ААЦ: Указ № 98 не закране Skype і Viber пры званках паміж мэсэнджарамі
Аператыўна-аналітычны цэнтр апублікаваў адказы на пытанні аб дзеянні новага ўказа № 98 "Аб удасканаленні парадку перадачы паведамленняў электрасувязі".
З адказаў на пытанні стала зразумела, што званкі паміж абанентамі мэсэнджараў кшталту Skype і Viber не падпадаюць пад забарону. Гэтак жа не трапляюць пад забарону антывызначальнік нумару, ананімайзеры і VPN.
Указ не ўводзіць ніякіх абмежаванняў для званкоў паміж карыстальнікамі Skype, Viber і іншых інтэрнэт-мэсэнджараў унутры Беларусі, але па ініцыятыве аператараў прапрацоўваецца пытанне аб мэтазгоднасці і неабходнасці манетызацыі.
Публікуем адказы на пытанні цалкам.
Ці закранае прыняты Указ пытанні, звязаныя з ажыццяўленнем званкоў, выкарыстоўваючы інтэрнэт-мэсэнджары Skype, Viber, Telegram і іншыя інтэрнэт-мэсэнджары, ОТТ-сэрвісы?
«Прыняты Указ не закране такіх папулярных і масавых для грамадзян Рэспублікі Беларусь інтэрнэт-мэсэнджараў, як Skype, Viber і г.д., пры ўмове, калі злучэнне будзе адбывацца непасрэдна паміж інтэрнэт-мэсэнджарамі, а таксама калі ўладальнікі інтэрнэт-мэсэнджараў заключаць дамовы аб узаемадзеянні з беларускімі аператарамі, у тым ліку на тэрмінацыю IP-трафіку непасрэдна на беларускія тэлефонныя сеткі сувязі».
Ці прадугледжваюцца Указам абмежаванні для званкоў паміж карыстальнікамі Skype, Viber і іншых інтэрнэт-мэсэнджараў (ОТТ-сэрвісаў) унутры Беларусі і ці будзе спаганяцца дадатковая плата за гэта?
«Гэтым Указам дадзенае пытанне не рэгламентаванае. Разам з тым у цяперашні час па ініцыятыве аператараў электрасувязі рэгулятарамі ў сферы інфарматызацыі прапрацоўваецца пытанне аб мэтазгоднасці і неабходнасці манетызацыі асобных сэрвісаў і паслуг, што аказваюцца з выкарыстаннем сетак электрасувязі. У выніку аператарамі і рэгулятарамі ў сферы інфарматызацыі будуць выпрацаваныя агульныя арганізацыйна-тэхнічныя і прававыя мерапрыемствы, якія дазваляюць ажыццяўляць тарыфікацыю інтэрнэт-мэсэнджараў і ОТТ-паслуг».
Ці будзе парушэннем Указа ўтойванне абанентам свайго нумара, выкарыстоўваючы паслугу антывызначальніка нумару пры выходным выкліку?
«Не. Не будзе. Пры ўтойванні абаненцкага нумару (падключэння паслугі «антывызначальнік нумару») аператар сувязі па-ранейшаму будзе ведаць, каму на самай справе належыць абаненцкі нумар, у адрозненне ад абанента, які прымае выклік».
Ці рэгулюе Указ пытанні, звязаныя з выкарыстаннем так званых «ананімайзераў» і каналаў прыватных віртуальных сетак (VPN-каналаў)?
«Гэты Указ не рэгламентуе парадак выкарыстання «ананімайзераў» і каналаў прыватных віртуальных сетак».
Асноўная мэта ўказа, як гаворыцца на сайце ААЦ, — гэта барацьба з шэрым трафікам.
«Цягам шэрагу гадоў у нашай краіне атрымала распаўсюд практыка ажыццяўлення незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці па аказанні паслуг перадачы галасавых паведамленняў электрасувязі з парушэннем патрабаванняў заканадаўства, якія прад’яўляюцца да дзейнасці ў галіне электрасувязі (так званы «шэры трафік»), асобамі, якія не маюць статусу аператара электрасувязі.
Фактычна такія асобы, карыстаючыся інфраструктурай аператараў электрасувязі і складаючы праз падстаўных асоб дамовы на аказанне паслуг электрасувязі (доступ да сеткі Інтэрнэт, прадастаўленне мабільнай сувязі і іншых відаў паслуг аператараў, напрыклад, «Максіфон»), займаюцца незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасцю, ажыццяўленне якой без рэгістрацыі, спецыяльнага дазволу (ліцэнзіі) пераследуецца па законе».
Абмяркоўвайце ў каментах! ↓ ↓ ↓