АБСЕ занепакоена мерамі ў дачыненні да незалежных СМІ ў Беларусі і заклікае ўлады вызваліць затрыманых журналістаў
Прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Арлем Дэзір выказаў сур'ёзную заклапочанасць у сувязі з затрыманнем журналістаў з партала TUT.BY і інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, а таксама ў сувязі з вобшукамі ў рэдакцыях і кватэрах журналістаў.
У заяве АБСЕ адзначаецца, што па меншай меры пяць журналістаў (Марына Золатава, Ганна Калтыгіна, Галіна Уласік, Ганна Ермачонак з TUT.BY і Таццяна Каравянкова з БелаПАН) былі затрыманыя Следчым камітэтам Беларусі па падазрэнні ў «несанкцыянаваным доступе да кампутарнай інфармацыі» дзяржаўнага інфармагенцтва БЕЛТА.
Журналістам пагражае да двух гадоў пазбаўлення волі.
«Занадта непрапарцыйныя меры, што прымаюцца праваахоўнымі органамі ў дачыненні да двух незалежных медыя, выклікаюць сур’ёзную заклапочанасць наконт незалежных СМІ ў Беларусі, — сказаў спадар Дэзір. — Я заклікаю ўлады неадкладна вызваліць усіх затрыманых журналістаў і гарантаваць, што і сродкі масавай інфармацыі могуць працягваць сваю працу без перашкодаў».
Прадстаўнік АБСЕ працягвае ўважліва сачыць за развіццём падзей вакол гэтай справы.