• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Адукацыя на журфаку БДУ вачамі студэнтаў

    У кожнага, хто калісьці паступаў на факультэт журналістыкі БДУ, была свая перадгісторыя. Часцей за ўсё гэта былі гады працы ў школьных або раённых газетах і бясконцыя мары пра журфак. Я таксама марыла, што журфак для мяне стане нейкай выспай панавання творчасці. Пісаць будзем на парах, на калідорах, седзячы на падваконнях і глушачы гарбату з кавай…

    На першым курсе з сямнаццаці прадметаў у нас быў толькі адзін, які тычыцца журналістыкі, — “Асновы журналістыкі”. Памятаю салодкае адчуванне ўнутры, калі чакалі першай пары.  Вынік нашага чакання — выкладчык, які ў 1970‑я гады быў галоўным рэдактарам газеты “Чырвоная Змена”. На семінарах па гэтым прадмеце мы падшывалі раённыя газеты, перакладалі гэтыя вялізарныя падшыўкі з аднаго месца на іншае. На першай жа сесіі ў нас сталі патрабаваць публікацыі ў СМІ. Лагічна паўстала пытанне: “Як можна напісаць тэкст у нейкую газету ці на сайт, калі на факультэце журналістыкі нам не расказалі, як гэта трэба рабіць?”

    Тут да студэнтаў журфака звычайна прыходзіць усведамленне неабходнасці самаадукацыі. Ідуць у рэдакцыі, чытаюць падручнікі і вышукваюць куміраў-журналістаў.

    Жанры мы сталі вывучаць на другім курсе. А на чацвёртым нам паставілі прадмет “Журналісцкае майстэрства”, дзе расказваюць, як трэба пісаць нататку, рэпартаж, інтэрв’ю…  Гэта пры тым, што на чацвёртым курсе амаль усе студэнты уладкаваныя або на палову стаўкі, або стабільна займаюцца фрылансам, або, прынамсі, маюць за плячыма практыку ў рэдакцыях СМІ.

    Пасля такой падачы матэрыялу перад студэнтам журфака, натуральна, паўстае пытанне: “А ці варта наогул вучыцца на беларускім журфаку? Або лепш атрымаць іншую адукацыю, а журналістыку засвоіць з дапамогай самаадукацыі?” Гэтае пытанне мы і задалі цяперашнім студэнтамі Інстытута журналістыкі БДУ.

    Валерыя, 4 курс, накірунак “Друкаваныя СМІ”:

    Я лічу, што ў вучобе на журфаку асаблівага сэнсу няма. У цябе або ёсць схільнасці пісаць, або іх няма. Навучыцца гэтаму нельга. Пісаць — гэта дар, схільнасць, адчуванне мовы… Як трэба афармляць сваю пісаніну і быць пісьменным — канечне, журфак навучыць. Але без пастаяннай практыкі гэтыя веды паступова будуць страчаныя. Усё астатняе, што там выкладаецца, не тычыцца непасрэдна журналістыкі. Вялізарныя аб’ёмы амаль непатрэбнай інфармацыі, якія ўпіхваюць у галовы студэнтаў, паспяхова забываюцца ў момант з’яўлення подпісу ў залікоўцы. Я не ведаю, як у іншых краінах з журфакамі… Але мне падаецца, што і там сітуацыя падобная. Усе гэтыя веды і матывацыю можна атрымаць і самастойна. Каб не “праседжваць штаны” пяць гадоў, на другім курсе я сышла на завочнае навучанне. Пакаштаваўшы нашага дзённага навучання, прыйшла да высновы, што яно створана для ўчорашніх школьнікаў, якім трэба падрыхтавацца да дарослага жыцця. Хочаш быць добрым журналістам — больш самаадукоўвайся.

    Павел, 3 курс, накірунак “Вэб-журналістыка”:

    Асабіста я лічу, што адукацыя ў Інстытуце журналістыкі прыстойная, бо на кожным курсе я даведваюся нешта новае. На першым я навучыўся асновам інфармацыйнага жанру — напісанню нататак, рэпартажаў. На другім — былі цікавыя і карысныя для мяне заняткі па розных літаратурах, культуралогіі, фотажурналістыцы. Сёння я ўжо трэцякурснік, і, шчыра кажучы, ва ўніверсітэт завітваю не часта, бо амаль штодзённа працую. Але не думаю, што на іншых факультэтах было б столькі волі. За гэта я цаню журфак. Таксама гэта выдатная магчымасць атрымліваць патрэбныя сувязі, стажыравацца ў рэдакцыі і займацца творчасцю. Нехта можа запытаць: “Навошта паступаць ва ўніверсітэт, каб пасля яго наведваць толькі зрэдку?” Але я лічу, што патрэбны такі пераходны перыяд жыцця як студэнцтва. Для мяне журфак — гэта найперш школа жыцця. Наогул, я не думаю, што на любым іншым гуманітарным факультэце навучаць чамусьці грунтоўнаму. А навучанне на тэхнічных спецыяльнасцях даволі цяжкае і забірала б шмат сіл і часу. Я не змог бы працаваць журналістам падчас такой вучобы.

    Яна, 2 курс, “Аўдыёвізуальныя СМІ”:

    Калі б я магла адматаць час назад, то выбрала б якую-небудзь іншую спецыяльнасць. Зараз ужо думаю, што варта было б атрымліваць больш грунтоўную, вузкую адукацыю, а ўжо пасля “дабіваць” журналістыку. Буду шчырай: журфак не дае мне нічога, акрамя літаратуры і базавых прадметаў. Мне стала шкада свайго часу, які я трачу ва ўніверсітэце ўпустую. На занятках я з’яўляюся рэдка. Увесь багаж вопыту і ведаў атрымліваю выключна дзякуючы сваёй зацікаўленасці і трэнінгам ад БАЖа. Да паступлення на журфак я пісала ў рэгіянальную газету, зараз працую прэс-сакратаром Беларускага Лыжнага звязу.

    Уладзімір, 4 курс, “Інфармацыя і камунікацыя”:

    Кожны, хто вучыцца на журфаку, мае свой пункт гледжання на адукацыю. Я ніколі не займаўся тым, каб раіць камусьці — паступаць сюды ці не паступаць. Сёння сітуацыя выглядае так, што выгадна мець дзве адукацыі — пры гэтым адну асноўную, негуманітарную. Гэта можна здзейсніць, ідучы двума шляхамі — атрымліваць дзве вышэйшыя адукацыі адначасова або вучыцца на нейкага праграміста, а займацца любімай справай— пісаць тэксты або падпрацоўваць дзесьці на радыё. Але калі ты маеш дыплом, у цябе куды больш магчымасцяў займацца любімай справай — уладкавацца на тое ж радыё. Што такое дыплом журналіста? З аднаго боку, дыплом — адукацыя, якая ў любы момант можа даць сродкі на жыццё. А з іншага — вялікі вопыт працы ў медыйнай сферы, што дае магчымасць кар’ернага росту.

    Ксенія, 4 курс, вэб-журналістыка:

    Я лічу, што вучыцца на журфаку варта, калі хочаш працаваць менавіта ў беларускіх кампаніях ці выданнях. Я люблю свой факультэт, і мне падабаецца мая спецыяльнасць. У першую чаргу таму, што мне пашанцавала з групай. І пэўныя веды па сваёй спецыяльнасці я атрымліваю таксама. Але ў нас ёсць прадметы, якія выкладаюцца абыяк. А самі выкладчыкі на парах часта нясуць лухту, забываючыся, што яны на мінулай пары яе ўжо неслі. Я займаю такую пазіцыю: вучыся на журфаку, а паляпшаю сваю прафпрыдатнасць іншымі сродкамі, праз абмены, трэнінгі і г. д.

    Калі казаць пра плюсы вучобы на журфаку — гэта вывучэнне замежнай, беларускай, рускай літаратур, культуралогіі і гісторыі мастацтваў, эканомікі і паліталогіі. Другі плюс — гэта атмасфера, якую, думаю, адчуваў кожны, хто там вучыўся. Студэнты розных гадоў кажуць пра журфак прыкладна адно і тое ж: “На журфаку няма грунтоўнай вучобы, але там ёсць атмасфера”. Сапраўды, журфак — гэта выспа, мажліва, не зусім творчая. Але ён адрозніваецца ад іншых факультэтаў. Трэці плюс —  гэта людзі. Магчыма, мне пашанцавала, але ва ўсёй плыні людзей на журфаку я не пабачыла быдла. Так, ёсць людзі з рознымі поглядамі. І часам хочацца сціснуць скроні і крычаць: “Ты ж будучы журналіст! Як можна быць абыякавам да гэтага!?” Ёсць на журфаку і выбітныя выкладчыкі. Тыя, хто будзе правяраць тваю курсавую аж да лішняга прабела, тыя, хто пойдзе лаяцца за студэнта з загадчыкам кафедры, тыя, хто будзе займацца з табой асабіста, аддаючы ўсе сілы, каб ты навучыўся гуляцца сказамі не так, як усе. Такіх выкладчыкаў мала, але яны ёсць.

    Самы вялікі мінус адукацыі на журфаку добра акрэслілі студэнты — бессістэмнасць самога навучальнага працэсу. Праўда, з пераходам на чатырохгадовае навучанне непатрэбныя прадметы скарацілі. Нататку вучаць пісаць ужо на першым курсе. Але калі ты кожную сесію здаеш цяпер не па пяць прадметаў, а па сем, то напрошваецца пытанне: “Ці застаецца нешта ў тваёй галаве?” Да мінусаў адукацыі можна аднесці і некампетэнтнасць пэўных выкладчыкаў. Атрымліваецца, што, напрыклад, студэнты запісваюцца на спецкурс “Журналістыка расследванняў”, а на парах перапісваюць навіны з сайта “Мінсктранс”. Мінусы — гэта марнаванне часу, паўтор аднаго і таго ж матэрыялу (напрыклад, адвечных “метадаў збору інфармацыі” напрацягу ўсіх гадоў)… Такі падыход вядзе або да дэградацыі студэнтаў, або да іх жадання самаадукоўвацца.

    Калі я рыхтавала гэты матэрыял, то запытала ў сябе: “Калі б была мажлівасць не паступаць на журфак, ці паступала б?” І разумею, што ўсё адно паступала б на журфак. Хоць і становіцца шкада страчанага часу. Хоць часам разумееш, што напісаў бы ўтрая больш, калі б не падрыхтоўка да якіх-небудзь “Асноў інтэлектуальнай маёмасці”… Хоць і невыносна больш слухаць напрацягу семестра байкі выкладчыка пра тое, “як мы з Алексіевіч у 1980‑я каталіся на байдарках” і пра тое, што “яна заслугоўвае не “Нобеля”, а “шнобеля””, і што “сваімі тэкстамі яна хлусіць, бо здабывала інфармацыю зусім іншымі шляхамі”…

    Але той факт, што аднаго журфака ў адукацыі журналіста мала, — бясспрэчны.  А вось вучыцца тут далей, бачачы мінусы, або сысці — гэта ўжо выбар, які кожны робіць сам.

    Абмяркоўвайце ў каментах!

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці