• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Абы-што пра грамадства з культам «ябвдул»

    — Не, не пра Косціка.

    — А ты напішы, сынок. Няхай сільна рукі не распускае. Можна ж і пабіць, калі е за што, але памаленьку.

    — Няможна, цётка. Вашу Галю муж хіба б’е?

    — Уздумаў абы-што. Я Галю не для таго гадавала, каб яе білі. Так што ты там напісаў?

    — Ай, не буду я гэты тэкст аддаваць.

    — Чаму?

    — Бо пра гвалт апошнім часам багата ўсяго напісана, а ў мяне выйшла абы-што.

    — Я табе памагу, сынок. Давай, чытай. А я раскажу, як трэба. І пра Косціка дапішы. Паслухай мяне сюды. Дапішы, кажу.

    «Чытаю прызнанні жанчын пра сексуальны гвалт. Адначасна слухаю дзівосныя небыліцы пра міжполавыя зносіны ў Туркменістане ад парабка-туркмена, якога мне прывезлі, каб я хоць на дзень вылез са свайго агарода».

    — Картоплю ўсю папалоў?

    — Зноў заростае, цётка.

    — Няхай сядзіць у траве, ужо адцвіла. Што далей? Ты ж пра гвалт напісаў, а не пра картоплю, ну.

    «У туркменаў да чужой жанчыны няможна дакранацца. Калі гэтае правіла парушыць, то прыйдуць злыя старэйшыя браты і надаюць тумакоў. Шчэ і бацька ўваліць».

    — Як наш Пеця, такі самы — уваліць дык уваліць.

    «Можна падумаць, якія харошыя туркмены, як яны добра прыдумалі».

    — Не?

    «Але яны хвалююцца найперш за сваю рэпутацыю. Гэта вельмі патрыярхальнае грамадства».

    — А чым ты свайго туркмена корміш — салам?

    — Ён сала не есць. Мусульманін жа.

    — А чым парабка накарміць можна без сала?

    — Я рыбу купіў. Яечню на посным масле смажу.

    — Сынок, ты пра гвалт напісаў ці пра аечню? Чытай далей, не дуры мне галаву са сваім туркменам.

    — Вы ж самі…

    — Давай.

    «Беларускае грамадства адрознае ад туркменскага. У нас няма культу дзявочай цнатлівасці — у нас ёсць культ «ябвдул». Мяне да яго прывёў старэйшы брат, які сваімі штодзённымі гулянкамі прачытаў родавы спецкурс «Як стаць “ябвдулам” і ганарыцца сабой».

    — От і мой меншы — Сярожа — такі самы. Таўчэ і таўчэ тых дзевак. І скуль, бра, толькі сілу бярэ?

    «Але ўзорным «ябвдулам» я не стаў. Бывалі выпадкі, калі заставаўся з падпітай дзеўкай сам-насам, і яна пачынала ціснуцца да мяне, а я не хацеў».

    — Дзеўкі цяпер такія — самі лезуць. Колісь такога не было, сынок. Колісь дзеўкі былі як дзеўкі.

    «У такія моманты я вельмі перажываў, што дзяўчына можа падумаць, што я не ”ябвдул”».

    — У такія моманты яна падумае, што ты еўнух, сынок. Нікому хоць не расказвай, што дзеўка цябе абдымала, а ты не хацеў. Сорам! Мужчына заўсёды дзеўку прылашчыць, на то ён і мужчына.

    «Я вырас у грамадстве, дзе мужчына хоча і можа заўсёды, усіх і ўсюды. Ён (я), можна сказаць, спецыяльна нарадзіўся для секса».

    — Ну, правільна. Усе мужыкі такія. Што б харошае, а ў вас толькі адно ў галаве. От і мой Сярожа кажа: «Мамо, пайду да дзевак». Ідзі, кажу, сынок. На то ты і мужчынка, кажу, каб хадзіць.

    «Узгадваю выпадак, як вельмі даўно святкаваў свой дзень народзінаў. Сярод іншых гасцей была мая каляжанка Валя. Я зашмат выпіў і нясцерпна захацеў пацалаваць тую Валю. От менавіта пацалаваць і Валю».

    — Пацалаваў?

    — Ну. «Я выйшаў за ёй у ванную. Валя не супраціўлялася, і наш пацалунак адбыўся палюбоўна. Валя хіхікала і жартавала, а потым пабегла на свіданку да свайго хлопца».

    — Ат, цалавацца не ўмееш, што дзеўка да хлопца пабегла.

    «Я паставіў мэту і праявіў ініцыятыву, як грамадства патрабуе ад мужчыны».

    — Маладзец. Давай чытай далей пра Валю.

    «Але калі б Валя пачала супраціўляцца, адчула б агіду і парушэнне сваіх межаў, я б сёння стаў героем яе #ЯНеБаюсьСказаць. Таму ў грамадстве з культам «ябвдул» цяжка зразумець, дзе трэба быць кабялём, а дзе — Валіна асабістая прастора».

    — А з хлопцам тым у яе што? Мо замуж узяў?

    — Не ведаю, цётка. Я ж не пра тое напісаў.

    — І дзеўку пацалаваць не ўмееш, і расказваць не ўмееш. Гэта ўсё?

    — Не. «Мне здаецца, што культ «ябвдул» падтрымліваецца не толькі мужчынамі. Мая сяброўка неяк збіралася ў вандроўку аўтастопам і сказала: «Трэба апрануцца так, каб кіроўцы мяне хацелі, але не згвалцілі».

    — Трэба апранацца так, каб нагам было цёпленька. Дык згвалцілі яе ці як?

    — Не.

    — А дзе тады пра гвалт?

    — Пра гвалт, цётка, жанчыны расказалі багата. Мне за імі не ўгнацца. Я чытаў і думаў, як ад усяго гэтага ўберагчы сваю дачку. Помню, прыехалі мы з ёй у Нароўлю. Ёй тады і трох год не было. Варка ўсю дарогу гуляла з паветраным шарыкам, а нараніцу мы пайшлі на бераг Прыпяці, шарык упаў у ваду і яго здзьмула ветрам далёка. Варвара заплакала, я ледзьве супакоіў яе. А хвілін праз дзесяць да нас падплыла лодка з двума нараўлянскімі ратаўнікамі — яны дзяжурылі на рацэ, ўбачылі, што здарылася, дагналі той шарык і прывезлі яго Варвары. Ціха аддалі і паплылі далей. Уяўляеце двух здаровых мужыкоў з шырокімі плячыма, якія вязуць ружовы шарык? Цётка, вы б бачылі, як Варвара глядзела на тых ратаўнікоў! Яны былі для яе героямі. Я тады ўвесь разроўся ўнутры. Глядзеў на сінюю Прыпяць, на сіняе неба і думаў: «Госпадзі, няхай такі позірк на мужчын ніколі не згасне! Няхай яна не расчаруецца!».

    Анлайн-канферэнцыя з Сашай Раманавай. Пятніца, 13.00. Дасылайце пытанні!

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці