Ад 800 да 1900 рублёў. Колькі прапануюць за працу ў рупарах прапаганды?
У часы, калі незалежныя медыя амаль вынішчаныя рэжымам, афіцыйныя прапагандысты адчуваюць недахоп у кадрах. "Новы час" паглядзеў вакансіі, якія прапануюць у структурах інфармацыйнай абслугі рэжыму.
Галоўны рэдактар «Радио Минск»: 1900 руб. да выліку падаткаў
Гэтае радыё ўваходзіць у холдынг «Агенство «Минск-Новости». Досьвед працы патрабуюць 3–6 гадоў.
З абавязкаў: Арганізацыя PR-мерапрыемстваў, скіраваных на прасоўваньне радыёстанцыі. Кантроль над вядзеньнем сайта, сацыяльных сетак, адказ на звароты слухачоў. Адміністрацыйнае і творчае кіраваньне калектывам радыёстанцыі, прадзюсаваньне буйных праэктаў. Стварэньне тэкстаў і рэжысура запісу аўдыёролікаў і ўпакоўкі праграмаў.
З патрабаваньняў: Досьвед працы на радыё ад 5 гадоў (вышэй яны напісалі ад 3 — не да законаў лёгікі зараз), а яшчэ «веданьне музыкі» (што маецца на ўвазе — мы так і не зразумелі).
Рэдактар у Акадэмію МУС: 800 руб. на рукі
Акрамя таго, што кандыдат будзе штодзень знаходзіцца ў акружэньні амапаўцаў і будучых сьледчых, ад яго чакаюць наступнае (у самой вакансіі міліцыянты крычаць — кожнае слова ў іх напісанае капслокам):
ПРАЦА З АЎТАРАМІ, КААРДЫНАЦЫЯ ПРАЦЫ КАРЭКТАРА, ВЕРСТАЛЬНІКА. РЭДАГАВАНЬНЕ НАВУКОВЫХ І НАВУЧАЛЬНЫХ ВЫДАНЬНЯЎ.
З патрабаваньняў выбіраць не прыйшлося, ёсьць толькі адно: ВЫШЭЙШАЯ ПРАФЭСІЙНАЯ АДУКАЦЫЯ.
Рэдактар у Белтэлерадыёкампаніі: ад 1000 да 1300 руб. на рукі
Досьвед працы патрабуюць 1–3 гады. Адпаведна вы альбо пачалі працаваць у зомбі-скрыні год таму і шукаеце новае «прэстыжнае» месца, альбо працавалі там яшчэ да 2020, і зноў жадаеце ўляпацца. Варыянтаў не шмат.
З абавязкаў: Рыхтаваць сюжэты, рэпартажы, браць інтэрвію, падрыхтоўваць перадачы на Беларускім радыё.
З патрабаваньняў: Вышэйшая адукацыя, перавага — факультэт журналістыкі, досьвед працы вітаецца (а як жа 1–3?). Валоданьне беларускай мовай (невалоданьне ёю пры патрабаваньні вышэйшай адукацыі — таксама выклікае пытаньні).
Таксама трэба валодаць «уменьньнем працаваць ва ўмовах шматзадачнасьці».
Карэспандэнт партала Minsknews: 1300 руб. на рукі
Гэты партал ня вывядзе вас у лепшы сьвет, толькі ў сваё агенцтва «Минск-Новости».
Досьвед працы патрабуюць 1–3 гады.
З абавязкаў: Падрыхтоўка матэрыялаў рэпарцёрскага характару на інтэрнэт-партал і ў друкаваныя выданьні. Самастойны пошук тэмаў. Пажаданыя навыкі па фотаздымцы (тады чаму гэта ў абавязках?).
З патрабаваньняў: Жаданьне да самаўдасканаленьня (мы не жартуем — там сапраўды патрабуюць жадаць самаўдасканальвацца). Уменьне арыентавацца ў грамадзка-палітычнай сітуацыі Менска і краіны (рызыкуюць-рызыкуюць). Уменьне працаваць ва ўмовах мультымедыйнасьці медыя (гэтае медыя вельмі любіць слова «медыя»).
Карэспандэнт/аглядальнік/вэб-журналіст у выдавецкі дом Праф-прэс. Ад 1300 да 1600 руб. на рукі
Выдавецкі дом вядомы найбольш па штотыднёвіку «Беларускі Час».
Досьвед працы патрабуюць 3–6 гадоў.
З абавязкаў: Пошук альтэрнатыўных крыніц інфармацыі (за такое людзей сотнямі кідаюць за краты, вы што). Аператыўны запыт камэнтароў ад ньюс-мэйкераў. Рэрайт з кампіляцыяй.
З патрабаваньняў: «Галоўнае патрабаваньне — гэта прафэсіяналізм. Уменьне арыентавацца ў патоку навінаў».
Ва ўмовах працы гэты працадаўца, які забыў, што за акном 2022, піша: «Стабільны заробак на пластыкавую картку».
Гукарэжысэр у АНТ: 950 руб. на рукі
Досьвед працы патрабуюць 1–3 гады.
З абавязкаў: Запіс гуку, праца за пультам на жывых этэрах, мантаж гуку, падбор музычнага афармленьня.
З патрабаваньняў: Досьвед працы з прафэсійным гукавым абсталяваньнем.
Гучыць суха, але і як прызнаюцца ў АНТ — з гукам там не ўсё добра. Пра гэта і наступная вакансія.
Гукааператар у АНТ: 900 руб. да выліку падаткаў
Досьвед працы патрабуюць 1–3 гады.
З абавязкаў: Наладка і падключэньне гукавога абсталяваньня, запіс гуку.
З патрабаваньняў: Досьвед працы з прафэсійным гукавым абсталяваньнем.
Рэдактар сайта (кантэнт-рэдактар) у БелТА: да 900 руб. да выліку падаткаў
Досьвед працы не патрабуюць.
З абавязкаў: Маніторынг інфармрэсурсаў, праца з крыніцамі. Разьмяшчэньне навінавай інфармацыі на сайце, праца ў сацсетках.
З патрабаваньняў: Уменьне прытрымлівацца інструкцый і тэрмінаў. Упэўнены карыстальнік ПК.
Галоўны рэдактар у Дом Прэсы: 1000 руб. да выліку падаткаў
Досьвед працы патрабуюць 1–3 гады.
З абавязкаў: Кіраваньне працай рэдакцыі. Забесьпячэньне своечасовага выпуску выданьня ў друк і кантроль за выкананьнем дзейных стандартаў.
З патрабаваньняў: Выдатнае веданьне беларускай мовы.
Самае цікавае тут у раздзеле «ўмовы працы»: Гэта станцыя мэтро Акадэмія Навук і… прызначэньне на пасаду толькі пасьля ўзгадненьня з вышэйстаячай арганізацыяй.
Цікава было б папрысутнічаць на іх сумоўі.
Чытайце яшчэ:
“Збіраю грошы, каб з’ехаць і працаваць у незалежным медыя”. Выпускнікі журфака расказалі, як шукаюць працу
«Боится потерять работу в Беларуси». Телеведущая Марина Грицук выезжала из-под Киева на танке
Министерство информации Беларуси само же распространяет «экстремистский» контент?