Адмовы ў акрэдытацыі: чынавенскае свавольства ці «заслуга» сістэмы?
З удзельнікамі семінара «Стан інфармацыйных медыя ў Расіі і краінах Усходняга парнтёрства», які праходзіць гэтымі днямі ў Бруселі, пагутарыў карэспандэнт «Беларускага Радыё Рацыя».
Журналісты гэтага СМІ ўжо шмат гадоў марна дамагаюцца акрэдытацыі пры МЗС Беларусі.
Віцэ-старшыня дэлегацыі па сувязях з Беларуссю Еўрапейскага парламента Андрэс Мамікінс схільны тлумачыць адмовы “чынавенскімі інструкцыямі” і лічыць, што іх можна і трэба “зламаць”.
— Фармальна, з гледзішча беларускага заканадаўства, вы — замежнае СМІ… Вы павінны рэгістравацца, але вас не рэгіструюць. Але гэта той самы чыноўнік, які жыве па інструкцыі: пункт першы — забараніць, пункт другі — забараніць, а калі не хочацца, глядзі пункт першы… Але чыноўнікі ўсё ж прыслухоўваюцца да таго, што адбываецца наверсе. Вы нават не ўяўляеце, што адбывалася ў дзяржапараце Беларусі, калі паведамілі пра рашэнне Лукашэнкі вызваліць палітвязняў. Інструкцыя ў чыноўніка зламалася, і трэба гэтую інструкцыю ламаць.
Удзельнік форума Міхал Янчук, прадстаўнік тэлеканалу «Белсат» у Беларусі і намеснік старшыні ГА «БАЖ», лічыць, што змяніць заганную практыку дапамогуць толькі сістэмныя пераўтварэнні.
— Пытанне акрэдытацыі беларускіх СМІ і ўвогуле сістэмных зменаў у беларускім заканадаўстве – гэта тое пытанне, якое трэба ставіць сёння, з выкарыстаннем таго ціску, які могуць аказаць еўраструктуры на Беларусь… Пакуль гэты дыялог адбываецца па прынцыпе: возьмем чарговых закладнікаў, выпусцім чарговых закладнікаў — атрымаем пацяпленне з Еўразвязам, а сістэмных зменаў у краіне няма — дык мы заўсёды будзем хадзіць па коле.
«Ці знаходзіцца патрабаванне акрэдытацыі «Радыё Рацыя» і тэлеканала «Белсат» — беларускіх СМІ, якія вядуць вяшчанне з‑за мяжы – у спісе патрабаванняў Еўразвяза да беларускіх уладаў, еўрапейскія дыпламаты не агалошваюць», – піша «Беларускае Радыё Рацыя».