Абвешчаны збор сродкаў на новы “Витебский курьер”
Рэдакцыйны калектыў, якія сышоў з інтэрнэт-рэсурсу “Витебский курьер” пасля продажу новаму ўладальніку, мае намер стварыць новы рэгіянальны незалежны інфармацыйны сайт.
“Каманда «Витебского курьера» вырашыла застацца са сваімі чытачамі, правяла рэбрэндынг”, — гаворыцца ў абвестцы на платформе molamola.by, дзе абвешчаны збор сродкаў на падтрымку гэтай ідэі.
Удзельнікі новага праекту хочуць сабраць 15 тысяч рублёў, якія пойдуць на ўласна стварэнне партала, яго развіццё цягам першага годa і на пачатковы бюджэт рэдакцыі. Спонсараў абяцаюць аддзячыць сувенірамі і аўтарскімі артыкуламі пра іх — у залежнасці ад сумы ахвяравання.
Галоўны аргумент, якім калектыў рэдакцыі тлумачыць неабходнасць стварэння новага інтэрнэт-рэсурсу, — гэта мізэрная колькасць незалежных СМІ ў рэгіёне. Шэсць гадоў таму сайт vkurier.by ствараўся менавіта для таго, каб даносіць да чытачоў інфармацыю, якой няма месца ў дзяржыўных медыях.
Пасля таго, як былая ўладальніца Вольга Карач прадала “Витебский курьер” мінскаму бізнесоўцу Аляксею Шаблоўскаму, ён ператварыўся ў дайджэст навінаў. На сайце больш няма ні краязнаўчых матэрыялаў, ні ўласных фотаздымкаў, ні аўтарскіх артыкулаў пра мясцовыя праблемы. І гэта зруйнавала зваротную сувязь з чытачамі, якія звярталіся па дапамогу або прапаноўвалі цікавыя тэмы з жыцця рэгіёна, — зазначаюць былыя журналісты рэдакцыі.
Ідэя новага партала, на рэалізацыю якой калектыў журналістаў просіць грашовай падтрымкі, будзе прэзентаваная праз некалькі дзён.