Адміністратару Telegram-канала «Мосты для жизни» далі 7 сутак
Cуд Мастоўскага раёна 7 жніўня пакараў адміністратара Telegram-канала «Мосты для жизни» Аляксандра Мілюка арыштам паводле адміністрацыйнага артыкула за дробнае хуліганства.
Суддзя Дзмітрый Цівунчык прызнаў, што Аляксандр Мілюк 3 ліпеня парушыў грамадcкі парадак. Характэрна, што разгляд адміністрацыйнай справа Мілюка прыпыняўся, судовы працэс быў працягнуты 3 жніўня. У выніку яго пакаралі на 7 сутак арышту.
3 ліпеня адміністратара Telegram-канала «Мосты для жизни» Аляксандра Мілюка, які быў на той момант разам з малалетнім сынам, затрымалі ў Мастах супрацоўнікі міліцыі. У той дзень да яго падыйшоў невядомы мужчына і пачаў сябе правакацыйна паводзіць. У выніку міліцыя затрымала абодвух. На Мілюка склалі пратакол за дробнае хуліганства (арт. 7.1 КаАП).
Нагадаем, што 15 ліпеня супрацоўнікі Мастоўскага РАУС правялі агляд дома Мілюка ў межах праверкі па крымінальнай справе паводле арт. 369 КК (публічная абраза прадстаўніка ўлады). У выніку агляду ў яго забралі мабільны тэлефон.
Падставай для правядзення следчых дзеянняў сталі заявы супрацоўнікаў міліцыі Аляксея Літаша і Яўгена Кудрашова. Яны сцвярджаюць, што Мілюк 3 ліпеня змясціў у Telegram-канале “Мосты для жизни” відэа, у якім публічна выказваў у дачыненні да іх некарэктныя выразы. Міліцыянты запатрабавалі прыцягнуць яго да адказнасці за знявагу гонару і годнасці супрацоўнікаў органаў унутраных справаў.