у другім — прыстасаванне атрымалася абясшкодзіць. Тады ж выбух адбыўся і ля крамы Эфраіма Нававейскага. Відавочна, гаспадар адмовіўся плаціць даніну віленскім гангстэрам, і тыя вырашылі адпомсціць.

    Пасля далучэння Заходняй Беларусі да СССР у верасні 1939 года супраць заходнебеларускай мафіі змагалася савецкая міліцыя. Шмат хто з “віленскай братвы” аказаўся ў мінскіх “Валадарцы” і “Амерыканцы”. Тады ж у рускім крымінальным лексіконе з’явілася вызначэнне “польскі вор”.

    Праз “рыжскую мяжу”

    Іншай папулярнай тэмай сярод газетчыкаў, якія працавалі ва ўсходнепольскіх ваяводствах, была дзейнасць кантрабандыстаў. “Шмуклеры” (сінонім слова кантрабандыст) выкарыстоўвалі розніцу коштаў у сумежных з Польшчай дзяржавах і дэфіцытам тавараў і зараблялі вялікія грошы на “паходах” праз мяжу. Да таго ж у памежных з Латвіяй і СССР тэрыторыях Заходняй Беларусі было шмат “праваднікоў”, якія дапамагалі польскім грамадзянам перайсці праз кардон.

    У лютым 1937 года “Віленскі кур’ер” інфармаваў чытачоў пра судовы працэс над 16 членамі банды на чале з Давідам Коганам, якая “трымала калідоры” на польска-савецкай мяжы і займалася нелегальным транзітам людзей праз кардон. “Штаб” арганізацыі знаходзіўся ў Докшыцах, а “прадстаўніцтвы” — у Варшаве, Беластоку і нават Лодзі.

    За перавод адной асобы праз мяжу кантрабандысты бралі 150 злотых. “У 1933 годзе ў следчы аддзел паліцыі ў Вільне звярнуўся кравец Ісэр Перавозкін і паведаміў, што турбуецца за лёс жонкі, брата і дваіх дзяцей, якія накіраваліся ў Саветы і знайшлі праваднікоў. З таго моманту прайшло два месяцы, а ад родных не было ніякіх навін. Адначасова ў паліцыю прыйшла заява пра знікненне яшчэ 8 чалавек, сямей Крэмер і Будзін з Вільні, якія таксама накіраваліся ў Саветы. Блізкія зніклых без вестак людзей звярнуліся ў савецкае консульства ў Варшаве, аднак атрымалі адтуль адказ, што на савецкай тэрыторыі гэтых людзей няма”, — адзначалася ў адной з віленскіх газет за 1937 год.

    Паліцыя затрымала 16 кантрабандыстаў і правяла ператрусы ў дамах затрыманых. Сярод іншых рэчаў знайшлі часткі адзення зніклых без вестак людзей. Усё сведчыла пра тое, што кантрабандысты з Докшыц забілі сваіх кліентаў. Аднак праз паўгады ў Заходнюю Беларусь прыйшлі лісты ад людзей, якім “шмуклеры” дапамаглі перайсці мяжу. Аказалася, што на тэрыторыі БССР яны трапілі ў рукі савецкай памежнай аховы і былі накіраваны ў…канцэнтрацыйны лагер. Пасля паўгадовай адсідкі “заходнікаў” вызвалілі, і тыя змаглі напісаць лісты родным у Польшчу.

    Арганізатары нелегальнага пераходу савецка-польскай мяжы былі асуджаныя. Давід Каган атрымаў 5 гадоў пазбаўлення волі, а яго «падзельнікі» адправіліся ў турму на тры гады. Зрэшты, пазней і кіраўніку банды тэрмін зняволення зменшылі. Такіх выпадкаў у Заходняй Беларусі было даволі шмат.

    У снежні 1938 года віленскія газеты інфармавалі, што Акружны суд скончыў разгляд справы кантрабандыстаў, якія з 1937 года дзейнічалі на польска-латвійскім памежжы. Сярод асуджаных былі жыхары Рыгі Кавальскі і Браслава Арлюк. Яны займаліся пераносам тавараў з Польшчы ў Латвію і наадварот. За гэта абодва атрымалі па два гады турмы і па 10 тысяч злотых штрафу. Іншым удзельнікам банды “шмуклераў” прысудзілі да 8 месяцаў турэмнага зняволення і да 4 тысяч злотых штрафу кожнаму.

    Памежныя спрэчкі і пытанні звычайна вырашаліся на спецыяльных памежна-камісарскіх сустрэчах і нарадах. “4 студзеня 1936 года ў вёске Бардзі, Ваўмянскай гміны, Валожынскага павета адбылася канферэнцыя з удзелам павятовага старасты Б. Весялоўскага і прадстаўнікоў СССР. Падчас сустрэчы было вырашына некалькі дробных памежных спрэчак”, — адзначалася ў газеце “Віленскі кур’ер”.

    “16 студзеня 1937 года адбылася сустрэча польскіх і бальшавіцкіх памежнікаў на тэрыторыі СССР. У канферэнцыі ад польскага боку прынялі ўдзел Дзісенскі павятовы стараста і афіцэры КАП. У сваю чаргу, савецкі бок быў прэзентаваны прадстаўніком Ветрынскага памежнага раёна (маецца на ўвазе 22‑я асобная памежная камендатура – І.М.) маёрам Пятровым (начальнік камендатуры І.М. Пятроў раней праходзіў службу ў 15‑м Заслаўскім атрадзе памежных войскаў НКУС СССР – І.М.) і іншых афіцэраў. Падчас канферэнцыі было агаворана пытанне меліярацыі памежных тэрыторый”, — падкрэслівалася ў навінах аднаго з заходнебеларускіх выданняў.

    Аднак як ні змагаліся з кантрабандыстамі польскія і савецкія спецыяльныя органы, тыя працягвалі дзейнічаць на “рыжскай” мяжы да пачатку Другой Сусветнай вайны.

    “Добраахвотнікі” для Іспаніі

    Асобную ўвагу польскія рэпарцёры надавалі “іспанскай” тэме. Размова ідзе пра дзейнасць рознага кшталту асоб, якія або шукалі рэкрутаў для адпраўкі ў “гарачую кропку”, альбо збіралі грошы на падтрымку таго ці іншага боку. Так, у “Віленскім кур’еры” за люты 1937 года паведамлялася пра затрыманне паліцыяй камсамольцаў Заходняй Беларусі і Міжнароднай арганізацыі дапамогі барацьбітам рэвалюцыі Фрумы Коўнар і Сары Гурвіч, якія збіралі грошы “для іспанскага пралетарыята”.

    Сачылі польскія праваахоўнікі і за тымі, хто вербаваў жаўнераў ў Іспанію. Так, тыднёвік “Навагрудскае жыццё” ў 1937 годзе інфармаваў, што варшаўскай паліцыі ўдалося разграміць падпольную вербавальныя кантору і затрымаць асоб, якія займаліся адпраўкай польскіх грамадзян з падробленымі пашпартамі ў ахопленую грамадзянскай вайной краіну. Дзейнічалі такія вербавальныя пункты і ў Заходняй Беларусі.

    Віленская газета “Слова” ў 1937 годзе пісала пра тое, што ў Стоўбцах былі затрыманы асобы, якія назвалі сябе агентамі генерала Франка, якіх накіравалі ў Польшчу з мэтай рэкрутацыі добраахвотнікаў для паўстанскага войска. Дзейнасць гэтых каміваяжораў вайны на тэрыторыі Заходняй Беларусі працягвалася да нападу Германіі на Польшчу ў верасні 1939 года.

    Такімі бачылі некаторыя бакі крымінальнага жыцця міжваенных заходнебеларускіх тэрыторый тагачасныя польскія журналісты і рэпарцёры.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці