9 дзён таму пайшоў з жыцця найстарэйшы віцебскі БАЖавец Уладзімір Жыгулоў
Уладзімір Фёдаравіч пакінуў гэты свет уначы з 19 на 20 снежня, на 79-м годзе жыцця пасля цяжкой хваробы.
Калегі і блізкія добра ведалі, што ў апошнія гады Уладзімір Жыгулоў пакутваў на гіпертанію, перанёс некалькі інсультаў, але нават пасля гэтага працягваў займацца сваёй прафесійнай дзейнасцю аж да самых апошніх дзён, і пісаў нават на бальнічным ложку.
Журналістыка была для спадара Уладзіміра сэнсам жыцця: менавіта тэксты ён лічыў сілай, здольнай змяніць свет да лепшага. У Віцебску яго ведалі як “піянера” незалежнай журналістыкі, якая паўстала за часам распаду Савецкага Саюзу і аднаўлення беларускай дзяржаўнасці. У пачатку 1990‑х ён супрацоўнічаў з першымі мясцовымі незалежнымі выданнямі — газетамі «Выбар», “Витебский курьер”, «Народнае слова».
Калі пасля кароткага перыяду дэмакратыі надышлі цяжкія часы для друкаванай вольнай прэсы, Уладзімір Жыгулоў пачаў пісаць для электронных незалежных медыя — стала публікаваўся на сайтах «Народныя навіны Віцебска», «Свабодны рэгіён» і інш. Абвостранае пачуццё справядлівасьці прывяло журналіста ў шэрагі праваабаронцаў — шмат гадоў ён з’яўляўся актыўным сябрам БХК.
Артыкулы Уладзімера Жыгулова заўсёды былі вострымі, ён ніколі не ішоў на кампрамісы, не баяўся крытыкаваць улады, адкрыта супрацоўнічаў з незалежнымі СМІ. У 2013 годзе Віцебская абоасная пракуратура вынесла журналісту папярэджанне за супрацоўніцтва без акрэдытацыі з выданнем, не зарэгістраваным на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь — газетай “Витебский курьер”, зарэгістраванай у Смаленску.
Прадстаўнікі шматлікіх рэдакцый, з якімі зводзіла жыццё Уладзіміра Фёдаравіча, прыйшлі правесці яго ў апошні шлях 22 снежня. Калегі прынеслі на развітанне вянок, дзе на жалобнай стужцы было напісана: «Помнім, смуткем. Ад віцебскіх журналістаў БАЖ».