Абяцалі зрабіць з Гомельшчыны “другую Швейцарыю або хто раскажа праўду пра Чарнобыль
У Гомелі бажаўцы правялі адкрытую сустрэчу з экспертамі, навукоўцамі, ліквідатарамі і грамадзянамі, якім дагэтуль баліць тэма Чарнобыля.
Праз некалькі дзён усе беларускія выданні (дзяржаўныя і недзяржаўныя) пачнуць згадваць тэму Чарнобыля. Сервільныя СМІ напішуць пра тое, як паспяхова адраджаюцца пацярпелыя ад радыяцыі райцэнтры на Гомельшчыне, як маладыя спецыялісты без ваганняў мяняюць сталічнае жыццё на першае працоўнае месца ў Брагіне. Незалежныя выданні падрыхтуюць гігабайты матэрыялаў пра постапакаліптычнае жыццё ў ваколіцах Нароўлі, пра самасёлаў у зоне і коней Пржавальскага ў Палескім радыяцыйна-экалагічным запаведніку. Самыя крэатыўныя і тэхнічна падкаваныя адздымуць на відэа планы адселеных вёсак з дапамогай дронаў з абавязковай трагічнай музыкай на фоне. Гэтыя ролікі прагледзяць пару тысяч карыстальнікаў Facebook. І забудуць.
За 33 гады з моманту выбуха на ЧАЭС было напісана безліч тэкстаў, адзнята сюжэтаў і змантавана радыёрэпартажаў. Здзівіць нечым чытача на тэму чарнобыльскай катастрофы вельмі складана. А калі дадаць сюды праблему доступа да праўдзівай і своечасовай інфармацыі, то часам і немагчыма.
У Гомелі бажаўцы правялі адкрытую сустрэчу з экспертамі, навукоўцамі, ліквідатарамі і грамадзянамі, якім дагэтуль баліць тэма Чарнобыля. На прадстаўнічай канферэнцыі БАЖ у межах кампаніі “Доступ да інфармацыі” выступілі старшыня пастаяннага камітэту па чарнобыльскіх пытаннях Вярхоўнага Савета ХІІІ склікання Віктар Хоміч, журналіст-фрылансер Андрэй Мядзведзеў, рэдактар партала Rynak.by Аляксей Харкевіч, ліквідатар Адам Варанец і ўдзельнік руху “Навукоўцы за без’ядзерную Беларусь” Юрый Варонежцаў (у фармаце відэаінтэрв’ю).
Ліквідатар, педагог Адам Варанец у 1986 годзе жыў у вёсцы Астрагляды Брагінскага раёна. Па прамой ад гэтага населенага пункта да ЧАЭС — каля 40 км. Ён разам з жонкай Клаўдзіяй удзельнічаў у эвакуацыі дзяцей, займаўся дэзактывацыяй школы.
“Я не люблю камуністычную ўладу за татальную хлусню, за замоўчванне праўды, за ўтойванне інфармацыі пра трагедыю. Ужо літаральна на наступны дзень “сарафаннае радыё” сярод вяскоўцаў перадавала звесткі, што на станцыі здарылася нейкая бяда. Але я не верыў. Я ж быў адукаваным чалавекам…
І ведаў, што ЧАЭС мае столькі ступеняў абароны, што нічога не можа адбыцца! І быў адносна спакойны. Тым больш, радыё і тэлевізар ні пра што не распавядалі”, — згадвае Адам Варанец.
Адам Варанец на прыкладзе сваёй сям’і давёў публіцы тое, як недахоп інфармацыі адбіваецца на здароўі блізкіх людзей:
“У першыя дні пасля аварыі было добрае надвор’е. Мы дзяцей проста выштурхоўвалі на вуліцу гуляць, купалі ў сабранай дажджавой вадзе. Нават не ведалі, наколькі ўсё гэта небяспечна. Нашыя дзеці выраслі. І вось чатыры гады назад здарылася бяда і ў нашай сям’і. Дзесьці чатыры гады таму дачцэ зрабілі аперацыю, выдалілі пухліну, апраменьвалі. Здавалася, усё нармальна, але не прайшло і паўгода, як на паўторным абследаванні медыкі выявілі, што метастазы пайшлі ў легкія”.
Тэма закрытай альбо недакладнай статыстыкі анкалагічных захворванняў неаднойчы ўздымалася ў межах мерапрыемства. Сябра Гомельскай філіі БАЖ, рэдактар сайта “Дзелавы Гомель” Аляксей Харкевіч падзяліўся з прысутнымі крытычным стаўленнем да афіцыйнай статыстыкі наконт сітуацыі са здароўем людзей, якія пражываюць у зоне радыяцыйнага забруджання.
“Абсалютна па ўсіх захворваннях, згодна спецыяльнай статыстыцы Белстата, якую яны ўпершыню прадаставілі ў 2017 годзе, атрымлівалася, што людзі, якія пражываюць у чарнобыльскай зоне, у сярэднім хварэюць менш… Не ламаюць ногі і рукі, анамалій у нованароджаных — у паўтара раза менш, паталогій у прэнатальным перыядзе — у два разы менш і гэтак далей. Адзін раз у нас была магчымасць дазнацца афіцыйную статыстыку захворванняў, але гэтыя лічбы выклікаюць, мякка кажучы, здзіўленне”, — каментуе статыстычныя дадзеныя Белстата Аляксей Харкевіч.
Эксперт мяркуе, што такія дадзеныя ствараюць уражанне, што аварыя нават спрыяльна паўплывала на здароўе грамадзян. Але больш верагодна, што складальнікі статыстычнага даведніка дапусцілі “тэхнічную памылку”, павялічыўшы на 400 тысяч колькасць “чарнобыльцаў” за кошт жыхароў тэрыторый з перыядычным радыяцыйным кантролем. Аляксей Харкевіч прадставіў публіцы свае разлікі, згодна якім можна прасачыць негатыўны ўплыў радыяцыі на здароўе людзей.
Рэчыцкі журналіст Андрэй Мядзведзеў распавядае пра складанасці, якія паўстаюць падчас спробаў сабраць фактуру для матэрыялаў пра зону адчужання.
“Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік — установа вельмі закрытая. Некалькі дзён таму мне давялося быць у Нараўлянскім раёне. Нават не ўехаўшы ў зону, а проста пад’ехаўшы да шыльды, каб сфатаграфаваць. Спачатку нас спыніла памежная служба, бо там памежная зона. А потым увесь час мы ездзілі ў суправаджэнні машын ДАІ”, — распавядае пра будні журналіста на Гомельшчыне Андрэй Мядзедзеў.
У канцы 2018 года кіраўнік Беларусі ўхваліў змяненні ва Указе “Аб Палескім радыяцыйна-экалагічным запаведніку”, у якім прапісвалася магчымасць весці пэўную гаспадарчую дзейнасць. У прыватнасці, “высякаць дрэвы для прамежкавага карыстання ў эксперыментальна-гаспадарчай зоне, разводзіць расліны, разводзіць пчолаў і коней, арганізоўваць турызм і г. д”. Аднак удакладніць, што канкрэтна змянілася пасля прыняцця новага Указу ў працы запаведніка праблематычна. Андрэй Мядзведзеў прывёў прыклад камунікацыі з супрацоўнікамі запаведніка, якія адмаўляліся каментаваць новаўвядзенні, спасылаючыся на забарону даваць каментары журналістам з боку адміністрацыі ўстановы.
Навуковец Юрый Варонежцаў не змог прыйсці на сустрэчу па прычыне праблем са здароўем, але пагадзіўся адказаць на пытанні ў фармаце відэаінтэрв’ю.
Дэпутат Вярхоўнага Савета ХІІІ склікання, навуковец-радыёбіёлаг Віктар Хоміч прачытаў эмацыйную лекцыю пра прычыны катастрофы на ЧАЭС, пра ўцёкі камуністычных бонзаў у першыя дні пасля выбуху і пра некампетэнтнасць кіраўніцтва.
“З навуковага пункта гледжання за час, прамінулы з моманту катастрофы, прайшоў перыяд паўраспаду Цэзія 137. То бок, у два разы зменшылася колькасць гэтага радыёнукліда ў навакольным асяроддзі. Гэта калі глядзець на сітуацыю з пункту гледжання фізікі, а калі глядзець на яе з чалавечага боку, то мы бачым — мала што змянілася. Праблемы толькі нарастаюць. Узровень жыцця грамадзянаў у тым жа Брагіне ў некалькі разоў ніжэй, чым у сталіцы, хоць у канцы 1980‑х – пачатку 1990‑х улады кляліся, што зробяць з Гомельшчыны “другую Швейцарыю. Зрабілі…”, — заўважае навуковец-радыёбіёлаг Віктар Хоміч.
Ён адмыслова звярнуў увагу прысутных на тым, што інфармаванне грамадства пра рэальную сітуацыю з радыяцыйным забруджаннем — гэта канстытуцыйны абавязак дзяржавы.
“Трэба адкрытае інфармаванне, размова з людзьмі, дыскусіі па ТБ і радыё. Сітуацыя мусіць змяняцца, каб людзі не хваляваліся, валодалі рознабаковымі дадзенымі. Калі ёсць праблемы, варта іх пра іх казаць. Калі няма, то забыцца на некаторыя рэчы, каб людзі не палохаліся беспрычынна гэтай радыяцыі, каб былі настроеныя на спакой, бо ведаюць, што ёсць кантроль і ўвага да праблемы з боку дзяржавы, якая не дапусціць парушэння нарматываў. Закрытасць інфармацыі спараджае страхі, якія негатыўна ўплываюць на эканоміку, дэмаграфію, сацыяльнае жыццё”, — акцэнтуе ўвагу на неабходнасці забеспячэння доступа да інфармацыі пра Чарнобыль Віктар Хоміч.