945 рублёў штрафу журналістцы ў дзень народзінаў за сюжэт на “Белсаце”
Суддзя Цэнтральнага раёна Гомеля Сяргей Салоўскі пакараў журналістку-фрылансера, сябра ГА "БАЖ" Ларысу Шчыракову за нібыта незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ (артыкул 22.9 КаАП) штрафам у памеры 35 базавых велічыняў, што складае 945 рублёў.
Суд адбыўся 13 красавіка, акурат у дзень народзінаў журналісткі.
Яшчэ да пачатку судовага пасяджэння калегі і знаёмыя павіншавалі яе кветкамі і цукеркамі, прадбачачы суворую пастанову. Сама Шчыракова была ў добрым настроі, нават дапамагала калегу інтэрв’юіраваць гамельчукоў, што прыйшлі яе падтрымаць.
“Краіна коціцца ў цемрашальства”
Падчас судовага разбіральніцтва журналістка даводзіла, што права на збор і распаўсюд інфармацыі ёй гарантуе беларуская Канстытуцыя, а таксама Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, які ратыфікавала Беларусь.
“Наступ на гэтыя правы, якія ў Беларусі ажыццяўляюць міліцыя, КДБ, уладныя ідэолагі, надзвычай небяспечны — краіна коціцца ў цемрашальства, перастае быць дэмакратычнай”, — зазначыла Шчыракова.
Незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ журналісткай-фрылансерам міліцыя Цэнтральнага раёна Гомеля ўгледзела ў відэасюжэце “Кармленне галубоў, ці Прагулкі па набярэжнай”, які выйшаў 1 сакавіка на беларускамоўным спадарожнікавым тэлеканале “Белсат” (Польшча). Распараджэнне паступіла з УУС на падставе рапарта падпалкоўніка міліцыі Зуева. Тэкставы варыянт сюжэта на сайце тэлеканала выйшаў пад загалоўкам “Падняць канапавыя войскі! У Гомлі пачынаюць карміць галубоў як ў Берасці”.
У сюжэце распавядалася пра гамельчукоў, якія збіраюцца ў нядзелю на гранітнай набярэжнай Сожа, кормяць галубоў, а заадно гутараць з журналістамі і блогерамі пра свае праблемы, абмяркоўваюць эканамічную і грамадска-палітычную сітуацыю ў краіне.
Журналістцы давялося папраўляць суддзю Салоўскага — той не мог правільна вымавіць па-беларуску словаспалучэнне “канапавыя войскі”.
Суды сталі “эпідэміялагічнай з’явай у грамадстве”
Сябра ГА “БАЖ” Андрэй Мядзведзеў, які прыйшоў у суд падтрымаць каляжанку, лічыць, што ўладныя структуры ў рэгіёнах у шырокім сэнсе зразумелі даручэнне Аляксандра Лукашэнкі “добранька прайсціся па сайтах і каналах”, якія распаўсюджваюць непраўдзівую інфармацыю пра каранавірус. Пад замес трапляюць і сюжэты, дзе гучыць апазіцыйная думка пра эканамічную і палітычную сітуацыю ў краіне.
Гомельскі палітык Васіль Палякоў, які таксама прысутнічаў на разглядзе адміністрацыйнага пратакола у дачыненні Шчыраковай, мяркуе, што беларускія суды даўно сталі “эпідэміялагічнай з’явай у грамадстве”. “Яны не самастойныя, спрэс выконваюць загады выканаўчай улады, асабліва, калі гаворка ідзе пра палітычныя справы. Вынікі разгляду адміністрацыйнага пратакола супраць журналісткі Шчыраковай — яшчэ адно таму таму пацвярджэнне”, — перакананы спадар Палякоў.
Салідарнасць шведскіх фрылансераў
Акцыю салідарнасці з Ларысай Шчыраковай зладзілі таксама фрылансеры поўдня Швецыі з арганізацыі “Фрыланс Сюд”. Шведскія журналісты звярнуліся праз сацыяльныя сеткі да калег з заклікам 13 красавіка павіншаваць гомельскую каляжанку з днём народзінаў і зрабіць ёй падарунак. Каардынавала акцыю Оса Ульсан з горада Мальмё.
“Тое, што суд праходзіць у дзень нараджэння Ларысы Шчыраковай — не супадзенне. Гэта ўжо звыклая справа для ўлады прызначаць суд у дзень народзінаў, каб было больш адчувальна”, — зазначыла спадарыня Ульсан.
Шведскія журналісты звяртаюцца да Лукашэнкі і Румаса з заклікам спыніць пераслед журналістаў-фрылансераў у Беларусі
Каля паўсотні шведскіх і нарвежскіх журналістаў цягам некалькіх гадзін пасля пачатку акцыі салідарнасці зрабілі грашовыя ахвяраванні гомельскай журналістцы. Вось некаторыя з пажаданняў, накіраваных з паўночнай краіны Шчыраковай у Гомель: “З Днём народзінаў, заставайцеся моцнай”, “Падтрымліваю Вашае змаганне”, “З Днём народзінаў, Ларыса. Хай яны гараць у пекле”.