Ад інсульту памёр галоўны рэдактар і гендырэктар «Комсомольской правды» Уладзімір Сунгоркін
Пасля затрымання журналіста КП Генадзя Мажэйкі па "Справе Зельцара" Сунгоркін публічна заявіў, што прад'яўленыя абвінавачанні — абсурдныя. Але Мажэйку з-за кратаў не выпусцілі. Неўзабаве газета закрыла прадстаўніцтва ў Беларусі.
Уладзіміру Сунгоркіну было 68 гадоў. Па дадзеных крыніц ТАСС, прычынай смерці стаў інсульт.
Тэлеканал «Звязда» ўдакладняе, што Сунгоркін памёр 14 верасня падчас аўтапрабегу ў Прыморскім краі.
Як піша Руская служба BBC, Сунгоркін працаваў у «Камсамольскай праўдзе» з 1985 года, прарабіўшы шлях ад карэспандэнта да галоўнага рэдактара, якім ён стаў у 1997 годзе.
Яшчэ ў 1992 годзе ён стаў выканаўчым дырэктарам АТ «Камсамольская праўда». Неўзабаве пасля гэтага з «Камсамолкі» сышлі журналісты, не згодныя з палітыкай выдання, у тым ліку будучы Нобелеўскі лаўрэат, галоўрэд «Новай газеты» Дзмітрый Муратаў і галоўрэд тэлекампаніі ВІD Сяргей Кушняроў.
«Камсамолку» называюць любімай газетай Уладзіміра Пуціна. Сам Сунгоркін быў даверанай асобай Пуціна на прэзідэнцкіх выбарах 18 сакавіка 2018 года і лічыўся адным з найбольш набліжаных да ўлады медыяменеджэраў.
Свае адносіны з расійскай уладай Сунгоркін у інтэрв’ю тэлеканалу «Дождж» у 2012 годзе растлумачыў так: «А мне наогул Пуцін падабаецца — учарашні, пазаўчарашні, заўтрашні».
Пасля пачатку вайны ва Украіне Сунгоркін разам з генеральнымі дырэктарамі ТАСС і ВДТРК Сяргеем Міхайлавым і Алег Дабрадзеевым трапіў у санкцыйны спіс ЕС за «дэзінфармацыю і маніпуляванне фактамі». «Уладзімір Сунгоркін распаўсюджвае і легітымізуе агрэсіўную антыўкраінскую і антызаходнюю прапаганду пуцінскага рэжыму пад непасрэдным кіраўніцтвам Крамля ў адным з самых папулярных СМІ Расіі», — гаварылася ў дакуменце Еўрасаюза.
Як зазначае Еўрарадыё, у 2000‑я беларуская «Камсамолка» стала важнай для грамадства газетай, якая смела крытыкавала ўлады.
Але неўзабаве маскоўскае кіраўніцтва загадала быць цішэй, а дзёрзкіх рэдактараў звольнілі. Газета заставалася незалежнай і дазваляла сабе нашмат больш, чым дзяржаўная прэса. Але ўжо не дзякуючы, а насуперак Сунгоркіну.
У жніўні 2020 года «КП у Беларусі» сумленна асвятляла пратэсты. «Дом друку» адмаўляўся друкаваць яе нумары Тады в.а. галоўрэда быў прызначаны Аляксандр Коц — вайсковы карэспандэнт з Масквы, які сёння на поўную «асвятляе» «спецыяльную вайсковую аперацыю».
Чытайце яшчэ:
Задачка со звездочкой: свобода слова, права человека или национальная безопасность?
Беларускія медыйшчыкі ўзялі ўдзел у журналісцкім турніры ў Друскінінкаі
«Расчаравалася ў працы міжнародных інстытутаў»: як Сабіна Аліева змяніла юрыспрудэнцыю на журналістыку