Адкрылася прастора для журналістаў MediaPortBelarus у Беластоку. Створана медыя MOST
Афіцыйнае адкрыццё адбылося 18 студзеня. Пляцоўка MediaPortBelarus у Беластоку — гэта каворкінг для беларускіх журналістаў, якія апынуліся ў вымушанай эміграцыі.
Аўтары ідэі ставяць сабе задачу захаваць беларускую журналістыку і медыясупольнасць, дапамагчы журналістам і рэдакцыям пераадолець крызіс і працягнуць развіццё, удзельнічаць у фармаванні новага канкурэнтаздольнага медыйнага рынку Беларусі.
Журналісты з Беларусі, якія былі вымушаныя з’ехаць з краіны з прычыны палітычных рэпрэсій, папрасілі ўлады горада Беласток дапамагчы. Мэрыя пайшла насустрач і выдзеліла ў цэнтры Беластоку памяшканне плошчаю 72 квадратных метры па мінімальных арэндных коштах.
За гэты час журналісты зрабілі там рамонт, сёння адбылося ўрачыстае адкрыццё. Магчымасці пляцоўкі дазваляюць журналістам у выгнанні працаваць там, ёсць памяшканне для публічных мерапрыемстваў (майстар-класы, лекцыі, выставы, сустрэчы). Ёсць відэастудыя, дзе можна пісаць праграмы, інтэрвʼю.
У каворкінгу ўжо працуюць журналісты з розных гарадоў Беларусі: Гродна, Брэст, Маладзечна, Мінск, Магілёў, Глыбокае. Усе яны прадстаўляюць розныя беларускія рэдакцыі.
З 2022 года на базе каворкінгу ў журналістаў нарадзіўся новы медыяпраект пад назвай MOST, які расказвае пра падзеі на беларуска-польскай мяжы. Задача новага медыя – стаць мастом паміж Беларуссю і Польшчай, Гродна і Беластокам.
Медыя MOST — гэта Telegram-канал і сайт. Матэрыялы будуць публікаваць на беларускай, рускай і, магчыма, на польскай мове.
«Тут сабралася шмат журналістаў з розных куткоў Беларусі, мяркуем, нешта з гэтага атрымаецца», — гаворыць каардынатар каворкінгу ў Беластоку Руслан Кулевіч.
Каворкоркінг для беларускіх журналістаў адкрыўся дзякуючы падтрымцы ўладаў Беластоку, Fundacja Linking Media, Fundacja Belarus in Focus, Асацыяцыя выдаўцоў рэгіянальнай прэсы «Аб’яднаныя Мас-Медыя».
Фота прадстаўленыя Русланам Кулевічам