6 жніўня – нефармальны Дзень беларускага друку
6 жніўня 1517 года беларускі першадрукар Францыск Скарына выдаў першую кнігу на старабеларускай мове. Менавіта гэту дату многія гісторыкі лічаць сапраўдным днём беларускага друку.
Сёлета у ліпені шэраг грамадскіх арганізацый, сярод якіх Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына», Саюз беларускіх пісьменнікаў, Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, Беларускі саюз мастакоў, Беларускі саюз дызайнераў, Таварыства беларускай мовы, звярнуліся да ўладаў з прапановай пераносу святкавання Дня друку з 5 траўня на 6 жніўня.
– Арганізацыі, якія выступілі з ініцыятывай, накіравалі адпаведныя звароты ў адміністрацыю беларускага прэзідэнта, урады і шэраг ведамстваў, якія могуць падтрымаць прапанову. Мы вельмі спадзяемся, што ў наступным годзе Дзень друку Беларусь будзе святкаваць менавіта 6 жніўня, бо ў наступным годзе ў гэты дзень мы будзем святкаваць яшчэ і 500-годзе першай друкаванай кнігі на беларускай мове. Таму мы вельмі спадзяемся, – расказала прэс-службе ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” кіраўнік Згуртавання беларусаў свету Алена Макоўская.
Нагадаем, што зараз Дзень друку ў Беларусі штогод адзначаецца, як і ў часы СССР, 5 мая.
Фота Сяргея Гудзіліна, «Наша Ніва»