• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Абмежаванне свабоды слова: неабходнасць ці цэнзура?

    Гэтае пытанне з’яўляецца нагодая для шматгадовых дыскусаў і спрэчак, і адзіны адказ так і не быў знойдзены. Як па мне, тут яго і не можа быць, бо свабода слова, асабліва ў журналістыцы, настолькі шматгранны панятак, што трэба разглядаць кожны выпадак асобна. Малады журналіст Багдан Сакалоў разважае пра каштоўнасць свабоды слова і мэтазгоднасць цэнзуры.

    Свабода слова з’яўляецца адным з галоўных прынцыпаў дэмакратыі. Любое пасягальніцтва на гэта паказвае, што ў грамадстве нешта не так. Але ж ёсць рэчы, якія адпавядаюць гэтай свабодзе і яе зневажаюць. Напрыклад, капанне ў бруднай бялізне “зорак” ці медыйных асобаў. Якую гэта нясе ідэйную нагрузку ці грамадскую важнасць? Ніякай. Дык чаму тады існуе маўклівы дазвол на такі пераслед і пошук бруду ў больш-менш вядомых асобаў, хаця іх асабістае жыццё не з’яўляецца грамадска важнай інфармацыяй? Свабода слова і высокія рэйтынгі ў такіх матэрыялаў.

    Дзякуючы таму, што такое не абмяжоўваецца ў большасці цывілізаваных краінаў, існуе цэлая кагорта бульварных газет, часопісаў і таблоідаў, якія ўжо не адзін дзясятак гадоў з гэтага жывуць. 

    Ці варта іх забараніць? З аднаго боку так, бо яны распаўсюджваюць паклёпы, знявагі і раскрываюць таямніцы жыцця асобаў. І гэта далёка не палітыкі ці людзі, чые падрабязнасці асабістага жыцця маюць грамадскую важнасць. З другога боку, яны паказваюць шматграннасць нашай прафесіі, прэсы і ўвогуле якасці інфармацыі. Ці можа існаваць нешта якаснае, калі няма нечага таннага? Наўрад ці, бо тады дарагое не будзе так цаніцца.

    Сатыра. Мала хто з герояў яе любіць. Ці можна яе лічыць абразай асобы? Калі падумаць, то так. Але ж свабода слова дае жыццё гэтаму жанру. Напрыклад, падчас адукацыйнага візіту ў Брусэль у Еўрапарламенце ў мясцовых шапіках я пабачыў у продажы сатырычныя часопісы.  У іх, я ўпэўнены, хоць раз высмейваліся прадстаўнікі гэтага палітычнага інстытута. І гэты факт для мяне — чалавека з аўтарытарнай краіны — быў сапраўдным культурным шокам. Але вернемся да пытання, ці варта такое абмяжоўваць. Асабіста я лічу, што не. Сатыра паказвае слабыя месцы той ці іншай падзеі, палітычнай праграмы і вядомай асобы. Гумар — добры інструмент, які ў простай форме дае магчымасць вялікай аўдыторыі задумацца і скласці асабістае меркаванне. А крыўда на сатыру можа паказаць толькі адно — немагчымасць героя выправіць хібы.

    То бок сатыра мяжуе з пэўнай этыкай, але ж пры гэтым з’яўляецца неад’емнай часткай свабоды слова і дэмакратыі. Абмежаванне гэтага жанра можна смела назваць цэнзурай. Гісторыя абароны і падтрымкі Char­lie Heb­do пасля іх трагедыі таму паказчык.

    Гэтыя спрэчныя пытанні тычацца і прэстыжных класічных выданняў. Я за прыклад вазьму амерыканскія кейсы, бо яны выразна паказваюць шматграннасць спрэчкі і вялікую каштоўнасць свабоды слова.

    Першы прыклад — Уотергейцкі скандал. Ён паказаў, што журналістыка мае вагу і абараняе асновы дэмакратыі ў грамадстве. Дзякуючы журналістам, амерыканцы змаглі даведацца праўду пра закулісную гульню каманды Ніксана. Гэта не дазволіла яму адбыць цалкам свой другі тэрмін прэзідэнта Злучаных Штатаў.

    Вядома, што не ўсе метады, якімі журналісты здабывалі інфармацыю, можна назваць абсалютна чыстымі. Тут былі і пошукі людзей, і доўгія гутаркі, і літаральна выцягванне інфармацыі. Вядома, што ў некаторых краінах іх дзеянні маглі б расцаніць, як спробу перавароту і нанясенне шкоды кіраўніку краіны, У  ЗША ж — свабода слова. І толькі з‑за адсутнасці яе абмежавання, Боб Вудварт і Карл Бернстайн змаглі нанесці ўдар Ніксану, а Амерыцы дапамагчы з перамогай праўды над маною і брудам.

    Ёсць і супрацьлеглы кейс. Гісторыя Сцівена Гласа, якая адбывалася ў другой палове 1990-ых. Малады журналіст з амбіцыямі патрапіў у адзін з самых прэстыжных палітычных часопісаў ЗША — The News Repub­lic.

    Сцівен Глас за кароткі час стаў амаль тварам часопісу — яго ўнікальныя і эксклюзіўныя матэрыялы чытала ўся Амерыка, а яго калегі рвалі на сабе валасы задаючыся пытаннем: адкуль ён бярэ гэтыя факты?!

    Але матэрыял пра падлетка-хакера, якога наняла адна IT кампанія, каб той узламваў яе ж прадукты, зацікавіў журналіста Forb­se. Той ніяк не мог зразумець, як часопісу-канкурэнту атрымалася здабыць такі сенсацыйны матэрыял. І тут картачны домік Сцівена Гласа пачаў разбурацца. Выявілася, што гэты артыкул быў поўнасцю выдуманы. Далейшая праверка фактаў паказла, што 21 з 41 матэрыяла Гласа ў The News Repub­lic былі так ці інакш падробленыя, што выклікала велізарны рэзананс, а Сцівену назаўсёды зачынілі дзверы ў журналістыку.

    І вось тут пытанне: Сцівен Глас хлусіў, але ці не з’яўляецца пазбаўленне яго магчымасці вярнуцца ў СМІ цэнзурай? Не ўсе ж артыкулы ён фабрыкаваў і зноў жа свабода слова.

    Але гэта была неабходнасць, бо аснова свабоды слова — давер да СМІ. Калі яго не будзе, то каму ўвогуле верыць у гэтым свеце?

    Можна ўзгадаць шмат выпадкаў, якія будуць схіляць вагі свабоды слова і цэнзуры ў той ці іншы бок. Мяркую, абмяжоўваць свабоду слова можна толькі ў некаторых пытаннях асабістага жыцця і нацыянальнай бяспекі. У астатнім жа не можа быць абмежаванняў, нават калі гэта негатыўная прапаганда. Чаму? Бо праўда выкрыецца, а тыя, хто гуляе брудна — згубяць сваю рэпутацыю і пра іх забудуцца. А існаванне такіх рэчаў матывуе сумленныя выданні прыкладаць  больш намаганняў, каб прадукаваць якасны кантэнт.

    У гэтым і палягае асноўны прынцып свабоды слова — кажы, што хочаш, але рыхтуйся да адказу за свае словы.

    Цэнзура ж не дае развіцця, бо няма разнастайнасці, няма з чым параўноўваць і, як спявалі тры мушкецёры ў савецкім фільме, «Ах, Боже мой, как будет сложно призвать к ответу наглеца».

    Абмежаванне свабоды слова павінна быць мінімальным, усё, што звыш, можна называць цэнзурай.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці