Ад журналісткі Шчыраковай патрабуюць здаць адбіткі пальцаў
Журналістка-фрылансерка Ларыса Шчыракова атрымала позву за подпісам участковага інспектара Сяргея Прымакова з АУС Гомельскага райвыканкама, якой яе выклікаюць для прахаджэння дактыласкапіі. Пры чым, позва была проста пакладзена ў паштовую скрыню.
Падчас тэлефоннай размовы з журналісткай міліцыянт патлумачыў, што яна шмат разоў прыцягвалася да адказнасці па адміністратыўнаму артыкулу, па якому прадугледжаны адміністратыўны арышт. У выпадку, калі журналістка не пройдзе дабраахвотна гэту працэдуру, міліцыянт паведаміў, што на яе будзе складзены адміністратыўны пратакол і яна будзе прыцягнута да адказнасці за ўхіленне ад дактыласкапіі.
“Я расцэньваю гэту позву як псіхалагічны ціск і запалохванне з боку міліцыі за сваю прафесійную дзейнасць, і не толькі мяне, але і ўсю незалежную журналісцкую супольнасць, — пракаментавала сп. Шчыракова. — Што да тлумачэнняў участковага інспектара, яны неабгрунтаваныя, узятыя “са столі”. Я насамрэч шмат разоў прыцягвалася да адміністратыўнай адказнасці па артыкулу 22.9 “Незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”, але, па гэтаму артыкулу прадугледжаны толькі штраф, такой санкцыі, як адміністратыўны арышт там папросту няма”.
Гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка раіць у такіх выпадках не хадзіць па позве ў міліцыю:
“Абавязкова дактыласкапія ў Беларусі прадугледжана толькі для ваеннаабавязаных. Ларыса Шчыракова такой не з’яўляецца, таму — патрабаванне міліцыі прайсці дактыласкапію — незаконныя”.
За супрацу з тэлеканалам «Белсат» з 2015 года сп. Шчыракова прыцягвалася да адказнасці 24 разы па артыкулу 22.9 “Незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”, падвяргалася псіхалагічнаму ціску з боку міліцыі, мела пагрозы адабрання сына, на некаторых інфармацыйных рэсурсах у інтэрнэце пра яе змяшчаліся паклёпніцкія і абразлівыя матэрыялы.