• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Адкрыты ліст ЕФЖ і ГА «БАЖ» у cувязі з пераследам віцебскіх калег

    Напярэдадні 5 лістапада, Сусветнага дня “Станем за журналістыку”, група віцебскіх сябраў ГА “БАЖ” сфатаграфавалася на фоне будынка з вядомым гарадскім графіці – выявамі клетак, з якіх вылятаюць зробленыя з газеты птушкі. Цяпер удзельнікаў фотасесіі выклікаюць у Чыгуначны РАУС Віцебска, складаюць пратаколы за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі (арт. 23.34 КаАП) і збіраюцца судзіць. Еўрапейская федэрацыя журналістаў і яе сябра – ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” – лічаць абсурднымі выстаўленыя віцебскім калегам абвінавачанні.

    5 лістапада ў свеце праходзіла кампанія “Станем за журналістыку”, якая ладзілася з ініцыятывы Міжнароднай и Еўрапейскай федэрацый журналістаў ужо сёмы год запар. Да гэтай даты журналісты ва ўсім свеце звычайна ладзяць сяброўскія сустрэчы, прэзентацыі, семінары і г.д. для ўзмацнення салідарнасці і ўзаемапаразумення паміж журналістамі. Супольнае фатаграфаванне – гэта адзін з самых распаўсюджаных спосабаў адзначыць гэтую дату, які шырока практыкуецца журналістамі ва ўсім свеце.

    Судзіць як за “несанкцыянаваную акцыю” за фотасесію на фоне гарадской сцяны – гэта анекдатычная сітуацыя, якая была б вартая жалю, калі б не адбівалася на лёсах канкрэтных людзей. Фотасесія праводзілася ў прыктычна бязлюдным месцы – каля будынка, зачыненага на рэстаўрацыю, які да таго ж знаходзіцца не ў цэнтры горада. На правядзенне фотасесіі не трэба падаваць заяўку як на правядзенне масавай акцыі: фотасесія не лічыцца масавай акцыяй паводле Закона аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь. Аднак міліцыя расцаніла паводзіны ўдзельнікаў фотасесіі менавіта як «пікетаванне». Удзельнікі фотасесіі катэгарычна не згодныя з такой трактоўкай іх дзеянняў.

    ЕФЖ і ГА “БАЖ” таксама пратэстуюць з гэтай нагоды і заклікаюць:

    – Аддзел аховы правапарадку і прафілактыкі АУС Чыгуначнага раёна Віцебска і асабіста яго начальніка Аляксандра Рыбакова – тэрмінова адклікаць пратаколы, складзеныя ў дачыненні да ўдзельнікаў фотасесіі.   

    – УУС Віцебскага аблвыканкама і асабіста намесніка начальніка ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі УУС Аляксандра Каліноўскага – тэрмінова адклікаць з АУС Чыгуначнага раёна Віцебска распараджэнне аб прыцягненні да адказнасці ўдзельнікаў вулічнай фотасесіі.

    – Суд, у які могуць паступіць пратаколы пра ўдзел гэтых людзей у “несанкцыянаванай акцыі”, – аб’ектыўна і ўсебакова ацаніць іх справы і вынесці рашэнні, заснаваныя на законе і здаровым сэнсе.

    Зацверджана Праўленнем ГА “БАЖ” 25.11.2014 г.

    Падтрымана Генеральным сакратаром ЕФЖ Рыкарда Гуціэрасам (Ricar­do Gutier­rez) і Дырэктаркай ЕФЖ Рэнатай Шродэр (Renate Schroed­er). 

    P.S.: 26 лістапада тэкст адкрытага ліста быў адпраўлены ва УУС Віцебскага аблвыканкама і ў аддзел аховы правапарадку і прафілактыкі АУС Чыгуначнага раёна Віцебска.     

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці