• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Экспертка ААН: кейс Рамана Пратасевіча — гэта абуральны прыклад гвалтоўнага выкрадання

    Кейс Рамана Пратасевіча, якога беларускія спецслужбы захапілі ў траўні 2021 года ў выніку прымусовай пасадкі міжнароднага авіялайнера, экспертка ААН Айрын Хан назвала «абуральным прыкладам гвалтоўнага выкрадання», паведамляе Asso­ci­at­ed Press.

    Фото: pexels.com

    Праблема многіх краін свету

    За апошнія гады сотні журналістаў уцяклі з Беларусі, Афганістана,  Ірана, Кітая, М’янмы, Нікарагуа, Расіі, Судана, Самалі, Турцыі,  Украіны і Эфіопіі. Журналісты бягуць ад палітычных рэпрэсіяў, ратуючы свае жыцці і свабоду. Пра гэта заявіла ў сваім дакладзе на Генеральнай асамблеі ААН Айрын Хан.

    На сённяшні дзень незалежныя СМІ, якія падтрымліваюць дэмакратыю і крытыкуюць мясцовую ўладу, адсутнічаюць ці моцна абмежаныя ў сваіх правах больш чым у траціне краін свету, дзе пражывае больш за дзве трэці насельніцтва Зямлі. Многія журналісты і незалежныя СМІ пакінулі свае краіны, каб мець магчымасць свабодна асвятляць падзеі і праводзіць расследаванні без страху і не займаць пры гэтым ні чый бок.

    Айрын Хан, брытанская праваабаронца бангладэшскага паходжання, якая ў 2001–2009 гадах займала пасаду генеральнага сакратара Amnesty Inter­na­tion­al, кажа, што журналісты ў выгнанні часта сутыкаюцца з пагрозамі на свой адрас і на адрас сваіх сем’яў з боку рэжымаў, якія правяць у родных краінах.

    «Баючыся за сваю бяспеку ці бяспеку сваіх сем’яў на радзіме, спрабуючы выжыць у фінансавым плане і пераадолець шматлікія цяжкасці жыцця ў чужой краіне, многія журналісты ў выніку кідаюць сваю прафесію. Такім чынам, выгнанне становіцца яшчэ адным спосабам прымусіць замаўчаць крытычныя галасы — яшчэ адной формай цэнзуры прэсы», — цытуе яе Asso­ci­at­ed Press.

    Як сцвярджае Хан, няма звестак пра парушэнні правоў чалавека, якія здзейснілі краіны за межамі сваіх дзяржаў. Аднак існуюць неафіцыйныя сведчанні і расповеды ахвяраў, якія раскрываюць «высокую распаўсюджанасць» такіх «транснацыянальных рэпрэсій» супраць журналістаў у выгнанні.

    У прыклад яна прывяла забойства саудаўскага журналіста Джамаля Хашогі ў консульстве Саудаўскай Аравіі ў Стамбуле. Калумніст Wash­ing­ton Post ўвайшоў у кастрычніку 2018 года ў консульства Саудаўскай Аравіі, каб атрымаць дакументы напярэдадні свайго вяселля. З таго часу Джамаль Хашогі бясследна знік. Не знойдзены нават астанкі ягонага цела.  

    Прыклад гвалтоўнага выкрадання ад беларускіх улад

    Айрын Хан таксама назвала «абуральным прыкладам гвалтоўнага выкрадання» кейс беларуса Рамана Пратасевіча.

    Раман Пратасевіч прымусова пасадзілі самалёт

    Раман Пратасевіч у Мінскім аэрапорце падчас затрымання. 23 траўня 2021 года.

    23 траўня 2021 года ў выніку прымусовай пасадкі ў Мінску самалёта Ryanair рэйсам Афіны — Вільня беларускія ўлады затрымалі аднаго з кіраўнікоў тэлеграм-канала Nex­ta Рамана Пратасевіча і ягоную сяброўку Соф’ю Сапегу.  

    6 траўня 2022 года Сапегу асудзілі да шасці гадоў калоніі. Суд прызнаў яе вінаватай у распальванні сацыяльнай варожасці, зліве дадзеных сілавікоў (справа «Чорнай кнігі Беларусі»), пазней яе памілавалі.

    Раман Пратасевіч быў асуджаны 3 траўня 2023 года да 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму па справе Nex­ta, 22 траўня яго памілавалі.

    Нягледзячы на прызнанне сваёй віны і безумоўнае супрацоўніцтва з беларускімі ўладамі, 7 траўня 2024 года суд Мінскага раёна пастанавіў спагнаць з фігурантаў справы Nex­ta штраф, які вымяраецца астранамічнай сумай у 24 559 261 рублёў, ці каля 7 мільёнаў долараў. Падобна, гэтую суму давядзецца выплочваць Раману Пратасевічу, бо ягоныя «падзельнікі» Ян Рудзік і Сцяпан Пуціла знаходзяцца за мяжой, куды не дацягнуцца рукі беларускага «правасуддзя».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці