Адвакатка Пратасевіча падала скаргу ў Генпракуратуру, патрабуе сустрэчы і медыцынскага агляду палітвязня
Адвакатка Інэса Аленская скардзіцца на адсутнасьць доступу да падабароннага і настойвае на тэрміновым мэдыцынскім аглядзе Рамана Пратасевіча.
У скарзе Інэса Аленская напісала, што ўжо два дні ня можа трапіць да падабароннага і просіць прыняць захады пракурорскага рэагаваньня. Акрамя таго, адвакатка падала хадайніцтва аб неадкладным мэдыцынскім аглядзе Пратасевіча — на просьбу ягоных бацькоў, якія «ў паніцы і шукаюць сына па ўсіх лякарнях». У хадайніцтве пералічаны неабходныя для правядзеньня працэдуры, паведамляе арганізацыя «Право на защиту».
Адно хадайніцтва юрыстка падала ва ўправу Сьледчага камітэту Менску, другое факсам у Камітэт дзяржбясьпекі.
«Факс прыняты, пацьверджаньне атрыманьня ёсьць», — адзначыла адвакатка.
Аленская дадала, што безвынікова спрабавала ўбачыцца з Пратасевічам два дні, але ні яна, ні сваякі ня ведаюць, дзе ён насамрэч знаходзіцца.