Ад імя Андрэя Бандарэнкі па рэдакцыях СМІ рассылаецца прапанова ўзяць расійскі грант памерам $100 тысяч
У шэраг незалежных беларускіх СМІ, у прыватнасці — у «Нашу Ніву» і «Народную Волю» прыйшоў ліст незвычайнага зместу нібыта ад Андрэя Бандарэнкі — кіраўніка арганізацыі «Платформа», якая ставіць мэтай абарону правоў зняволеных.
«Мы прадстаўляем зарэгістраваны ў Расійскай Федэрацыі Міжнародны фонд «Адкрытая Беларуссія», — значылася ў паведамленні. — У рамках рашэння мэтаў і задач нашага Фонду мы прапануем рэдакцыі «Нашай Нівы» ўдзел у спецыяльнай праграме па падтрымцы незалежных сродкаў масавай інфармацыі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.
Праграма прадугледжвае некалькі напрамкаў і варыянтаў супрацоўніцтва, а таксама дапускае выдзяленне інвестыцыйнага гранта на правядзенне ўзгодненай інфармацыйнай палітыкі ў памеры да 7 000 000 расейскіх рублёў (амаль $101 тысяча — Рэд.) на перыяд ад 6 да 12 месяцаў.», — гаварылася ў лісце.
Былі пазначаныя і кантакты «прадстаўніка фонду» — Андрэя Бандарэнкі. Праўда, як кажа сам Андрэй, ніякіх лістоў ён не дасылаў, і ніякага фонда не прадстаўляе.
«Я не маю да гэтага дачынення! Ніхто са мной ніякіх перамоваў не вёў, гэта няўдалы фэйк. Да таго ж, «Белоруссія» і Бандарэнка — рэчы негарманічныя», — адказаў ён.
Каму гэта можа быць выгадна?
«Я магу здагадвацца. Скажам так, валодаю інфармацыяй, якая ўказвае на чалавека, які займаецца гэтай лухтой. Але пакуль без доказаў не буду агучваць», — заявіў Бандарэнка.