Адбыўся допыт Каравянковай у прысутнасці яе адваката
Сёння адбыўся допыт у Следчым камітэце журналісткі БелаПАН Таццяны Каравянковай.
Допыт Каравянковай адбываўся ў прысутнасці яе адваката.
Нагадаем, што заўтра ў 11.10 сканчваецца тэрмін яе затрымання. І на заўтра ж прызначана наступнае следчае дзеянне, але час не агучаны.
Таццяна Каравянкова атрымала перадачу ў ізалятар і дзякуе ўсім, хто ёй дапамагае. Яна адчувае ў цэлым сябе нармальна — настрой бадзёры. Праўда, скардзілася на падвышаны ціск.
Усе гэтыя дні Таццяна знаходзілася ў ізалятары на Акрэсціна. Аднак ні з кім з фігурантаў «справы БелТА» не перасякалася.
Нагадаем, Таццяну Каравянкову затрымалі 7 жніўня. У першы ж дзень яе дапытвалі ў Следчым камітэце. Допыт адбываўся ў прысутнасці дзяжурнага адваката. Адваката, з якім журналістка мела дамову, тады не пусцілі да яе. Таццяна адмовілася даваць паказанні.
У мінскай кватэры Таццяны Каравянковай і ў доме яе мамы ў Гродненскай вобласці былі ператрусы, забралі тэхніку.
Таццяна Каравянкова, як і іншыя журналісты, затрыманая на 72 гадзіны.