“Абажуру” – 15 гадоў
Удзень 12 снежня ў мінскі офіс БАЖ завітаў Уладзімір Дзюба з двума торцікамі.
Юбілей “Абажура” прайшоў пад абедзенную гарбату і традыцыйныя ў кампаніі Уладзіміра Барысавіча “журналісцкія байкі”. Але прэс-служба ГА “БАЖ” дамовілася сустрэцца з ім яшчэ раз, каб прыгадаць, як усё пачыналася.
Змяніць “Чацвёртую ўладу”
– Спачатку з’явіўся БАЖаўскі бюлетэнь, які прапанавала выпускаць тагачасны прэзідэнт ГА “БАЖ” Жанна Літвіна. Мне, па шчырасці, яго назва — “Чацвёртая ўлада” — не надта падабался. У дэмакратычных краінах журналістыка, магчыма, і з’яўляецца чацвёртай ўладай. Аднак у большасці постсавецкіх дзяржаў, дзе дагэтуль пануе аўтарытарная сістэма кіравання, прэса ніколі не была чацвёртай уладай.
У бюлетэні мы друкавалі маніторынгі парушэння правоў журналістаў і СМІ, у тым ліку на англійскай мове, друкавалі артыкулы, звароты і заявы па абароне свабоды слова – тады гэта было актуальна. Бюлетэнь не было патрэбы рэгістраваць, бо яго наклад быў 299 асобнікаў.
Праз некалькі гадоў адчулі, што трэба наладзіць выпуск часопіса. У многіх замежных журналісцкіх арганізацый былі ўласныя выданні, якія асвятлялі прафесійныя праблемы, пытанні станаўлення і развіцця медыярынку і г. д. Мы таксама вырашылі заснаваць і афіцыйна зарэгістраваць свой карпаратыўны часопіс.
Два літры так і не выпілі…
– Назву “Абажур” прыдумаў я. Хаця на адным з журналісцкіх фэстаў абвясціў “конкурс” з надзеяй, што калегі прапануюць нешта больш цікавае. Прыз пераможцу – два літры каньяку. Аднак нічога лепшага не прапанавалі і абяцаны каньяк ніхто не выйграў. Ну, сам сабе я таксама не наліваў… Карацей, так і зарэгістравалі грамадска-палітычнае выданне Беларускай асацыяцыі журналістаў часопіс “Абажур”. Калі хто з маладых калег не ведае, то ў назве часопіса ёсць абрэвіятура “БАЖ”, што было вызначальным, калі абмяркоўвалі з кіраўніцтвам арганізацыі назву.
Першы нумар прысвяцілі Першаму фестывалю незалежнай беларускай прэсы, дзе бралі ўдзел больш як 70 незалежных рэгіянальных і агульнанацыянальных газет. На вокладцы было калектыўнае фота: Жанна Літвіна, госці з расійскага Фонда абароны галоснасці, калегі з Літвы – усе маладыя, вясёлыя, прыгожыя…
Не магу прыгадаць, які перыяд для часопіса можна назваць “залатым векам”. Бо заўсёды былі цяжкасці з рэсурсамі, асабліва пасля забароны на атрыманне грантаў ад еўрапейскіх праваабарончых арганізацый. Парушаўся графік выхаду і, каб нас не пазбавілі рэгістрацыі, нават на ксераксе часопіс друкавалі, а потым у офісе сшывалі.
Гэтыя 15 гадоў праляцелі як адно імгненне, у клопатах і рэдактарскіх турботах. Аднак часопіс здолеў сабраць вакол сябе людзей з пачуццём прафесійнай годнасці, для якіх словы “незалежная журналістыка” і “свабода слова” – надта важныя, калі не сэнс іх жыцця.
Аўтары
– Я вельмі ўдзячны Юрыю Паўлавічу Тапарашаву, з якім мы працавалі яшчэ над бюлетэнем, і Таццяне Мельнічук, якая дасканала валодае рэдактарскай справай, і Галіне Уласік, якія дагэтуль дапамагаюць ствараць часопіс.
Хутка мы зразумелі, што асвятляць толькі журналісцкія праблемы і пастаянна пісаць пра парушэнне нашых правоў – немагчыма. Бо гэта стоміць чытачоў і часопіс стане нецікавым. Таму распрацавалі новую творчую канцэпцыю, што значна пашырыла тэматыку выдання. Сёння аўтарамі “Абажура” з’яўляюцца не толькі журналісты, але і эксперты, эканамісты, юрысты, гісторыкі, пісьменнікі, псіхолагі…
На вялікі жаль, ва ўсе часы таленавітых журналістаў з аналітычным мысленнем было небагата, і яны заўсёды надта занятыя. Таму мы запрашалі да супрацоўніцтва моладых, “расцілі” іх. Я вельмі рады, што з ініцыятывы прэс-сакратара нашай асацыяцыі Барыса Гарэцкага з’явілася “маладзёжная рэдакцыя”, дзе ёсць здольныя, таленавітыя калегі. Будзем супрацоўнічаць, разам шукаць крэатыў…
Безумоўна, прасцей працаваць з журналістамі сярэдняга і сталага ўзросту, бо яны напрацавалі свой стыль, маюць пэўны жыццёвы досвед. Іх матэрыялы мне як рэдактару вельмі лёгка і прыемна чытаць. Гэта Валерый Карбалевіч, Аляксандр Класкоўскі, Аляксандр Фядута, Сяргей Шапран, Марына Коктыш, Канстанцін Скуратовіч, Анатоль Гуляеў, Эдуард Мельнікаў… У іх артыкулах заўсёды ёсць сэнс і бездакорная логіка.
Не хачу бэсціць маладое пакаленне, бо тут таксама ёсць таленавітыя людзі, якія, перакананы, стануць зоркамі незалежнай журналістыкі. Але ў асяродку журналістаў-пачаткоўцаў назіраецца вельмі неахайнае стаўленне да працы са словам. Некаторым не хапае элементарнай пісьменнасці, яны не могуць склаці словы ў простыя, зразумелыя для чытача, сказы, а сказы – у лагічны тэкст… Над гэтым трэба працаваць. Бо наша прафесія – гэта рамяство, якім трэба валодаць дасканала і пастаянна працаваць над сабой.
Муза і Журналістыка
– У наступным годзе хочацца пажадаць усім калегам добрага здароўя, кахання і натхнення. Каб неба часцей зіхацела зорамі, адкуль прыляталі б да іх дзве чароўныя жанчыны: адна – Муза, а другая, часам гарэзлівая і непрадказальная, але такая прывабная, – Журналістыка.