94 гады таму ў Гродне выйшаў часопіс «Беларуская думка»
2 кастрычніка 1930 года ў Гродне на беларускай мове пачаў выдавацца штотыднёвы грамадскі, літаратурны і сельскагаспадарчы часопіс «Беларуская думка».
У праграме часопіса абвешчана пра яго незалежнасць, імкненне ўсебакова інфармаваць чытача, бараніць інтарэсы беларускага сялянства.
Ён асвятляў беларускі грамадскі рух на Гродзеншчыне, жыццё вёскі, заклікаў беларускую інтэлігенцыю арганізоўваць культурна-асветную работу.
У 1931 годзе «Беларуская думка» апублікавала даклад Радаслава Астроўскага «Беларуская справа высоўваецца на парадак дзённы польскім грамадзянствам» пра змену адносін польскага ўрада да беларускага пытання.
У часопісе можна было знайсці навіны пра падзеі ў Польшчы і за мяжой, пра жыццё ў СССР і БССР, у тым ліку і пра сталінскія рэпрэсіі. Тут друкаваліся матэрыялы па рэлігіі, праве, сельскай гаспадарцы.
На старонках часопіса змешчаліся артыкулы да 10-годдзя з дня смерці літаратараў Алеся Гаруна і Ядвігіна Ш., літаратурныя творы Францішка Аляхновіча, Аўгена Бартуля, Гальяша Леўчыка, Якуба Коласа, Янкі Купалы ды інш.
Часопіс выходзіў да 1932 года.