• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Абмен «Баброўнікаў» на Пачобута. Ці прымусіць Польшча рэжым вызваліць палітвязня?

    Закрыццё ўладамі Польшчы памежнага пераходу «Баброўнікі» на мяжы з Беларуссю ў адказ на прысуд аднаму з лідараў Саюзу палякаў у Беларусі Анджэю Пачобуту можа спрыяць яго вызваленню. Але агулам улады ў Менску паспрабуюць гэтага пазбегнуць. Такое меркаванне ў каментары «Белсату» выказала Роза Турарбекава, кандыдатка гістарычных навук, дацэнтка, стажорка-даследчыца ўніверсітэту Юстуса-Лібіха (Нямеччына).

    Гісторык назвала «прадуманым крокам» рашэнне польскіх уладаў закрыць пункт пропуску «Баброўнікі» на беларуска-польскай мяжы ў адказ на рэпрэсіі супраць польскай дыяспары.

    «Гэта не спантаннае рашэнне», – падкрэсліла экспертка.

    Роза Турарбекава адзначыла, што ўлады Беларусі пры вынясенні прысуду маглі ўлічваць магчымую рэакцыю польскіх уладаў. Аднак, па яе словах, «сілавікі і сістэма «правасуддзя» працуюць згодна з уласным планам каму і які тэрмін вызначыць, і яны гэты план выконваюць».

    На думку экспэрткі, адказ афіцыйнага Менску залежыць ад таго, якое ўражанне закрыццё пункта пропуску зробіць на Аляксандра Лукашэнку асабіста і ці будзе гэты ўдар дастаткова моцным і адчувальным, або рэжыму «ўжо ўсё адно». Пры гэтым Роза Турарбекава не выключыла, што польскаму ўраду прыйдзецца дзейнічаць яшчэ больш жорстка.

    «Мне здаецца, што калі б перакрылі ўсе транзітныя шляхі з Беларусі ў Польшчу, асабліва напярэдадні магчымага змякчэння па калію, гэта б падштурхнула рэжым адпусціць Пачобута», – заявіла экспертка.

    Тавар на «чорны дзень»

    Роза Турарбекава не выключыла, што ўлады Беларусі ўсё ж могуць пайсці насустрач у пытанні асобных палітвязняў, у прыватнасці, Анджэя Пачобута.

    «Але гэты гандаль, па ўсёй верагоднасці, пакуль яшчэ не пачаўся», – выказала здагадку яна.

    Паводле яе слоў, беларускі рэжым пакуль спрабуе пазбегнуць гандлю па палітвязнях, «зберагаючы гэтую карту на больш чорны дзень». І замест гэтага спрабуюць «вынайсці» новую, напрыклад, камісію для вяртання палітэмігрантаў, якая, нягледзячы на імітацыю «прабачэння», накіраваная на паляпшэнне іміджу Лукашэнкі.

    «На жаль, я баюся, што той, хто хоча гэта прыпаднесці як змякчэнне рэпрэсій, той і будзе гэта рабіць», – адзначыла Роза Турарбекова.

    У прыватнасці, пра тое, што такі падыход працуе, можа сведчыць магчымае паслабленне санкцый у дачыненні да экспарту беларускіх калійных угнаенняў, напрыклад, у дачыненні да Івана Галаватага і Міхаіла Гуцэрыева. Але гэты меркаваны трэнд, накіраваны на змякчэнне санкцыйнага ціску, не адпавядае планам рэжыму па працягу рэпрэсій, падкрэсліла Роза Турарбекава.

    У цэлым жа, нягледзячы на спробы змякчэння санкцый, і «не вельмі ясную і зразумелую палітыку ўкраінскага ўрада ў гэтай сувязі», Беларусь будзе і надалей знаходзіцца пад санкцыямі. Працягвацца гэта будзе датуль, пакуль на тэрыторыі краіны будуць знаходзіцца расейскія войскі і тым самым будзе захоўвацца пагроза іх прамога ўварвання або расейскіх нападаў з тэрыторыі Беларусі, падсумавала экспертка.

    8 лютага журналіста і актывіста незалежнага Саюзу палякаў Анджэя Пачобута прысудзілі да 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яго прызналі вінаватым у распальванні варожасці і закліках да санкцый. Працэс праходзіў у закрытым рэжыме.

    9 лютага міністр унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Марыюш Каміньскі заявіў, што з 10 лютага будзе зачынены польскі пункт пропуску «Баброўнікі» на мяжы з Беларуссю. Гэта зроблена «па прычыне важных інтарэсаў нацыянальнай бяспекі». На 9 лютага гэта быў самы загружаны пункт пропуску на мяжы дзвюх краін.

    Па дадзеных польскіх медыя, закрыццё пераходу з’яўляецца адказам на прысуд рэжыму ў справе Анджэя Пачобута і рэпрэсіі Менску ў дачыненні польскай меншасці. А таксама сігнал, што Польшча можа прыняць рашэнні адносна іншых пераходаў – у Цярэспалю (на беларускім баку − Берасце) і Кукурыках (на беларускім боку − Казловічы).

    Марыюш Каміньскі таксама заявіў, што Польшча пашырае санкцыі супраць беларускіх уладаў, адказных за пераслед польскай меншасці ў Беларусі.

    Прадстаўнік лагістычнай галіны ў ананімным каментары «Белсату заявіў, што галоўным відавочным вынікам такога рашэння для лагістычнай галіны стане тое, што «чэргі вырастуць, транзітны час таксама, а прастоі пойдуць у кошт перавозкі, а значыць і кошт перавозкі вырасце». Але пакуль самы просты прагноз.

    У лістападзе 2021 года польскія ўлады ўжо закрылі памежны пераход «Кузніца». Тады гэта стала адказам на эмігранцкі крызіс, ініцыяваны ўладамі Беларусі ля мяжы з Польшчай.

    Чытайце яшчэ:

    Шэнгенскі бан для журналіста і праваабаронцы. Як бюракратыя прыводзіць да жыццёвай драмы

    Асуджаны экс-дырэктар БелаПАН Дзмітрый Наважылаў працуе ў швейным цэху калоніі

    Намеснік старшыні БАЖ Алег Агееў: «Прысуд Пачобуту не мае дачынення да закона, гэта проста расправа над няўгодным журналістам»

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці