АБСЭ занепакоена бясьпекай акрэдытаваных у «ДНР» журналістаў
Прадстаўнік АБСЭ па пытаньнях свабоды СМІ Дуня Міятавіч выказала занепакоенасьць адносна бясьпекі ўкраінскіх і замежных журналістаў пасьля апублікаваньня іх пэрсанальных дадзеных у інфармацыі аб акрэдытацыі на тэрыторыі так званай «ДНР».
Пра гэта гаворыцца ў заяве Міятавіч з нагоды апублікаваньня сайтам «Міратворац» пэрсанальнай інфармацыі больш за 4 тысяч супрацоўнікаў як украінскіх, так і сусьветных СМІ, уключаючы CNN, Agence France-Presse, Reuters, BBC, New York Times, Vice News і Al Jazeera.
«Гэта вельмі трывожная падзея, якая можа ў далейшым ставіць пад пагрозу сытуацыю зь бясьпекай для журналістаў», — заявіла Міятавіч.
«Журналісты паведамляюць пра праблемы, якія маюць грамадзкі інтарэс, і яны не павінны падвяргацца перасьледам за выкананьне сваёй працы», — цытуе Міятавіч украінскае агенцтва УНІАН Прадстаўнік АБСЭ па пытаньнях свабоды СМІ зьвярнула ўвагу на занепакоенасьць мэдыйнай супольнасьці як ва Ўкраіне, так і за яе межамі адносна зьяўленьня сьпісу журналістаў, якія атрымлівалі акрэдытацыю ў так званай «ДНР», і выказала занепакоенасьць з нагоды таго, што некаторыя журналісты з апублікаванага сьпісу ўжо атрымлівалі пагрозы.
З гэтай нагоды на сайце ўкраінскага hromadske.tv апублікаваны зварот украінскіх і замежных журналістаў.
«Мы глыбока шакаваныя дзеяньнямі ўкраінскіх палітыкаў і супрацоўнікаў сайта „Міратворац“, якія выставілі ў публічны доступ пэрсанальныя дадзеныя ўсіх журналістаў, якія атрымлівалі акрэдытацыю ў самазваных „ДНР / ЛНР“, назваўшы іх людзьмі, якія „супрацоўнічаюць з тэрарыстамі“. Пад удар трапілі ўкраінскія і замежныя журналісты, якія, рызыкуючы жыцьцём, аб’ектыўна асьвятлялі падзеі і распавядалі ва ўкраінскіх і сусьветных мэдыя, што адбывалася на акупаваных тэрыторыях.
Мы асабліва падкрэсьліваем, што акрэдытацыя не азначае і ніколі не азначала супрацоўніцтва журналістаў зь любым бокам канфлікту. Акрэдытацыя — гэта форма абароны і бясьпекі журналіста.
Пасьля абвінавачваньняў у „працы на тэрарыстаў“ і апублікаваньня пэрсанальных дадзеных, нумароў тэлефонаў і электронных адрасоў журналістаў, ім пачалі тэлефанаваць і пісаць з пагрозамі, а ад некаторых украінскіх палітыкаў ужо прагучалі заклікі лічыць гэтых журналістаў „ворагамі Ўкраіны“ і наогул забраць у іх магчымасьць працаваць».
Журналісты, якія падпісалі зварот, патрабуюць ад сайта «Міратворац» неадкладна выдаліць з вольнага доступу інфармацыю аб пэрсанальных дадзеных.
10 траўня на сайце «Міратворац» зьявілася публікацыя, якая ўтрымлівае дадзеныя ўкраінскіх і замежных супрацоўнікаў СМІ — усе яны атрымлівалі акрэдытацыю ў так званай «ДНР» у пэрыяд 2014–2016 гадоў. Акрамя імёнаў журналістаў, апублікаваныя іх тэлефонныя нумары, электронная пошта і пэрыяд знаходжаньня на акупаваных тэрыторыях.
У базе дадзеных ёсьць і беларусы — гэта фотакарэспандэнт Associated Press Сяргей Грыц і журналіст партала Tut.by Павал Дабравольскі.