Абвешчаны шот-ліст намінацыі «Журналіст года» прэміі “Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці”
Сёння будуць названыя пераможцы прэміі “Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці” 2018 года.
У гэтым годзе Асамблея НДА ўручае Прэмію дзесяты раз.
У намінацыі «Журналіст / журналістка года» прэмію ўручаюць рэдакцыі, журналісту/журналістцы, блогеру/блогерцы за найбольш грунтоўнае і рознабаковае асвятленне грамадскай дзейнасці. Улічваецца адкрытасць да супрацоўніцтва з НДА і асвятленне тэмаў, актуальных для няўрадавага сектару.
Шот-ліст сёлета выглядае так:
Таццяна Каравянкова. Журналістка БелаПАН, якая прафесійна асвятляе грамадска-палітычныя тэмы ў Беларусі.
34mag.net. Анлайн-часопіс стварыў спецпраект «Актывісты» пра грамадскіх актывістаў Беларусі.
Hrodna.life. Беларускамоўны рэсурс Гродзеншчыны публікуе не толькі апошнія навіны, але і мноства аўтарскіх тэкстаў пра грамадскія арганізацыі, актывізм і валанцёрства.
Binkl.by. Карыстаючыся сучаснымі формамі, асвятляе дзейнасць мясцовых грамадскіх актывістаў і НДА.
Сяргей Пятрухін. Аўтар папулярнага Youtube-канала «Народный репортер» з Брэста. Відэа пра мясцовыя праблемы, грамадскія падзеі і пратэсты.
Gomel.today. Самы папулярны сайт Гомельскай вобласьці, які робіцца сіламі грамадскіх актывістаў.
Летась у намінацыі «Журналіст года» за найбольш грунтоўнае і рознабаковае асвятленне грамадскай дзейнасці перамог гомельскі блогер Максім Філіповіч.
Пераможцы прэміі “Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці” вызначаюцца па выніках супольнага падліку галасоў, пададзеных за намінантаў сябрамі Рабочай групы Асамблеі, а таксама запрошанымі экспертамі з ліку лідараў НДА, мінулагодніх пераможцаў прэміі, а таксама журналістаў. Сёлета ў журы ўваходзяць 112 чалавек.